Пасьля анэксіі Крыму Шаўчук парушыла прысягу і перайшла ва ўзброеныя сілы Расеі. У канцы 2014 году яна ўпала і зрабілася інвалідам. З тых часоў Тацьцяна Шаўчук судзіцца зь Мінабароны Расеі: расейскія ўлады Крыму патрабуюць вызваліць кватэру, бо, зь іх пункту гледжаньня, гаворка ідзе пра ведамаснае жытло.
«Гэта быў вельмі радасны дзень. Гэта прэзыдэнт Юшчанка ўручае мне ордэр на кватэру», — паказвае фатаграфію з асабістага архіву Тацьцяна Шаўчук журналісту сайта ўкраінскай службы Радыё Свабода «Крым.Реалии». У 2007 годзе яна мела званьне старшы матрос і служыла ў ВМС Украіны — пасьля некалькіх гадоў ва ўзброеных сілах яна з кухара перавучылася на бухгальтара, а да моманту атрыманьня жыльля была ўжо сувязісткай.
У 2014 годзе, пасьля расейскай анэксіі Крыму, Тацьцяна Шаўчук вырашыла застацца ў Севастопалі, дзе жыве зь дзяцінства. Яна дала прысягу Ўзброеным сілам Расеі, парушыўшы тую, якую давала Ўкраіне.
«Пасьля далучэньня да Расеі я працягнула служыць ва Ўзброеных сілах РФ. Наша частка перайшла ў Бельбек (гаворка пра вайсковы аэрадром, разьмешчаны ў Крыме. — РС), перападпарадкавалі нас на лётную авіяцыю. Усё кіраўніцтва прыйшло з Растова (Растоўскай вобласьці Расеі. — РС). Мы лічыліся інтэграванымі. Нам увесь час казалі: „Інтэграваныя, інтэграваныя. Здраднікі радзімы“», — прыгадвае былая вайскоўка.
У канцы 2014 году Тацьцяна Шаўчук упала і атрымала траўму сьпіннога і галаўнога мозгу з прычыны пералому асновы чэрапа і шыйных хрыбетак. Падзеньне прывяло да інваліднасьці — цяпер Тацьцяна зь цяжкасьцю ходзіць.
«Нягледзячы на тое, што ў мяне ў мэдычнай кніжцы было напісана „Старшы матрос ня можа выконваць службовыя абавязкі“, начмэд часткі сказаў: „Мяне гэта наогул не цікавіць, апранайце форму і выходзьце на службу“. Мне стала на службе дрэнна, выклікалі хуткую дапамогу, а на наступны дзень мяне ўжо забралі з інсультам у шпіталь», — расказвае Шаўчук.
Па словах Шаўчук, у расейскіх узброеных сілах ёй адмаўлялі ў афармленьні інваліднасьці, настойвалі, каб яна або выконвала свае абавязкі, або пісала рапарт на звальненьне. «Я прыйшла да камандаваньня часткі і сказала, што мне трэба аформіць групу інваліднасьці. «Пішыце рапарт на звальненьне, і мы вам дамо дакумэнты на афармленьне групы, або вы аформіце групу інваліднасьці пасьля таго, як звольнены з Узброеных сілаў — праз год», — дадае яна.
Пасьля анэксіі Крыму расейскія вайскоўцы абяцалі тым былым украінскім салдатам і афіцэрам, якія перайшлі на бок Расеі, залічыць гады службы ва ўкраінскай арміі. У Тацьцяны іх было больш за 17, і яшчэ паўтара года ў расейскіх войсках. Пасьля звальненьня з войска яна мела права атрымаць замест службовай кватэры іншае жыльлё або грашовы сэртыфікат. Але ў 2015 годзе ёй гэтага не далі.
«У 2017 годзе я атрымала дакумэнты: кватэра зьяўляецца ўласнасьцю гораду. Праз суд я аформіла дамову сацыяльнага найму, паколькі на той момант Міністэрства абароны Расеі мяне не забясьпечыла жыльлём», — тлумачыць былая ўкраінская вайскоўка. Аднак аформіць жыльлё ва ўласнасьць у Тацьцяны Шаўчэнкі не атрымалася. Паводле яе, гэта было зьвязана з тым, што ў студзені 2019 году ўлады Севастопаля перадалі шматкватэрны дом, у якім яна жыве, ва ўласнасьць Міністэрства абароны Расеі.
Цяпер ад Тацьцяны патрабуюць вызваліць кватэру. Узамен ёй прапанавалі іншую — меншай плошчы і ў іншым раёне гораду. Але Шаўчук адмовілася, бо тая кватэра на чацьвёртым паверсе, а пасьля траўмы ёй цяжка хадзіць.
Тацьцяна Шаўчэнка вырашыла судзіцца з уладамі Севастопаля і расейскім Мінабароны. Яна патрабуе прызнаць, што кватэра, у якой яна пражывае, стала ведамаснай незаконна. Па міжнародным праве ўладальнікам нерухомасьці зьяўляюцца Ваенна-марскія сілы Ўкраіны. Больш за тое, на момант атрыманьня інваліднасьці і звальненьня з Узброеных сілаў Расеі дом, у якім Тацьцяна Шаўчук пражывае, не належаў расейскаму Міністэрству абароны.
«Падчас пераходу (на службу ў ВМС Расеі. — РС) нам казалі: „Не перажывайце, вы ня будзеце нічым ушчэмленыя. Вас ніхто ня будзе высяляць з жыльля“. Але атрымліваецца, што мы сталі людзьмі трэцяга гатунку», — кажа былая вайскоўка.
Рэдакцыя сайта Радыё Свабода «Крым.Реалии» накіравала запыт у Міністэрства абароны Расеі: у Дэпартамэнт вайсковай маёмасьці і ў Крымскае тэрытарыяльнае ўпраўленьне маёмасных адносін. Рэдакцыя пыталася, чаму Тацьцяна Шаўчук ня можа аформіць ва ўласнасьць кватэру, у якой пражывае больш за 13 гадоў, і чаму жыльлё задняй датай прызналі ведамасным. На момант публікацыі артыкула адказу на пытаньне не было.