Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ просіць дапамогі на аплату арэнды сваёй сядзібы, запазычанасьць вырасла да 20 тысяч рублёў


Старшыня ТБМ Алена Анісім
Старшыня ТБМ Алена Анісім

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) можа страціць сваю сядзібу ў цэнтры Менску, якую займае ад 1989 году. Прычына — вялікая запазычанасьць перад арэндадаўцам. Аплаціць доўг самастойна арганізацыя ня можа.

Як патлумачыла Свабодзе старшыня таварыства, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, пандэмія каранавірусу фактычна згарнула большую частку асьветніцкіх праектаў арганізацыі. Аднак палёгкі ад дзяржавы за аплату арэнды, нягледзячы на абяцаньні ўраду, так і не дачакаліся.

У выніку за мінулы год асноўны доўг перад арэндадаўцам (УП «Менскія гарадзкія інтэрнаты») дасягнуў 15 тысяч рублёў. Яшчэ 5 тысяч прырасло за кошт пені.

Спробы ТБМ знайсьці дадатковае фінансаваньне аказаліся бясплённымі — палітыка дзяржавы да роднай мовы палохае патэнцыйных спонсараў, кажа старшыня таварыства.

Паводле Алены Анісім, 14 траўня сядзібу спрабавалі адключыць ад электрычнасьці, аднак пасьля размоваў зь непасрэднымі выканаўцамі ўдалося атрымаць адтэрміноўку. Ці надоўга, старшыня ня ведае.

«Відаць, дайшла чарга і да ТБМ. Не пасьпела я напісаць зварот да паплечнікаў з просьбай аб дапамозе ў газэту „Наша слова“, як прыйшлі прадстаўнікі камунальных службаў з намерам адключыць нашу сядзібу ад электрычнасьці. Довады аб тым, што мы грамадзкая арганізацыя, не былі пачутыя. Такім чынам, навісла рэальная пагроза застацца без цэнтральнай сядзібы. Улічваючы адносіны да беларускамоўных людзей, мала спадзеваў, што ўдасца знайсьці новае прыдатнае памяшканьне. Тым ня менш не губляем надзеі і просім усіх неабыякавых людзей дапамагчы любой пасільнай сумай, каб выплаціць доўг перад арэндадаўцам».

Паводле Алены Анісім, неўзабаве запрацуе новы сайт таварыства, празь які можна будзе адразу залічваць грошы на рахунак. А пакуль гэта можна зрабіць праз пошту, банк ці сыстэму АРІП.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG