Вакол такіх аргумэнтаў круцяцца спрэчкі ў палітычных і экспэртных колах Украіны.
Між тым гандлёва-эканамічныя адносіны паміж дзьвюма краінамі застаюцца такімі ж, як і да заявы Ўкраіны пра далучэньне да санкцый ЭЗ супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, піша украінскі сайт Радыё Свабода.
У 2020 годзе Беларусь была 6-м паводле аб’ёму гандлю партнэрам Украіны. Агульны таваразварот зь Беларусьсю ў першым паўгодзьдзі склаў амаль 2 млрд. даляраў, паведамляе Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны.
У той жа час Украіна зарабіла за свае тавары і паслугі прыкладна на паўмільярда даляраў менш, чым выдаткавала на набыцьцё тавараў і паслуг у Беларусі.
Чым гандлююць Беларусь і Ўкраіна?
Як паведамляецца на сайце пасольства Беларусі ва Ўкраіне, летась з Украіны ў Беларусь пастаўлялася пераважна соя, другасная сыравіна ад вытворчасьці алею, трамваі і грузавыя вагоны, сталепракат, сырая нафта, кукуруза, мяса і лекі.
Беларусь жа экспартавала нафтапрадукты, угнаеньні, кокс і бітум, газы і вугляводы, грузавыя аўтамабілі, трактары і цягачы, пліты ДВП і вугаль, які ў Беларусі не здабываецца.
Пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі пасьля масавых пратэстаў пасьля абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 году выклікала міжнародную рэакцыю, у тым ліку з боку Ўкраіны.
Вярхоўная Рада Ўкраіны і санкцыі Эўразьвязу
15 верасьня ўкраінскі парлямэнт ухваліў пастанову «Аб заяве Вярхоўнай Рады Ўкраіны адносна сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь», дзе гаворыцца, што Ўкраіна падзяляе ацэнку Эўрапейскага зьвязу пра недэмакратычнасьць выбараў у Беларусі і падтрымлівае санкцыі ЭЗ.
«Мы далучаемся да ацэнак Эўрапейскага зьвязу што да недэмакратычнага характару прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і падтрымліваем увядзеньне санкцый у дачыненьні да асоб, адказных за фальсыфікацыю выбараў і гвалт супраць пратэстоўцаў», — гаворыцца ў заяве.
16 сьнежня Камітэт пастаянных прадстаўнікоў Эўразьязу ўхваліў трэці пакет санкцый супраць беларускіх уладаў.
З 1 студзеня 2021 г. пасьля дзевяцімесячнай забароны быў адноўлены імпарт электраэнэргіі зь Беларусі ва Ўкраіну. Разам з тым статыстыка, якая можа паказаць, наколькі рашэньне парлямэнту Ўкраіны паўплывала на вынікі гандлёва-эканамічных адносін паміж дзьвюма краінамі, дагэтуль не апублікаваная. Ва Ўкраіне не прымалі публічных рашэньняў, якія б працягвалі лёгіку гэтай палітычнай заявы ў эканамічнай сфэры.
Пасьля такога рашэньня Вярхоўнай Рады лёгіка працэсу абавязвае Ўкраіну ўвесьці супраць Беларусі ўласныя эканамічныя санкцыі. Пра гэтым магчымыя эканамічныя страты трэба было пралічыць да прыняцьця палітычнай рэзалюцыі, заявіў у камэнтары Радыё Свабода былы міністар эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Паўло Шарамета.
«Калі ты кажаш, што не прызнаеш выбары ў той ці іншай краіне, гэта азначае, што ты не прызнаеш яе кіраўніцтва, і гэта мае наступствы, у тым ліку эканамічныя. Па сутнасьці, Украіна падвергла палітычным санкцыям палітычнае рашэньне, прынятае ў Беларусі. Гэта азначае, што зараз мы павінны ўвесьці эканамічныя санкцыі, як гэта робяць Эўропа і ЗША. Гэта азначае, што мы павінны выключыць са сьпісаў на тэндэры беларускія кампаніі, асабліва дзяржаўныя.
Калі пачынаеш рабіць палітычныя заявы, трэба разумець, якія будуць наступствы. У гэтым выпадку эканамічныя наступствы трэба было пралічыць да палітычнай заявы. Але мы як дэмакратычная краіна павінны ісьці ў рэчышчы эўрапейскіх рашэньняў, мы заявілі ўсяму сьвету, што ідзем у эўрапейскую супольнасьць, і гэта чагосьці варта. За палітычныя рашэньні, за палітычныя каштоўнасьці трэба плаціць», — падкрэсьлівае Шарамета.
Былы амбасадар Бясьсмертны: Беларусь — сатэліт Крамля
Украіне цяжка зьмяніць эканамічную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, бо такой палітыкі не існуе. Гандлёвыя адносіны паміж дзьвюма краінамі знаходзяцца ў нявызначаным стане і носяць сытуацыйны характар, заявіў Радыё Свабода беларускі публіцыст і аналітык з Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч. У такім становішчы прадбачыць наступствы праблематычна, мяркуе ён.
«Цяпер не павінна быць іншай эканамічнай стратэгіі, акрамя той, якая разглядае Рэспубліку Беларусь як крамлёўскага сатэліта і ўлічвае тое, што Ўкраіна ваюе з Расеяй», – заявіў Радыё Свабода былы пасол Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны. Ён нагадвае пра існаваньне «Саюзнай дзяржавы», якая ўключае Расейскую Фэдэрацыю і Рэспубліку Беларусь, а таксама пра ўдзел гэтых дзяржаў у Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, што ўплывае на фармаваньне зьнешняй палітыкі Менску. Акрамя таго, эканамічная палітыка Ўкраіны павінна адпавядаць яе намерам уступіць у ЭЗ, адзначае экс-пасол.
«Пазыцыя Ўкраіны адносна палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь занадта мяккая. Палітыка Рэспублікі Беларусь скіраваная ня толькі супраць каштоўнаснага заходняга выбару Ўкраіны. Яна зьдзяйсьняе эканамічны падрыў Украіны. Асабліва на энэргетычным рынку. Украіна павінна ўвесьці санкцыі супраць беларускіх кампаній. Адначасова каардынуючы сваю дзейнасьць зь Эўрапейскім зьвязам і з бліжэйшымі суседзямі, такімі як Польшча і Літва. Абʼяднаньне гэтых трох дзяржаваў у палітыцы санкцый супраць Беларусі, калі гэтая палітыка будзе ўзгодненая, можа паўплываць на ход падзеяў, асабліва пасьля выбараў. Гэта можа вырашыць сытуацыю ў Рэспубліцы Беларусь на карысьць пратэстоўцаў.
Такая актыўная палітыка прывяла б да росту субʼектнасьці Ўкраіны ня толькі на эўрапейскім кантынэнце, але і ў сусьветнай палітыцы. Замест гэтага некаторыя непасьлядоўныя праявы і ініцыятывы толькі палітычнага характару наносяць калясальны ўдар па рэпутацыі дзяржавы. Гэта разам з жаданьнем павялічыць эканамічнае супрацоўніцтва ня толькі са спадарожнікам Крамля, але і з самім Крамлём», — сказаў Бясьсмертны.
Рашэньні павінны быць аргумэнтаванымі — эканамічны экспэрт
Між тым, для канкрэтных кампаній, якія працуюць на ўкраінска-беларускім рынку, важна, каб рашэньні ўраду былі адкрытымі. Калі ўкраінскім прадпрымальнікам давялося б касаваць пэўныя кантракты, яны павінны мець для гэтага законныя падставы, кажа ў камэнтары Радыё Свабода экспэрт па міжнародных эканамічных адносінах Сьвятлана Таран.
«Беларускі рынак важны для ўкраінскіх тавараў. Але і расейскі рынак калісьці быў на першым месцы. Тут вам трэба вывучыць кожны асобны кантракт, каб не прайграць. І калі ўжо прымаць палітычнае рашэньне, дык так яго і называць. І такое палітычнае рашэньне — ці то наконт разрыву адносін, ці то наконт непрызнаньня двухбаковых дакумэнтаў — павінна быць прынятае раней, чым звужэньне гандлёва-эканамічных адносін.
Гэта значыць, рашэньні павінны быць абгрунтаванымі, падставы для спыненьня нейкай часткі гандлёва-эканамічных адносін павінны быць фармалізаванымі: увядзеньне санкцый, зьмяненьне заканадаўства і г.д.», — кажа Таран.
10 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Беларусь павінна прытрымлівацца агульнапрызнаных дэмакратычных стандартаў. 23 жніўня Зяленскі заявіў, што калі б ён быў на месцы дзеючага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, ён празь месяц правёў бы новыя, сумленныя выбары пад міжнародным назіраньнем. Міністэрства замежных спраў Беларусі заявіла ўкраінскаму прэзыдэнту, што ім не патрэбныя «заежджаныя парады».
ЗША, Эўрапейскі зьвяз і Вялікабрытанія заявілі, што не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі. Захад заклікаў афіцыйны Менск спыніць перасьлед прыхільнікаў апазыцыі і грамадзкіх актывістаў і спыніць гвалт супраць дэманстрантаў.