Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магчыма, і мой дзед на гэтых нарах ляжаў». Што пішуць з «амэрыканкі» фігуранты «справы Аўтуховіча»


Скрыншот з дакумэнтальнага фільму тэлеканалу "Белсат" "Амэрыканка. Усё ўключана".
Скрыншот з дакумэнтальнага фільму тэлеканалу "Белсат" "Амэрыканка. Усё ўключана".

Летась у сьнежні стала вядома, што ў Берасьцейскай вобласьці затрымалі прадпрымальніка, былога палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту.

Паводле КДБ, фігурантамі справы аб тэрарызьме праходзілі таксама сьвятар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. У канцы сьнежня сьпіс фігурантаў справы Аўтуховіча папоўнілі выдавец і краязнаўца з Баранавіч Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава. Яны зналі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў. Гундара ды Маёраву, як і Аўтуховіча, зьмясьцілі ў СІЗА КДБ («амэрыканка»).

«Пратэз ня носіць, карыстаецца мыліцамі. Не ўяўляю, як узьбіраецца па лесьвіцы»

Фігурант справы аб тэрарызьме Ўладзімер Гундар з Баранавічаў некалькі гадоў таму перанёс складаную апэрацыю, страціў частку нагі, насіў пратэз, які падчас затрыманьня праваахоўнікі прымусілі зьняць.

У выніку ў «амэрыканцы» Ўладзімер Гундар мусіць перасоўвацца на мыліцах, расказала жонка вязьня Алена.

Уладзімер Гундар, 2016
Уладзімер Гундар, 2016

«Гэтак нацёр куксу, што была сапраўдная рана, а добрага догляду там няма. Таму часова ходзіць на мыліцах. Ведаю, што не адмаўляецца выходзіць на прагулкі, але не ўяўляю, як спраўляецца, бо, кажуць, там крутыя жалезныя лесьвіцы. Але ён ніколі ня скардзіцца, трывае. Ведаю, ён сапраўдны баец, здужае», — перакананая жонка Ўладзімера Гундара Алена.

Вось цытата зь ліста ад Уладзімера Гундара, які ён даслаў ёй з «амэрыканкі»:

«Будынак, у якім я знаходжуся, пабудаваны ў 1929 годзе. Ад той пары яго шасьцерні мелюць безь перапынку. Колькі і якіх людзей шматпакутнай Бацькаўшчыны прайшло праз гэтыя шасьцерні! Цішка Гартны, Францішак Аляхновіч, магчыма, і мой дзед (родны брат маёй бабулі) Ёзік Гундар на гэтых нарах ляжаў. Амаль усіх іх перамалолі. Аляхновіча, праўда, абмянялі на Браніслава Тарашкевіча, якога тут зламалі. А вось гэтая махіна ня здолела зламаць і перамалоць адну простую жанчыну, якая вартая ўсіх разам узятых мужчын, — Ларысу Геніюш. Вось асоба, зь якой трэба браць прыклад, як любіць свой край, сваю зямлю, сваю Бацькаўшчыну. Вось на якім прыкладзе трэба прышчапляць дзеткам патрыятызм, а не на прыкладзе Дзяржынскага ды іншых яму падобных. Таму, думаю, калі гэтая махіна ня справілася з жанчынай, то нядоўга чакаць сонца ў наша ваконца».

Уладзімер Гундар (справа) зьбірае подпісы за бел-чырвона-белы сьцяг, 2016
Уладзімер Гундар (справа) зьбірае подпісы за бел-чырвона-белы сьцяг, 2016

Паводле Алены, у апошні тыдзень лютага і на пачатку сакавіка ніякіх сьледчых дзеяньняў з удзелам яе мужа не было. «Трымаюць, але нічога не тлумачаць, калі гэта скончыцца», — сказала Алена Гундар пра справу аб тэрарызьме, у якой фігуруе яе муж.

«Меру стрыманьня працягнулі да 2 красавіка»

Былой актывістцы АГП Вользе Маёравай меру стрыманьня ў выглядзе зьмяшчэньня пад варту працягнулі яшчэ на месяц, да 2 красавіка. Пра гэта сын затрыманай Сяргей Зіямаў даведаўся на пачатку сакавіка ад адваката. Сяргей Зіямаў кажа, што апошнім часам ніякіх сьледчых дзеяньняў з удзелам ягонай маці не вялося.

«Ад адваката ведаю, што ўжо больш за два тыдні — цішыня, нічога не адбываецца з маці ў гэтай справе. Піша, што трэба ёй перацярпець гэты складаны час, што яна ні ў чым не вінаватая, але гатовая да ўсяго. А мне раіць падумаць і зьехаць туды, дзе змагу знайсьці працу», — кажа сын Вольгі Маёравай Сяргей.

Вольга Маёрава. Фота Арцёма Цеплякова
Вольга Маёрава. Фота Арцёма Цеплякова

Яны разам жывуць у Крупскім раёне, у вёсцы Нача. Сяргей Зіямаў паводле адукацыі аграном, але, як сьцьвярджае, ужо доўгі час ня можа знайсьці працу па спэцыяльнасьці ня толькі ў Крупскім, але і ў суседніх раёнах. Малады чалавек прызнаецца, што ўсур’ёз падумвае пра эміграцыю, але цяпер яго стрымлівае нявызначанасьць лёсу маці, якую абвінавацілі ў тэрарызьме.

«Адвакат дамагалася зьмены меры стрыманьня на падпіску, але адмовілі, маўляў, на ёй цяжкі артыкул, а раптам уцячэ. Цяпер дамагаемся хаця б перакваліфікацыі. Ну якая з маці тэрарыстка — гэта сьмешна», — кажа Сяргей Зіямаў пра сваю маці Вольгу Маёраву.

Вядома, што ў апошнія гады жанчына адышла ад палітычнай актыўнасьці і пераключылася на абарону бяздомных жывёл і дапамогу ім.

Валянтэрка Вольга Маёрава была пакараная за збор подпісаў на вуліцы ў абарону бадзяжных жывёлаў, які прызналі масавай акцыяй. Менск. 28 верасьня 2018 году
Валянтэрка Вольга Маёрава была пакараная за збор подпісаў на вуліцы ў абарону бадзяжных жывёлаў, які прызналі масавай акцыяй. Менск. 28 верасьня 2018 году

«Магу ўжо на шпацыры цэлую гадзіну рухацца»

Сам Мікалай Аўтуховіч, былы прадпрымальнік з Ваўкавыску, у «амэрыканцы» пакутаваў ад прастуднага захворваньня ў канцы сьнежня — пачатку студзеня. Пра гэта паведамляў праваабаронца Васіль Завадзкі, які рэгулярна лістуецца зь Мікалаем Аўтуховічам.

Васіль Завадзкі, былы лекар, не выключае, што ў сябра быў каранавірус. «Паводле сымптомаў, у яго магла быць „карона“, але хто там дакладна скажа? Ніхто. Мікалай наракаў на кашаль, страту вагі, стому. Піша, што цяпер пачуваецца лепей, але адзначае, што кашаль застаўся», — расказаў Васіль Завадзкі і працытаваў ліст сябра.

«Магу ўжо на шпацыры цэлую гадзіну рухацца. Толькі кашаль надакучыў, баюся, каб ня стаў хранічным», — паведаміў у апошнім лісьце да Завадзкага Мікалай Аўтуховіч.

Мікалай Аўтуховіч, 2016
Мікалай Аўтуховіч, 2016

Зьвестак пра ўмовы ў СІЗА КДБ Мікалай Аўтуховіч фактычна не перадае, бо гэта забаронена, мяркуе праваабаронца. Але па множным ліку дзеясловаў, прыкладам, «зьелі прысмакі», «атрымалі сала» — Васіль Завадзкі зрабіў выснову, што Мікалай Аўтуховіч у камэры не адзін. Яшчэ ён ведае, што Мікалай шмат чытае, піша лісты. Пры гэтым вязень наракае, што атрымлівае менш лістоў, чым падчас былых адседак. З гэтай прычыны праваабаронца Васіль Завадзкі нагадвае людзям, якім не абыякавы лёс Мікалая Аўтуховіча, што таго можна падтрымаць, адправіўшы яму ліст на Галоўны паштамт, абанэнцкая скрыня № 8.

За тры былыя адседкі Мікалай Аўтуховіч прайшоў праз шмат турмаў. Ён сядзеў у «Валадарцы», у горадзенскай турме, прайшоў празь некалькі калёній. У адным зь лістоў Мікалай Аўтуховіч гэтак выказаўся пра ўстанову, дзе яго цяпер трымаюць:

«У кожным СІЗА сваё, але тут усё ж больш розных перашкодаў. Гэта адчуваецца, а калі ты маеш хранічныя хваробы, то адчуваецца яшчэ больш. Але мы людзі вайсковыя, звыклыя да ўсяго, таму прарвемся, некалі і гэта ўсё скончыцца», — напісаў Мікалай Аўтуховіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG