Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мы вучым дзяцей страляць у школе


Дзеці са зброяй на сьвяткаваньні ў анэксаваным Расеяй Крыме, архіўнае фота
Дзеці са зброяй на сьвяткаваньні ў анэксаваным Расеяй Крыме, архіўнае фота

Часам мне вельмі хочацца рабіць выгляд, што ўсе праблемы ў сьвеце можна ўмясьціць у табліцу зь дзьвюма калёнкамі — у адной будуць уласна праблемы, а ў іншай — рашэньні з гарантыяй посьпеху. Мы б тады хутка перамаглі голад, пазбавіліся ад дыктатур і плястыкавага забруджваньня плянэты і вызвалілі сьвет ад войнаў і тэрарызму. Але гэта так не працуе.

Сёньня ў Татарстане адбылася жудасная трагедыя — у Казані малады мужчына прыйшоў у школу, якую скончыў некалькі гадоў таму, і зладзіў там страляніну, у выніку якой загінулі дзеці. І мне вельмі хочацца знайсьці нейкае простае і відавочнае рашэньне, якое раз і назаўжды вырашыць праблему. Больш за тое, я ўпэўнена, што безьліч людзей у найбліжэйшыя дні будзе выдаваць самыя розныя ідэі пад выглядам такіх рашэньняў. Але ж панацэі там ня будзе, бо яе проста ня можа быць.

Наўрад ці можна даць нават прыблізны рэцэпт, як пазбавіцца школьнай страляніны, але можна так ці інакш зьмяншаць рызыкі, гадуючы дзяцей з ухілам у пацыфізм. Толькі вось у Беларусі робяць наадварот — дзяржаўная сыстэма выбудавана такім чынам, каб дзеці расьлі з уяўленьнем, быццам бы карыстацца зброяй — гэта вельмі добра, а ваенныя дзеяньні — гэта нешта, пра што трэба як можна больш размаўляць і памятаць у самых крывавых падрабязнасьцях.

Здавалася б, пасьля жахаў Другой сусьветнай вайны, зь якімі сутыкнулася Беларусь, тут як нідзе мусіць шанавацца лёзунг «ніколі зноў», але ў рэальнасьці куды больш папулярным усё яшчэ застаецца «можам паўтарыць».

І на сымбалічным узроўні людзі вайну і праўда паўтараюць — і дзеці, і дарослыя апранаюцца 9 траўня ў савецкую вайсковую форму (для фота ці цэлага шпацыру), а сёлета напярэдадні Дня перамогі ўвогуле зладзілі рэканструкцыю спальваньня вёскі ў Віцебскай вобласьці. На фоне гэтага так званая салдацкая каша, якой так любяць харчавацца на гарадзкіх сьвяткаваньнях, падаецца проста мілай забавай.

Беларусь жыве з культам вайны і культам зброі, і гэта дакладна не спрыяе таму, каб дзеці вучыліся вырашаць канфлікты мірным шляхам. Ці магу я гарантаваць, што пры пазбаўленьні ад культу вайны ніхто ніколі ня будзе расстрэльваць школьныя клясы? Не, не магу. Але гэты культ дакладна падвышае імавернасьць такіх злачынстваў.

І менавіта школа як галоўны цэнтар ідэалягічнай апрацоўкі дзяцей гадуе ў іх гэтую любоў да зброі і гвалту. Вось сьвежы прыклад: у адной з пачатковых школ у Берасьці нядаўна прайшла выстава цацачнай зброі. Паміж клясамі было спаборніцтва — хто прынясе больш цацачных пісталетаў і аўтаматаў. Плянавалася, што ў фінале дзеці мусілі гуляць у вайну на сьвежым паветры. І гэта ж дакладна прапісана ў нейкім пляне працы з дзецьмі, у такой выставы вызначаны нейкія мэты, а дарослыя людзі — пэдагогі — упэўнены і нават маюць абгрунтаваньне, чаму конкурс «у каго больш зброі» можа быць карысным для дзяцей.

Мне здаецца, карысьць ад гэтага можа быць толькі бацькам — ім даюць надзвычай яскравы сыгнал, што ад гэтай школы трэба трымаць сваіх дзяцей падалей. Але ж і бацькам, як паказала практыка, збольшага быццам бы ўсё адно. «Гэта ж проста гульня», — кажуць яны.

Затое гэтая ж сыстэма адукацыі і гэтыя ж бацькі вельмі пасьпяхова дэманізуюць кампутарныя гульні. Аказваецца, кіраваць віртуальнай зброяй на маніторы — гэта вельмі страшна, а браць у рукі плястыкавы аўтамат і наводзіць яго на жывога чалавека — «проста гульня», а пры правільнай падачы яшчэ і патрыятычнае выхаваньне.

А потым яны так зьдзіўляюцца, калі нейкі хлопец бярэ ўжо сапраўдную зброю і страляе ў іншых людзей. Крычаць і плачуць, што яго вучылі ня гэтаму.

Гэтаму, менавіта гэтаму.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG