Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія спэцслужбы высылаюць з краіны беларускага анархіста. Праваабаронцы кажуць — незаконна


Служба бясьпекі Ўкраіны
Служба бясьпекі Ўкраіны

Супрацоўнікі Нацыянальнай паліцыі і Службы бясьпекі Ўкраіны раніцай 21 красавіка правялі вобшук у кіеўскай кватэры, дзе пражывае беларускі анархіст Аляксей Балянкоў, і папярэдзілі яго аб прымусовым выдварэньні з украінскай тэрыторыі.

«Аляксей патэлефанаваў мне сёньня раніцай. У яго паліцыя правяла ператрус на падставе судовага рашэньня. Было ўсё карэктна — з панятымі, пратаколамі... Я так разумею, што нічога вартага ўвагі не знайшлі. Але разам з тым да яго прыйшлі і супрацоўнікі СБУ, з дэпартамэнту абароны нацыянальнай дзяржаўнасьці з рашэньнем аб прымусовым выдварэньні з Украіны», — паведаміў Свабодзе каардынатар грамадзкай арганізацыі «Бязь межаў» Максім Буткевіч.

Сябры Аляксея Балянкова расказваюць, што той зьехаў ва Ўкраіну ў 2017 годзе пасьля таго, як у Беларусі яго абвінавацілі ў спробе падпаліць падатковую ў Гомлі, а потым спрабавалі «завэрбаваць» на супрацу, а калі ён адмовіўся, пачалі крымінальны перасьлед. Ва Ўкраіне ён жыў на падставе віду на часовае пражываньне.

У праваахоўных органах Свабодзе пацьвердзілі факт правядзеньня ператрусу і затрыманьня Аляксея Балянкова, але адмовіліся ўдакладніць, у якую краіну яго зьбіраюцца вывозіць. Суразмоўца Свабоды паведаміў, што цягам дня будзе апублікаваны афіцыйны камэнтар аб гэтай сытуацыі.

У сваю чаргу Максім Буткевіч падкрэсьліў, што на падставе судовага рашэньня адбываўся толькі ператрус, а дэпартацыю абяцаюць ажыцьцявіць на падставе пастановы СБУ, што зьяўляецца незаконным.

Сам Аляксей пасьпеў паведаміць Свабодзе, што вобшук у яго праводзілі празь «нейкае падазрэньне ва ўчыненьні падпалаў», а СБУ паведаміла аб неабходнасьці пакінуць тэрыторыю Ўкраіны ў мэтах «нацыянальнай бясьпекі дзяржавы».

«Мяркую, што гэта заказалі ўльтраправыя групоўкі Ўкраіны, паколькі я займаюся аховай розных акцый, якія праводзяць, у тым ліку, ЛГБТ. І паколькі ў нас былі сутыкненьні, напады на мяне... Яны ўжо нават ведаюць, што ў мяне праходзіць вобшук, хаця ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэта яшчэ нідзе не было», — сказаў Аляксей.

Паводле Аляксея, да яго пасьпела прыехаць ягоная адвакатка. «Нейкія падпалы, у якіх нібыта падазраюць анархістаў, — гэта толькі нагода, бо я таксама анархіст. За мной ужо паўгода сачылі, і паліцыя бачыла, што я працую (займаюся пашывам адзеньня) і часам удзельнічаю ў ахоўных мерапрыемствах. Ніякімі падпаламі я не займаюся, яны выкарысталі гэта як нагоду, каб да прыйсьці да мяне і правесьці ператрус», — дадаў Аляксей Балянкоў.

«Мне паведамілі, што я пагражаю нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны, таму ўхвалілі рашэньне аб тым, каб я пакінуў тэрыторыю Ўкраіны цягам 24 гадзін. Яны хацелі мяне выцягнуць з кватэры, але прыехаў адвакат і сказаў, што яны ня маюць права. Супрацоўнікі СБУ ня маюць права знаходзіцца ў маёй кватэры, яны нават не паказалі нам свае пасьведчаньні», — дадаў Аляксей Балянкоў.

У чэрвеня 2019 году паводле аналягічнага сцэнару з Украіны дэпартавалі ў Беларусь яшчэ аднаго анархіста, былога палітвязьня Аляксандра Францкевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG