Са сьнежня мінулага году супраць прадпрымальніка і былога палітвязьня Мікалая Аўтуховіча заведзеная і расьсьледуецца справа аб падрыхтоўцы шэрагу тэрактаў. На пачатку 2021 году ў лік фігурантаў гэтай справы трапілі былая актывістка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Вольга Маёрава ды выдавец, краязнаўца з Баранавіч Уладзімер Гундар. Яшчэ ў сакавіку Маёраву і Гундара, як і Аўтуховіча, трымалі ў СІЗА КДБ у Менску, але цяпер месца іх утрыманьня зьмянілі. Вольгу Маёраву перавялі ў вязьніцу Горадні, а Ўладзімер Гундар апынуўся ў СІЗА Берасьця.
Уладзімер Гундар: «Гэты суд будзе закрыты, а потым вернуць у Менск»
Фігурант справы аб падрыхтоўцы тэракту Ўладзімер Гундар ад пачатку красавіка знаходзіцца ў СІЗА Берасьця. Пра гэта паведаміла жонка актывіста Алена Гундар, якая спаслалася на лісты ад мужа, атрыманыя ўжо адтуль. Жанчына адзначыла, што лісты мужа ідуць зь Берасьця ў Баранавічы, дзе яна пражывае, амаль на тыдзень даўжэй, чым ішлі зь Менску, з «амэрыканкі». Як мяркуе Алена Гундар, перавод яе мужа ў вязьніцу ў Берасьці зьвязаны яшчэ з адным абвінавачаньнем, якое яму выставілі падчас расьсьледаваньня справы «аб тэрарызьме».
«Паводле справы Аўтуховіча, у Валодзі 289-ы артыкул — аб тэрарызьме, але яму выставілі яшчэ і 366 артыкул — аб пагрозе жыцьцю праваахоўнікаў. Гэта зусім іншы эпізод. Пра яго я мала што ведаю. Паводле сьледзтва, Уладзімер падчас вобшуку ў хаце нібыта пагражаў сьледчым і разьбіў свой мабільны тэлефон. За гэта яму пагражае яшчэ 5 гадоў, але віну ён не прызнае. Гэты эпізод вылучылі ў асобную справу і перавялі мужа ў Берасьце, дзе павінен прайсьці суд. Але калі ён будзе, пакуль ня кажуць. Уладзімер мяркуе, што працэс над ім у Берасьці зробяць закрытым, а потым вернуць яго ў Менск, каб чакаў суду па справе Аўтуховіча аб тэрарызьме», — расказала жонка Ўладзімера Гундара Алена.
Зь яе словаў, перад Берасьцем Уладзімер яшчэ некалькі дзён пасядзеў у Менску на «Валадарцы», куды яго перавялі зь СІЗА КДБ.
Як і іншыя вязьні — фігуранты спраў па артыкуле аб тэрарызьме, Уладзімер Гундар цяпер абмежаваны ў атрыманьні грашовых сродкаў на асабісты рахунак, паведаміла Алена Гундар. Яе мужу давялося падпісваць адмысловую заяву, каб толькі даведацца, колькі грошай у яго засталося на рахунку з тых 80 рублёў, што жонка перавяла яму ў студзені.
Сядзіць Уладзімер у камэры на 4 чалавекі, на ўмовы ня скардзіцца. Адзначае, што кормяць у Берасьцейскім СІЗА нармальна, таму яму не патрэбныя харчовыя перадачы. Затое ёсьць праблемы з кнігамі, газэтамі і ліставаньнем.
«Ён любіць чытаць па-беларуску, але беларускіх кніг, што я перадавала, яму не аддалі. Нават вымаюць з канвэртаў беларускія вершы, якія ўкладала. Прыкладам, не дайшоў верш Ларысы Геніюш. Лісты ад сяброў большасьцю таксама не даходзяць. А наконт падпіскі на выданьні такая сытуацыя. У СІЗА абвясьцілі, што ня будзе магчымасьці падпісаць яго на газэты з волі, а толькі каб сам падпісваўся ў вязьніцы. А што яны там прапануюць, вядома — „Саўбелку“ ды такога ж кшталту дзяржаўную прапаганду. То бок спрабуюць абмежаваць вонкавую інфармацыю цалкам. Але ён не здаецца. Напісаў, што шчыра верыць, што Бог зь ім і Ён не дапусьціць несправядлівасьці», — сказала Алена і дадала, што яе мужу, шчыраму верніку, у няволі так і не дазволілі карыстацца Бібліяй.
«Самыя важныя малітвы перапісала ад рукі і даслала ў лістах. Па іх моліцца»
Уладзімер Гундар — інвалід, у яго вышэй за калена ампутавана адна нага. Да арышту Ўладзімер карыстаўся пратэзам, але ў «амэрыканку» браць пратэз забаранілі.
«Напісаў, што карыстаецца мыліцамі безь перашкод. А галоўнае, што паступова зажыла кукса, якую нацёр, калі забаранілі пратэз, і цяпер можа нармальна перасоўвацца, выходзіць на прагулкі. У камэры іншыя вязьні яго падтрымліваюць, быццам празь яго нават ня кураць, чаму ён вельмі рады, бо не пераносіць тытунёвага дыму», — паведаміла жонка Ўладзімера Гундара Алена. Жанчына таксама перадала словы падзякі валянтэрцы зь Берасьця Вользе, якая апякуецца яе мужам.
«Нада мной высокі звод кляштара»
Актывістка руху ў абарону жывёл, былая сябар партыі АГП Вольга Маёрава, як і Ўладзімер Гундар, ад пачатку гэтага году знаходзілася ў СІЗА КДБ. Вольгу Маёраву затрымалі ў яе доме ў вёсцы Нача Крупскага раёну і абвінавацілі ў тым, што нібыта дапамагала Мікалаю Аўтуховічу ў падрыхтоўцы да тэракту. Але чым канкрэтна магла дапамагчы жанчына меркаваным тэрарыстам з групы Аўтуховіча — пакуль тайна. Як сьцьвярджае сын Маёравай Сяргей Зіямаў, яму пра гэта нічога не вядома.
Паводле Сяргея Зіямава, ягоную маці перавялі ў Горадню «з прычыны таго, што там знаходзіцца асноўная сьледчая група па справе Аўтуховіча і магчымы яе ўдзел у нейкіх сьледчых дзеяньнях на месцы». Ён спаслаўся на адваката, які рэгулярна наведвае Вольгу Маёраву.
У горадзенскую вязьніцу Вольгу Маёраву прывезьлі 25 сакавіка, а па дарозе туды 5 дзён яна прабыла на «Валадарцы» і некалькі дзён у СІЗА Баранавічаў. Гэтую інфармацыю Сяргей атрымаў зь лістоў маці.
«Пра здароўе маці напісала, што як аказалася ў горадзенскай вязьніцы, зноў адчула сымптомы ковіду, на які раней перахварэла, але цяпер ёй лепш. Дасылаю ёй у пасылках імберац ды іншыя лекавыя сродкі», — расказаў Сяргей Зіямаў.
А вось што напісала Вольга Маёрава ў лісьце да валянтэркі з Горадні:
«Зараз над маёй галавой высокі арачны звод былога кляштара, які месьціцца проста побач з Фарным касьцёлам. Праз вакно далятае ад касьцёла перазвон званоў. Гэта вельмі прыгожа і кантрастуе з тым, што навокал. Шмат розных людзей я ўжо пабачыла ў розных камэрах, абсалютная большасьць зь іх добрыя і адэкватныя людзі. Праўда, зараз мяне перавялі ў камэру, дзе ўсе жанчыны кураць», — піша Вольга Маёрава з горадзенскай вязьніцы.
Менавіта ў Горадзенскай турме, якая месьціцца ў колішнім кляштары, адбываў свой апошні тэрмін прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч.
Сябрам па-ранейшаму апякуецца Васіль Завадзкі, калега Мікалая Аўтуховіча па праваабарончай арганізацыі «Тайм-аўт», якую яны разам стваралі для дапамогі былым зьняволеным. Паводле Васіля Завадзкага, Мікалай Аўтуховіч трымаецца мужна, хоць ягоная сувязь з воляй цяпер моцна абмежаваная.
«Як і раней, насуперак усім нормам беларускіх і міжнародных законаў Міколу абмяжоўваюць у перапісцы. Ён амаль не атрымлівае лістоў. Больш-менш рэгулярнае ліставаньне адбываецца толькі з маці. Астатнія лісты ён атрымлівае альбо вельмі мала і несыстэматычна, альбо зусім іх ня бачыць, хоць нам вядома, што шмат хто яму піша. Тое самае тычыцца права на атрыманьне перадач, пасылак — толькі ад маці нешта даходзіць. Пры тым, што беларускі закон і тут не прадугледжвае абмежаваньняў для падсьледных. Праз гэта ня мае патрэбных па сэзоне абутку і вопраткі. Здароўе — больш-менш. Просіць некаторых лекаў, мы спрабуем іх перадаць, але гэта ня хутка атрымліваецца. Што да маральнага стану, ён ня зломлены. Перадае ўсім прывітаньні і ўдзячны за падтрымку, якую ён хоць і ня мае магчымасьці ўбачыць празь лісты і паштоўкі, але ён яе адчувае, гэта дакладна», — расказаў Васіль Завадзкі пра Мікалая Аўтуховіча. Паводле Васіля Завадзкага, у яго няма зьвестак пра тое, на якой стадыі цяпер расьсьледаваньне справы Мікалая Аўтуховіча.
Паводле КДБ, у групоўку Мікалая Аўтуховіча, апроч яго самога, уваходзілі 12 чалавек. Гэта сьвятар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў. Прозьвішчы астатніх сябраў «групы» не названыя.
Фігурантам справы аб падрыхтоўцы тэракту пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.