Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Крыму, які вывешваў на доме сьцяг Украіны, асудзілі на 5 гадоў калёніі за «падрыхтоўку тэрактаў»


Алег Прыходзька
Алег Прыходзька

Расейскі Паўднёвы акруговы вайсковы суд (Растоў-на-Доне) 3 сакавіка вынес прысуд 62-гадоваму жыхару анэксаванага Крыму Алегу Прыходзьку, праўкраінскаму актывісту, які вывешваў на доме ўкраінскі сьцяг і адмаўляўся мяняць украінскія аўтамабільныя нумары на расейскія.

Як паведамляе «Настоящее время», яго прызналі вінаватым у падрыхтоўцы да тэрактаў у крымскіх Саках і ў Львове і асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі строгага рэжыму з адбываньнем аднаго году ў турме, а таксама прысудзілі яму штраф 110 тысяч расейскіх рублёў (крыху менш за 1500 даляраў).

Пракурор на спрэчках у сьнежні 2020 году патрабаваў для Прыходзькі 11 гадоў пазбаўленьня волі, зь іх тры гады — у турме, а таксама 200 тысяч рублёў штрафу. Прыходзька віну ў падрыхтоўцы тэрактаў не прызнаў.

Прыходзьку затрымалі супрацоўнікі ФСБ у кастрычніку 2019 году. Перад гэтым ён некалькі разоў адкрыта выступаў супраць анэксіі Крыму, якая адбылася вясной 2014 году. Супрацоўнікі крымскага ФСБ правялі ў актывіста ператрус і забралі ўкраінскую сымболіку, сьцягі партыі «Свабода», чырвона-чорныя сьцягі, партрэт Сьцяпана Бандэры, кампутар і CD-дыскі. Пасьля ператрусу Прыходзьку адвезьлі ў Сымфэропаль на допыт і распытвалі пра яго дзейнасьць і сувязі ва Ўкраіне.

«Я жыву на сваёй украінскай зямлі. Расейцы падкрэсьліваюць сваю ідэнтычнасьць — вешаюць трыкалёр, крымскія татары — сваю сымболіку, а я — этнічны ўкраінец, таму ў мяне ўкраінскі сьцяг», — заявіў тады Прыходзька наконт канфіскаваных у яго прадметаў. Ён падкрэсьліваў, што не ўваходзіць ні ў якія экстрэмісцкія або тэрарыстычныя супольнасьці, але Цэнтар грамадзкіх сувязяў ФСБ пасьля ператрусу ўсё роўна назваў яго «прыхільнікам нацысцкай ідэалёгіі, які зьяўляецца членам украінскіх экстрэмісцкіх арганізацый».

ФСБ таксама заявіла, што знайшла ў гаражы Прыходзькі «самаробнае выбуховае прыстасаваньне, кампанэнты і прылады для яго вырабу і бутэлькі з запальнай сумесьсю». Затрыманы казаў, што выбухоўку яму падкінулі. Пасьля гэтага на Прыходзьку завялі спачатку справу па артыкуле аб незаконным вырабе выбуховых рэчываў, а потым і па артыкуле аб спробе тэракту.

  • Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым у сакавіку 2014 году па выніках так званага «рэфэрэндуму», праведзенага ў прысутнасьці ўзброеных людзей у вайсковай форме. Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць Расеі эканамічныя санкцыі.
  • Крэмль называе анэксію Крыму «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».
  • Сярод праціўнікаў анэксіі былі, у прыватнасьці, крымскія татары: на многіх зь іх пасьля анэксіі пазаводзілі крымінальныя справы па артыкулах аб экстрэмізьме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG