Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і затрыманьні 12 траўня: 20 сутак за маску, 25 — за аўтапрабег, пад суд за ўдзел у «дэструктыўных відэаканфэрэнцыях»


Дыстанцыйнае судовае паседжаньне, ілюстрацыйнае фота
Дыстанцыйнае судовае паседжаньне, ілюстрацыйнае фота

Гамельчука зьбіраюцца судзіць за ўдзел у відэаканфэрэнцыі, менчука пакінулі закратамі амаль на месц, а віцяблянку пакаралі за «няправільную» мэдычную маску.

Цяжарную дзяўчыну затрымалі за «сьняжынкі» і аштрафавалі на 2900 рублёў

24-гадовая мянчанка Кацярына на шостым месяцы цяжарнасьці, ёй трэба прымаць дарагія таблеткі ў вызначаны час, адзначае «Вясна».

А 6-й раніцы 30 красавіка да яе дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі. Падставай сталі сьняжынкі на акне, якія віселі з Новага году. «Пратэстную сымболіку» выявілі супрацоўнікі АМАП яшчэ 20 красавіка.
Да прыезду ў Фрунзэнскі РУУС Менска дзяўчыну некалькі гадзін вазілі ў бусе і ў выніку склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае мерапрыемства».

Згодна з абвінавачваньнем, 20 красавіка «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадзка-палітычных інтарэсаў правяла пікетаваньне шляхам разьмяшчэньня навагодніх упрыгожваньняў БЧБ-расфарбоўкі».

Судзьдзя Фрунзэнскага раёну Юлія Чыж пацікавілася, ці атрымлівала дзяўчына дазвол на пікетаваньне. Кацярына зьдзівілася, навошта яго атрымліваць на навагодняе ўпрыгожваньне.

Аргумэнты не паўзьдзейнічалі, цяжарную жанчыну пакаралі штрафам у памеры 2900 рублёў.

На Менскім моры АМАП затрымаў 7 чалавек за нацыянальныя сьцягі

Затрыманьне адбылося пасьля таго як 11 траўня каля 9 гадзін вечару ў міліцыю Ждановічаў зьвярнуўся мясцовы жыхар, паведамляе прэс-служба МУС. Ён распавёў, што на пятым пляжы Заслаўскага вадасховішча сабралася каля дзясятка чалавек зь беларускай нацыянальнай бел-чырвона-белай сымболікай.

Супрацоўнікі АМАПу прыбылі на месца і затрымалі семярых грамадзян ва ўзросьце ад 19 да 23 гадоў. Затрыманых даставілі ў Менскі РУУС і зьмясьцілі ў ІЧУ, сёньня прайшлі першыя суды: дваіх чалавек пакаралі арыштамі на 15 сутак, яшчэ адну дзяўчыну — арыштам на 5 сутак.

У дачыненьні маладзёнаў склалі пратаколы па артыкуле 24.23 КаАП «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Ля берасьцейскага ізалятара затрымалі пэнсіянэрку Алену Гнаўк

Сёньня ўвечары ля ізалятара часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця людзі сустракалі тых, каго затрымалі 9 траўня: Абрамука Дзьмітрыя, Кучко Мікалая, Чэрвінскую Марыну. Пакуль чакалі трэцюю затрыманую, завязаўся канфлікт паміж Аленай Гнаўк і работнікамі ІЧУ. У выніку пэнсіянэрку сілай зацягнулі на тэрыторыю аддзяленьня. Таксама затрыманы мінімум адзін мужчына, Артур. Падрабязнасьці высьвятляюцца, паведамляе«Вясна».

20 сутак за партрэт бацькі-вэтэрана на Дзень Перамогі

9 траўня ў Менску затрымалі Галіну Лагацкую. Жанчына прыйшла на плошчу Перамогі з партрэтам бацькі-вэтэрана, а ў выніку апынулася на Акрэсьціна. Яе асудзілі на 20 сутак — нібыта мацюкалася ў грамадзкім месцы і супраціўлялася пры затрыманьні.

Пасяджэньне прайшло ў судзе Партызанскага раёну таемна з удзелам дзяжурных супрацоўнікаў — не паведамілі ні сваякам, ні адвакату, расказала яе сястра Ларыса.

«Галіна змагла мне затэлефанваць з РУУС 9 траўня. Пасьпела паведаміць, што абвінавачваюць яе ў тым, што нібыта чаплялася да людзей, таму хуліганства. Але сястра не прызнала віну. Больш падрабязнасьцяў ня ведаем, будзем дазнавацца праз адваката. Я і сама ехала на плошчу Перамогі, але вось не паспела. Хто ж думаў, што на сьвята будуць затрымліваць?»

Для Галіны гэта ўжо ня першае абмежаваньне волі. У лютым яе затрымалі на 15 сутак пасьля суду над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай — запрасілі на прафіляктычную гутарку ў РУУС і ня выпусьцілі, склаўшы пратакол паводле артыкулу 23.4 КаАП.

Летась у верасні яна адсядзела 7 сутак, трапіўшы за краты нібыта за ўдзел у пікеце каля Чырвонага касьцёлу. Яшчэ на 15 сутак яе арыштоўвалі за ўдзел у першым маршы пэнсіянэраў. Быў таксама і вялікі штраф — 1215 рублёў за пікет на менскай Камароўцы ў чэрвені 2020-га.

Маладэчанцы атрымалі па 25 сутак за «аўтапрабег» з нацыянальным сьцягам

9 траўня ў Маладэчне затрымалі Паўла Кучко і Аляксандра Ляха за тое, што езьдзілі ў машыне па Вялікім Гасьцінцы зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Відавочца расказаў «Рэгіянальнай газеце», што бачыў аўтамабіль, на якім ехалі мужчыны. Праўда, на той момант яны ўжо не трымалі сьцяг, а за імі імчаў міліцэйскі мікрааўтобус.

«Яны ехалі па вуліцы Будаўнікоў у бок Скарыны. Адразу за імі ехала „газэлька“. У ёй былі людзі ў чорным. Ня памятаю, ці ў балаклавах, але твары былі закрытыя. І яны трымалі чырвона-зялёны сьцяг», — расказаў відавочца.

Нягледзячы на працяглыя выходныя ў краіне, мужчын асудзілі 10 траўня ў судзе Маладэчанскага раёну на 25 сутак адміністрацыйнага арышту кожнага.

Гамельчука затрымалі да суду за ўдзел у «дэструктыўных відэаканфэрэнцыях»

Гомельская міліцыя паведаміла пра затрыманьне 32-гадовага мясцовага жыхара, які ўдзельнічаў у закрытых «дэструктыўных відэаканфэрэнцыях» з удзелам «зьбеглых», дзе нібыта абмяркоўваў арганізацыю і каардынацыю пратэставых акцыяў у Гомлі.

Мужчына на «пакаяльным відэа» пацьвердзіў, што глядзеў зум-канфэрэнцыі палітыкаў Валера Цапкалы і Вольгі Карач, удакладніўшы, што ў палітычнай сытуацыі трымаецца нэўтральнай пазыцыі.

На затрыманага склалі пратаколы паводле арт. 19.1 (дробнае хуліганства) і 24.3 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы), а таксама вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці занятку экстрэмізмам.

Да суда гамельчука адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Менскаму пэнсіянэру да 15 сутак дадалі яшчэ 12 за «нацысцкую сымболіку»

Пэнсіянэра, на якога нібыта паскардзіліся суседзі за тое, што «ён дастаў усіх сваёй беларускай мовай», асудзілі яшчэ на 12 сутак, піша «Вясна».

Да 65-гадовага Адама Шпакоўскага 21 красавіка ўварваліся міліцыянты і цягам шасьці гадзінаў праводзілі ператрус. Па інфармацыі МУС, у яго кватэры знайшлі 65 тысяч эўра і 87 тысяч даляраў. Пэнсія мужчыны не перавышае 280 рублёў, таму ў межах крымінальнай справы правяраецца яго дачыненьне да «фінансаваньня пратэстаў».

23 красавіка Адама Шпакоўскага пакаралі 15-дзённым арыштам. 12 траўня мужчына так і ня выйшаў на волю: на яго склалі дадатковы пратакол паводле арт. 19.10 КаАП (прапаганда ці публічная дэманстрацыя, выраб, распаўсюд нацысцкай сымболікі ці атрыбутыкі). У выніку асудзілі яшчэ на 12 сутак.

Віцебскую студэнтку пакаралі 20 днямі арышту за маску, якая стала «адзіночным пікетам»

Віцяблянцы Ангеліне Туравец прысудзілі 20 дзён адміністрацыйнага арышту за маску на парадзе ў гонар Дня Перамогі.

Дзяўчыну затрымалі раніцай 9 траўня, бо на масцы былі чырвона-белыя элемэнты. Да суду яна правяла 72 гадзіны ў ізалятары.

12 траўня судзьдзя Чыгуначнага раёну Віцебску Алена Цыганкова палічыла, што Ангеліна Туравец зладзіла «адзіночны пікет».

З пастановай абвінавачаная не пагадзілася і зьбіраецца яе абскарджваць.

Сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» Анатоль Бокун на закрытым працэсе ў Салігорскім РАУС атрымаў 30 сутак

Яшчэ адна правіна, за якую яго будуць судзіць, — «непадпарадкаваньне». Анатоль Бокун – адзін з тых, хто ад імя страйкаму «Беларуськалію» вядзе перамовы з кіраўніцтвам кампаніі Yara, каб нарвэскі партнэр разарваў кантракт зь «Беларуськаліем» праз рэпрэсіі супраць страйкоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG