«Прычым робяць гэта ва ўльтыматыўнай форме. Раней такога не было. Яшчэ патрабуюць прынесьці з сабой балёнікі ці сьцяжкі!», — абурылася адна з жыхарак Гомля.
Паводле яе словаў, у Viber клясная кіраўнічка напісала:
«У нядзелю 9 траўня ў нас мерапрыемства. Сустракаемся ў 9.30 каля старога ўнівэрмагу. Дзіця прыходзіць у суправаджэньні дарослага. Яўка абавязковая. Выключэньне — дзеці на даведцы і адпачынку ў санаторыі». Адна з маці напісала ў адказ: «9 траўня мы едзем за горад», на што настаўніца адрэагавала: «Я б таксама хацела за горад».
На астатнія пытаньні пэдагог адказала: «Гэта наш доўг. Перад самімі сабой».
«У прыватнай размове на мае пярэчаньні настаўніца сказала, што яна баіцца адмовіць кіраўніцтву, бо зь ёй тады не працягнуць кантракт. Мне яна сказала: «Вам што — цяжка са сьцяжком прайсьціся?», — зазначыла адна з маці.
Зь іншай школы Свабодзе перадалі копію перапіскі з клясным кіраўніком, сутнасьць якой у тым, што «заўтра наша кляса мусіць быць у жывым калідоры на мерапрыемстве да Дня перамогі. У кожнага мусіць быць бутаньерка (прадаецца ў шапіках). Прысутнасьць абавязковая! У руках трымаць чырвона-зялёныя балёнікі ці сьцяжкі».