Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш не нэўтральная». Ва Ўкраіне перагледзелі ўмовы бясьпекі на мяжы зь Беларусьсю


Беларуска-ўкраінская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Беларуска-ўкраінская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Украіна ўзмацніла ахову на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі са зьменай беларускімі ўладамі сваёй пазыцыі ў расейска-ўкраінскім канфлікце.

«Цяпер маем зусім іншую сытуацыю, чым тая, у якой апынулася Ўкраіна ў 2014 годзе. Тады, напрыклад, мы дакладна разумелі, што Беларусь зьяўляецца нэўтральнаю дзяржавай, а цяпер яна фактычна цалкам пад пратэктаратам Расейскай Фэдэрацыі», — заявіў старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Сяргей Дэйнэка ў інтэрвію агенцтву РБК-Україна.

Паводле яго, Расея пачала адводзіць свае войскі толькі з боку анэксаванага Крыму, а ў палявых лягерах у Варонескай вобласьці ўкраінская выведка пакуль ня бачыць ніякіх адпаведных рухаў. Разам з тым Сяргей Дэйнэка дадаў, што цягам вайсковай эскаляцыі ўздоўж мяжы з Украінай крытычнага назапашваньня расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі і Прыднястроўя не назіралі.

Кіраўнік памежнай службы Ўкраіны таксама дадаў, што ягоныя беларускія калегі ніводнага разу не змаглі дакумэнтальна пацьвердзіць заявы Аляксандра Лукашэнкі аб незаконным перамяшчэньні зброі праз украінскую мяжу ў Беларусь.

«На маёй памяці мінімум тры разы за апошнія два гады Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусь з тэрыторыі Ўкраіны трапляе незаконна зброя. Ніводнага разу гэтая інфармацыя не была хоць чымсьці пацьверджаная. Я афіцыйна зьвяртаўся да свайго візаві — галоўнага памежнага ўпаўнаважанага Рэспублікі Беларусь, і ніякіх тлумачэньняў або фактаў мне не далі. Ахова мяжы на беларускім участку ўзмоцненая, але на гэты момант я ня бачу там пагроз», — патлумачыў Сяргей Дэйнэка.

Украіна ўвяла ў памежных зь Беларусьсю раёнах дадатковыя абмежаваньні памежнага кантролю, якія будуць дзейнічаць да канца 2021 году.

Цягам другой паловы красавіка Служба бясьпекі Ўкраіны супольна з падразьдзяленьнямі Нацыянальнай паліцыі і вайсковай контравыведкі правяла шэраг антытэрарыстычных вучэньняў у абласьцях, якія мяжуюць зь Беларусьсю — Чарнігаўскай, Ровенскай, Валынскай і Жытомірскай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG