Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся закрыты суд над інвалідам 2-й групы Гундарам, фігурантам «справы Аўтуховіча»


Уладзімер Гундар, архіўнае фота
Уладзімер Гундар, архіўнае фота

12 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця распачаўся крымінальны працэс над баранавіцкім актывістам, фігурантам так званай «справы Аўтуховіча» 60-гадовым Уладзімерам Гундарам.

Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка падсуднага Алена Гундар. Судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме. На працэс не змаглі трапіць нават родныя актывіста. У будынак суду на праспэкце Машэрава 8, яе не пусьцілі нават да дзьвярэй залі, таму яна стаіць на вуліцы, бачыла, як на працэс прыехалі сьведкі.

Лекі прымаць не хацелі, дапамагла адвакатка

Па словах жонкі Ўладзімера Алены, паседжаньне працягвалася ад 10.30 і да 14.00. Большую частку часу жанчына правяла на вуліцы каля будынку суду.

«Сілавікі не дазволілі прайсьці да залі паседжаньня са словамі: «Закрытае паседжаньне — значыцца закрытае. І няма чаго вам стаяць пад дзьвярыма! Чакайце ў фае, калі хочаце, — распавядае Алена.— Прыяжджалі сьведкі, якія былі ў нас на вобшуку (30 сьнежня ператрус у хаце Гундара правозілі супрацоўнікі КДБ з Менска. — РС). Падышлі да мяне, загаварылі, спыталі, як мы жывем?»

Пасьля суду Алена сустрэлася з адвакаткай.

«Яна нічога расказаць на гэты момант ня можа, працэс жа закрыты, — кажа Алена. — Выглядае Валодзя, здаецца, нармальна, але лекаў ужо з учорашняга дня ў яго не было, нягледзячы на тое, што ён напісаў заяву. Калі я раніцай павезла перадачу ў СІЗА, у мяне іх таксама не хацелі прымаць».

Паводле слоў Алены, зь перадачай лекаў ёй дапамагла адвакатка. Разам зь ёй жанчына патэлефанавала ў мэдчастку і дабілася, каб доктар выдала распараджэньне на пункт перадач. У выніку лекі ад Алены ўсё ж такі прынялі.

«Справа па гэтым артыкуле зразумелая. Калі б яна была адна, то мы б перажылі, — кажа Алена. — А так, што будзе далей невядома...»

Заўтра па справе Ўладзімера Гундара адбудзецца другое паседжаньне.

Уладзімера Гундара судзяць праз абвінавачаньне ў «гвалце або пагрозе гвалту да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі».

Паводле сьледзтва, 30 сьнежня (у гэты дзень былому «аўганцу», інваліду 2-й групы Уладзімеру Гундару прад’явілі абвінавачаньне паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу «Акт тэрарызму». — РС) падчас ператрусу ў хаце Гундар нібыта пагражаў сьледчым і разьбіў свой мабільны тэлефон.

Па словах жонкі актывіста Алены, гэты эпізод вылучылі ў асобную справу. Пасьля чаго Гундару выставілі абвінавачаньне паводле арт. 366 КК (Гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак). Паводле гэтага артыкулу Ўладзімеру Гунадару пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Па словах Алены, віны яе муж не прызнае.

60-гадовы баранавіцкі актывіст і краязнаўца Ўладзімер Гундар, як і іншыя фігуранты справы аб падрыхтоўцы тэракту Мікалаем Аўтуховічам і Вольгай Маёравай, некалькі месяцаў правеў у СІЗА КДБ. Аднак на пачатку красавіка яго перавялі ў Берасьцейскае СІЗА № 7. Адтуль праз свае нешматлікія лісты ён паведаміў жонцы, што менавіта ў Берасьці над ім адбудзецца суд паводле арт. 366 КК.

Уладзімер Гундар некалькі гадоў таму перанёс складаную апэрацыю. Яму ампутавалі нагу, ён мае гіпэртанію і судзіннае захворваньне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але падчас затрыманьня праваахоўнікі прымусілі яго зьняць. У турме Ўладзімер Гундар вымушаны перасоўвацца на мыліцах.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.

На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле КДБ, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Гэта сьвятар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG