Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​Бітум як сродак уплыву. Ці страціць украінскі рынак ад амэрыканскіх санкцый супраць наваполацкага «Нафтану»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цягам апошняга году Беларусь стала найбольшым пастаўшчыком бітуму ва Ўкраіну. Такому ўмацаваньню на ўкраінскім рынку садзейнічалі два фактары — увядзеньне ўрадам Расеі ў 2019 годзе эмбарга на гандаль нафтапрадуктамі з Украінай (Расея да 2011 году кантралявала больш як 60 адсоткаў украінскага бітумнага рынку) і павелічэньне попыту ў сувязі з рэалізацыяй найбольшай ва Ўкраіне за апошнія пяць гадоў дзяржаўнай праграмы «Вялікае будаўніцтва».

Свабода высьвятляла, ці адмовяцца ўкраінскія спажыўцы ад беларускага бітуму і ці паўплываюць амэрыканскія санкцыі супраць дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім» і наваполацкага заводу «Нафтан» на забясьпечанасьць украінскага рынку гэтай прадукцыяй.

Што такое бітум і хто ім гандлюе

Бітум атрымліваюць шляхам перапрацоўкі нафты і каменнага вугалю.

Найбуйнейшыя вытворцы бітуму ў Беларусі — Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, наваполацкі «Нафтан» і Нафтабітумны завод (Чэрвеньскі раён), які зьвязваюць зь бізнэсмэнам Мікалаем Вараб’ём.

Бітум найчасьцей выкарыстоўваюць у будаўніцтве аўтамабільных дарог, аэрадромных і асфальтабэтонных пакрыцьцяў, а таксама ў вытворчасьці дахоўкі ды гідраізаляцыйных матэрыялаў для жыльлёвага будаўніцтва. Ва Ўкраіне цяпер якраз гэтыя сфэры найбольш інтэнсіўна разьвіваюцца пры фінансавай падтрымцы зь дзяржаўнага бюджэту, а таксама за кошт крэдытаў замежных банкаў.

Як расла доля беларускага бітуму ва Ўкраіне

Паводле афіцыйнай украінскай статыстыкі, якая пакуль падсумавала толькі першыя два месяцы году, у студзені-лютым Украіна закупіла ў Беларусі 86,4 тысячы тон нафтавага бітуму на 29,4 мільёна даляраў, а таксама 505,6 тоны бітумінознай сумесі на 189,8 тысячы даляраў. Пакуль што аб’ёмы супастаўныя з вынікамі мінулага году, калі ва Ўкраіну цягам 12 месяцаў завезьлі 582,6 тысячы тон беларускага бітуму.

Мінулы год стаў рэкордным для беларускіх вытворцаў, бо расейскія кампаніі з прычыны эмбарга ня мелі магчымасьці пастаўляць ва Ўкраіну сваю прадукцыю. Напрыканцы 2020-га Расея перагледзела ўмовы гандлю з Украінай, і на падставе адмысловых дазволаў ураду расейскія кампаніі сёлета зноў пачалі прарывацца на ўкраінскі рынак, але іхныя цяперашнія аб’ёмы мінімальныя і пакуль не дазваляюць аднавіць ранейшы ўплыў.

Беларускі бітум заўсёды прысутнічаў на ўкраінскім рынку. Але на лідэрскія паказьнікі беларускім вытворцам удалося выйсьці толькі ў 2014 годзе, калі дачыненьні Расеі і Ўкраіны амаль перарваліся пасьля анэксіі Крыму і пачатку баявых дзеяньняў на ўсходзе краіны.

Прадукцыя «Нафтану» зьнікла з публічных прапаноў

Найбольшыя пастаўшчыкі беларускага бітуму на ўкраінскі рынак — БЗТ-Україна і БНК-Україна. Гэта даччыныя кампаніі беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў «Белзарубежторг», «Беларуская нафтавая кампанія» і «Беларуснафта».

Беларускім бітумам займаюцца і ўкраінскія кампаніі, найбольшыя зь якіх — ТАА «Кантарелл Україна» (Адэса), «Альянс Енерго Трейд» (Кіеў), «Бітекс» (Кіеў) і «Вікторія 2008» (Адэская вобласьць).

Апошнія сем дзён у камэрцыйных прапановах кампаніі БНК-Україна фігуруе толькі мазырскі бітум. З прадукцыі наваполацкага заводу кампанія прапануе толькі дызэльнае паліва.

БЗТ-Україна ўвогуле не публікуе штодзённыя прапановы, хоць на афіцыйным сайце адзначаецца, што кампанія займаецца рэалізацыяй і мазырскага, і наваполацкага бітуму.

Украінскія пастаўшчыкі адмовіліся камэнтаваць Свабодзе свае камэрцыйныя дачыненьні зь беларускімі прадпрыемствамі і імавернасьць працягу супрацы з наваполацкім «Нафтанам», які трапіў у сьпіс амэрыканскіх санкцый. Урад ЗША рэкамэндаваў сваім кампаніям і контрагентам да 3 чэрвеня спыніць усе дачыненьні з Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводам і яшчэ 8 прадпрыемствамі Беларусі. У выпадку, калі ўкраінскія кампаніі прадоўжаць свае апэрацыі з падсанкцыйнымі прадпрыемствамі, яны таксама могуць трапіць пад абмежаваньні.

У той жа час украінскія кампаніі працуюць ня толькі з Мазырскім і Наваполацкім НПЗ. Сярод іхных «бітумных» партнэраў — прадпрыемствы з Польшчы, Літвы, Грэцыі, Баўгарыі і Індыі. Некаторыя зь іх пачалі актыўна выкарыстоўваць для перавозкі бітуму марскія парты, што істотна таньней за чыгуначны транспарт, якім найчасьцей перавозіцца беларускі бітум.

Дэфіцыту бітуму на ўкраінскім рынку ня будзе

Паводле прагнозаў, сёлета ва Ўкраіне попыт на бітум будзе істотна вышэйшы. Але санкцыі супраць аднаго з трох найбольшых беларускіх вытворцаў бітуму ніяк не паўплываюць на забясьпечанасьць украінскага рынку. Санкцыі, кажуць экспэрты, варта разглядаць толькі з пункту гледжаньня наступстваў для саміх прадпрыемстваў Беларусі.

«Наваполацкі завод ня мае на ўкраінскім рынку вялікай часткі. Пастаўкі з „Нафтану“ — невялікія, бо ён далёка разьмешчаны, гэта поўнач Беларусі, і бітум адтуль трэба везьці праз усю краіну, а гэта адпаведна — тарыфы і цэны. Тым больш што трэйдэры вельмі часта наракаюць на нізкую дысцыпліну адгрузак на гэтым прадпрыемстве, там здараюцца затрымкі і гэтак далей. Бітум з Наваполацку быў, хутчэй, рэзэрвовым прадуктам, які пастаўлялі амаль у апошнюю чаргу, калі мог назірацца страшэнны дэфіцыт у пік сэзону для будаўніцтва дарог. Звычайна гэта жнівень, верасень і кастрычнік», — сказаў Свабодзе кіраўнік кансалтынгавай групы «А-95» Сяргей Куюн.

Паводле экспэрта, найбольш на ўкраінскім рынку запатрабаваны мазырскі бітум. «Мазырскі завод мае амаль 40 адсоткаў украінскага бітумнага рынку».

У той жа час Сяргей Куюн ня выключыў, што наваполацкі завод будзе спрабаваць абыйсьці амэрыканскія санкцыі. «Нешта прыдумаюць. Напрыклад, будзе нехта набываць у „Нафтану“, а потым нехта будзе набываць у пасярэдніка, або там будзе нейкі ланцужок пасярэднікаў, і такім чынам сытуацыя стане на новыя рэйкі і паедзе».

Экспэрт таксама мяркуе, што сваю долю, хоць і невялікую, захавае на ўкраінскім рынку і Нафтабітумны завод, які зьвязваюць зь Мікалаем Вараб’ём (Эўразьвяз увёў супраць беларускага бізнэсоўца санкцыі. — РС).

«Наколькі мне вядома, уласнасьць гэтага заводу перарэгістраваная на іншых асобаў, і такім чынам завод фармальна ўжо непадсанкцыйны. Трэба ўлічваць, што гэтае прадпрыемства выпускае нават ня бітумы, а такія мадыфікатары — вельмі якаснае дарожнае пакрыцьцё, якое мае вельмі якасныя кампанэнты. Але на фоне Мазыра гэта мінімальныя аб’ёмы», — дадаў Сяргей Куюн.

«Летась ва Ўкраіне выкарысталі рэкордныя аб’ёмы бітуму за ўсю гісторыю незалежнасьці краіны — гэта 1,1 мільёна тон. А сёлета можа быць 1,5 мільёна тон, таму вядома, што трэйдэры шукаюць гэтую прадукцыю паўсюль. У нас цяпер вязуць бітум морам — з Партугаліі, з Гішпаніі, Турэччыны, Грэцыі, Італіі. Попыт нараджае прапанову», — падкрэсьліў кіраўнік кансалтынгавай групы «А-95» Сяргей Куюн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG