Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе над Бабарыкам сьведак дапытваюць у кайданках, хадайніцтвы абароны адхіляюць


Віктар Бабарыка ў судзе, архіўнае фота
Віктар Бабарыка ў судзе, архіўнае фота

Працягваецца разгляд справы Віктара Бабарыкі і топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку». Слуханьні праходзяць у Маскоўскім раённым судзе пад юрысдыкцыяй Вярхоўнага суду.

Некаторыя сьведкі ў гэтым працэсе праходзяць абвінавачанымі ў справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў, якая знаходзіцца яшчэ ў рабоце КДБ, піша Tut.by.

Уладзімер Дрозд: дзейнасьць у эстонскай кампаніі

Уладзімер Дрозд працаваў у «Белгазпрамбанку» з 2000 году, узначальваў аддзелы, куратарам якіх быў Дзьмітры Кузьміч, а з 2006 году (зь перапынкам у 2009–2011 гадах) быў памочнікам намесьніка старшыні праўленьня Кузьміча. Паказаньні сьведка даваў у кайданках.

У 2009–2010 гг. Кузьміч сказаў Дразду, што існуе эстонская кампанія Compartners OU, якая ажыцьцяўляе інвэстыцыйную дзейнасьць у Беларусі, уваходзіць у склад заснавальнікаў ТАА «Актыўлізінг». Дрозд атрымаў даручэньні кантраляваць паступленьне ў кампанію дывідэндаў ад беларускіх кампаній, перадаваць пэўныя дакумэнты, некаторыя зь якіх выкарыстоўваліся пры аўдытарскай праверцы ў Эстоніі, рабіць аналіз дадзеных пасьля атрыманых ад Кузьміча выпісак па рахунках эстонскай кампаніі.

Па выпісках Дрозд бачыў, што на Compartners OU паступалі пазыкі ад SIA Baltijas Investiciju Grupa, за іх кошт кампанія давала пазыкі іншым арганізацыям, а вяртала грошы за кошт прыбытку «Актыўлізінгу». Астатняя частка дывідэндаў заставалася на рахунках, і яе разьмеркаваньня Дрозд ня ведае. За ўсе гэтыя дзеяньні раз на год Дрозд атрымліваў ад Кузьміча грошы гатоўкай.

У 2017–2018 годзе Compartners OU выйшла са складу «Актыўлізінгу», паколькі, як паведаміў Кузьміч, кампанія ліквідавалася. Але саўладальнік «Актыўлізінг» Кабяк з 2017-га па 2020 год, па словах Кузьміча, прыносіў яму грошы гатоўкай, Дрозд пры гэтым не прысутнічаў.

У судзе зачыталі толькі тыя паказаньні Дразда, якія ён даў у якасьці сьведкі ў кастрычніку 2020 году. Абарона Бабарыкі заявіла хадайніцтва аб узяцьці з КДБ пратаколаў усіх допытаў Дразда, якія праводзіліся з моманту затрыманьня, але суд хадайніцтва адхіліў.

Дзьмітры Шаўчук: прызнаньне невядомага злачынства

Намесьнік начальніка юрыдычнага кіраўніцтва «Белгазпрамбанку» Дзьмітры Шаўчук таксама даваў паказаньні ў кайданках. Ён паведаміў, што на просьбу супрацоўніка банку Сяргея Дабралёта кансультаваў кіраўніцтва кампаніі ў прыватным парадку. Сумневаў у законнасьці працы кампаніі Baltijas Investiciju Grupa ў яго ня ўзьнікла.

Спачатку Шаўчук кансультаваў дырэктара УП «Капіталтрэйд», адзіным заснавальнікам якога была Baltijas Investiciju Grupa. На просьбу дырэктара «Капіталтрэйду» Вольгі Радзецкай ён правяраў дагаворы пазык ад Baltijas Investiciju Grupa і дамовы падрадаў на адпаведнасьць іх заканадаўству.

У 2005-2006 гадах Шаўчук рэкамэндаваў на пасаду дырэктара Baltijas Investiciju Grupa Аляксея Сьцяпанаўса з Рыгі. І калі той стаў дырэктарам, Шаўчук пачаў кантактаваць зь ім беспасярэдне.

Аб кампаніі Business Renovation Investment Limited як пра заснавальніка Baltijas Investiciju Grupa Шаўчук даведаўся ад Дабралёта, на просьбу якога і рыхтаваў дамовы пазыкі ад Business Renovation Investment Limited беларускім арганізацыям. Дамовы ад імя кампаніі падпісваў яе прадстаўнік Жардзецкі. За сваю працу з дакумэнтамі Шаўчук атрымліваў прыкладна 2000 даляраў у год.

З пратаколаў сходаў заснавальнікаў, якія ён правяраў на просьбу Радзецкай, Шаўчук ведаў, што ад прыбытку кампаній праекту DELAY удзельнікам гэтых кампаній, у тым ліку Baltijas Investiciju Grupa, пералічваліся дывідэнды. У гэтым ён нічога заганнага ня бачыў, як і ў тым, што канчатковыя іх атрымальнікі — фізычныя асобы.

Са слоў Шаўчука, ён паведаміў Бабарыку, што Baltijas Investiciju Grupa засталася без уладальніка; тады Бабарыка прапанаваў Шаўчуку стаць яе сузаснавальнікам разам са Сьцяпанаўсам (у долях па 50%). Шаўчук пагадзіўся, перадаўшы ў статутны фонд 1500 даляраў і заключыўшы дамову на куплю долі ў 50%.

Пасьля з Baltijas Investiciju Grupa ў выніку рэарганізацыі была выдзелена Austrumu Tilts з тымі ж долямі — па 50% у Сьцяпанаўса і Шаўчука, якая замяніла Baltijas Investiciju Grupa ў складзе ўдзельнікаў беларускіх суб’ектаў гаспадараньня. У пачатку 2020-га Сьцяпанаўс паведаміў Шаўчуку, што з дывідэндаў папярэдніх гадоў ёсьць магчымасьць выплаціць парадку 60 тысяч даляраў старым уладальнікам ліквідаваных афшорных фірмаў. Шаўчук сказаў аб гэтым Бадзею, які выконваў абавязкі старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку», і той сказаў, што трэба перавесьці гэтыя грошы ў Беларусь і аддаць яму.

«Я адкрыў па даверанасьці ад Сьцяпанаўса рахунак у „Белгазпрамбанку“, на які зь ягонага рахунку ў Латвіі былі пераведзеныя гэтыя грошы, я іх зьняў і аддаў Бадзею», — расказаў Шаўчук. Гэта было ў сакавіку-красавіку 2020-га. На пытаньне абвінаваўцы, ці былі гэтыя дзеяньні легальнымі, юрыст адказаў: «Па-мойму, нейкае парушэньне заканадаўства мае месца, але кваліфікаваць з высокай ступеньню не магу».

Перад допытам Шаўчука адвакаты Бабарыкі заявілі пярэчаньне супраць яго допыту ў якасьці сьведкі, бо, зыходзячы з матэрыялаў справы, яму выставілі падазрэньне ў атрыманьні хабару сумесна зь іншымі абвінавачанымі і ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе. Пры допыце Шаўчук сказаў, што гэтыя падазрэньні зь яго зьнялі, але прад’явілі абвінавачаньне ў хаваньні злачынства паводле арт. 405 ч. 2 КК, па якім ён вызвалены ад крымінальнай адказнасьці «ў сувязі з пагашэньнем шкоды і раскаяньнем».

Працэсуальныя дакумэнты па дадзеных рашэньнях у судзе не абвяшчаліся, і ўкрывальніцтва якога менавіта злачынства прызнаў Шаўчук, невядома.

Уражаньні гледачоў

Афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі раней апублікаваў уражаньні гледачоў з залі суду.

«У судзе дапытваюць сьведак, а таксама зачытваюць матэрыялы справы. Гэта значна цікавей і жывей, чым манатоннае зачытваньне абвінавачаньня, якое ў дадзенай акустыцы, на думку людзей у залі, нагадвае малітвы ў царкве».

  • «Некаторых сьведак прыводзілі пад канвоем, прывязанымі ланцугом да канваіра. Успаміны пра гэтыя ланцугі і пра тое, як яны брынкаюць аб тумбу, можна часта пачуць у гутарках падчас перапынкаў».
  • «Тут і пэнсіянэры, якія стрымліваюць сьлёзы; і студэнты, і сваякі абвінавачаных; і тыя, каму ўдалося вырвацца з працы на паўдня; і былыя члены ініцыятыўнай групы. Хтосьці запісвае свае думкі, нехта малюе, нехта намагаецца сачыць за тым, што адбываецца, уважліва. У словы пракурора і судзьдзі даводзіцца ўслухоўвацца пільна — чуваць іх кепска».
  • «Абарона акцэнтавала ўвагу на тым, што ў справе прысутнічаюць матэрыялы пра допыт бяз даты, подпісу і расшыфроўкі. Такія моманты выклікаюць неразуменьне».
  • «У нашай зь Віктарам Дзьмітрыевічам перапісцы ён часта казаў, што мы разам, хоць і ня побач. А ўжо пазьней, пасьля пачатку судовага працэсу, дадаў, што ўсё-такі часам мы можам пабыць разам ужо па-сапраўднаму, хоць і „ня ў самым прыемным месцы“».

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG