У пачатку траўня адбылася сустрэча кіраўніцтва Yara празь відэасувязь зь сябрамі страйкаму «Беларуськалію». У ёй узялі ўдзел генэральны дырэктар кампаніі Свэн-Турэ Халзэтэр і карпаратыўны прадстаўнік Гейр Сундбё, паведамляе «Народная воля».
«Мы паінфармавалі нарвэжцаў пра падзеі, якія адбываліся з удзельнікамі страйку пасьля 1 сакавіка (у гэты дзень апошні раз была відэасувязь), а гендырэктар Yara паведаміў нам навіну: іхнага прадстаўніка вырашана дэлегаваць у Салігорск. На „Беларуськаліі“ ён будзе знаходзіцца і маніторыць сытуацыю каля паўгода», — сказаў лідэр страйкаму Анатоль Бокун.
Раней прадстаўнікі нарвэскай кампаніі правялі на салігорскім прадпрыемстве аўдыт сыстэмы аховы працы і Бокун папрасіў паказаць рабочым-страйкоўцам вынікі той праверкі. Аднак нарвэжцы не паказалі.
Калі за паўгода, цягам якіх прадстаўнік Yara будзе назіраць за сытуацыяй, ня будзе зьменаў, на думку Бокуна, існуе два варыянты далейшых падзей: альбо нарвэжцы скасуюць кантракт, альбо кіраўніцтва «Беларуськалію» прызнае, што няма пэрспэктыў для далейшага дыялёгу, супрацоўніцтва і пошуку кампрамісных рашэньняў.
«Мы казалі, што для ўсебаковага і аб’ектыўнага разгляду пастаўленых пытаньняў трэба ўключыць у перамоўны працэс удзельнікаў страйку, але пакуль у прадстаўнікоў нарвэскай кампаніі наша ініцыятыва, так бы мовіць, не знаходзіць разуменьня. Халзэтэр падчас апошняй сустрэчы заявіў, што фармат дыялёгу не прадугледжвае ўдзелу ў ім нашых прадстаўнікоў. Хаця гэта, безумоўна, няправільна», — лічыць Анатоль Бокун.
Генэральны дырэктар Yara кожны раз на сэансах відэасувязі нагадвае, што скасаваньне кантракту — гэта «сыход назаўсёды». Таму нарвэжцы, на думку кіраўніка страйкаму, імкнуцца ўсё-ткі знайсьці кампраміс.
Акрамя перасьледу страйкамаўцаў, якія засталіся ў Беларусі, пад ударам апынуўся і былы электрасьлесар зь «Беларуськалію» Андрэй Прылуцкі. Ён знаходзіцца ў расейскім сьледчым ізалятары «Кресты», што месьціцца ў Санкт-Пецярбургу. У чэрвені будзе паўгода, як Прылуцкі за кратамі, яго могуць выдаць рэжыму Лукашэнкі на суд, хаця расейскі «Мемориал» прызнаў, што на радзіме яго перасьледуюць з палітычных прычын. У сьнежні Прылуцкі далучыўся да страйку з патрабаваньнямі аб новых выбарах, тады яму пачалі пагражаць сілавікі. Баючыся арышту, ён зьехаў з краіны, але не пасьпеў выляцець з аэрапорту ў Расеі ва Ўкраіну.
Нарвэская кампанія Yara — адзін з найбуйнейшых сусьветных пастаўшчыкоў мінэральных угнаеньняў і адзін з ключавых кліентаў Беларускай калійнай кампаніі. Апошнім часам Yara імкнулася дасягнуць пазытыўных зьменаў праз дыялёг з кіраўніцтвам Беларускай калійнай кампаніі і «Беларуськалію». Але пра яго вынікі нічога не вядома.
Раней страйкам «Беларуськалія», які ўтварыўся яшчэ ў жніўні 2020 году, зьвярнуўся да нарвэскай кампаніі з просьбай не падпісваць кантракту да выкананьня кіраўніцтвам прадпрыемства выстаўленых страйкамаўцамі патрабаваньняў. Беларуская дыяспара ўжо шмат месяцаў пікетуе офісы Yara з той жа просьбай. Кіраўніцтва Yara пакуль не разрывае кантракту.