Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Дзяніса Івашына пасадзілі ў карцар гарадзенскай турмы


Дзяніс Івашын, архіўнае фота
Дзяніс Івашын, архіўнае фота

Для журналіста не прынялі перадачу, адміністрацыя гарадзенскай турмы паведаміла, што ён другі дзень знаходзіцца ў карцары.

Пра гэта піша «Наша Ніва» са спасылкай на журналіста Сяргея Апановіча. Пакуль Івашын будзе ў карцары, яму нельга будзе перадаваць перадачы і ён ня зможа сустрэцца з адвакатам.

Справа Івашына. Галоўнае

Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму прад’явілі абвінавачаньне па 365 крымінальным артыкуле — «Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязанае зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію расейскамоўнаму тэлеканалу «Настоящее время» з нагоды гэтай ягонай працы.

Дзянісу Івашыну 41 год, жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і міжнароднай супольнасьці InformNapalm, якая займаецца дасьледаваньнем уплыву расейскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, праз што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.

Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.

Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў таксама запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG