Ён абвінаваціў удзельнікаў змовы супраць Лукашэнкі ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь і заявіў, што «спроба забойства прэзыдэнта Беларусі застаецца без адказу на Захадзе».
«Чаго толькі вартае прызнаньне затрыманых удзельнікаў змовы ў тым, што рыхтавалася блякада Менску, уключаючы гарадзкую інфраструктуру і сродкі камунікацыі, поўнае адключэньне ўсёй энэргасыстэмы сталіцы Беларусі. Гэта значыць, што, па сутнасьці, вялася падрыхтоўка да масіраванай кібэратакі. А як інакш? Гэта так проста адным рубільнікам ня зробіш».
Паводле яго, «спроба дзяржаўнага перавароту ў Беларусі пераходзіць усе межы».
«Ніхто як бы гэтага не заўважае. Як быццам увогуле нічога не адбываецца. Можна як заўгодна ставіцца да прэзыдэнта Ўкраіны Януковіча, можна мець любы погляд на палітыку Лукашэнкі, але практыка арганізацыі пераваротаў, забойствы вышэйшых асобаў — гэта ўжо занадта. Усе межы ўжо перайшлі», — сказаў Пуцін.
Што адбылося 17 красавіка
20:00 Дзяржаўныя СМІ перадалі заяву Аляксандра Лукашэнкі падчас сёньняшняга суботніка, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі ўзброены мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Сярод магчымых арганізатараў ён назваў Цэнтральнае разьведвальнае ўпраўленьне і Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых амэрыканскага юрыста зь грамадзянствамі Беларусі і ЗША Юрася Зянковіча, старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва, а таксама літаратуразнаўцу і паліттэхноляга Аляксандра Фядуту.
- Паводле Лукашэнкі, ён праінфармаваў Расею, а прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падняў пытаньне аб меркаваным замаху ў размове з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.
Пасьля 20:00 тэлеканал АНТ паказаў сюжэт з заявамі кіраўніка КДБ Івана Тэртэля і апэратыўнай здымкай.
- Паводле іх, спэцапэрацыя КДБ прадухіліла «спробы ўзброенага мяцяжу ў Беларусі і ліквідацыі прадстаўнікоў улады, у тым ліку кіраўніка дзяржавы».
- У рэпартажы заявілі, што пераварот рыхтавалі на чэрвень-ліпень.
- Паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты ўдзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі. Гэта былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар, які зьехаў за мяжу; Павал Кулажанка, які служыў ва Ўнутраных войсках і АМАПе; экспэрт па статыстычных мадэлях і Ўсходняй Эўропе Аляксандар Перапечка; псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі. Усе яны жывуць у ЗША.
- 20:28 Расейскія СМІ перадалі заяву Цэнтру грамадзкіх сувязяў Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі.
- Паводле яе, ФСБ РФ сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Юрася Зянковіча і Аляксандра Фядуты, якія нібыта плянавалі «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі паводле адпрацаванага сцэнару „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- Паводле расейскіх спэцслужбаў, Зянковіч і Фядута кансультаваліся з прадстаўнікамі ЗША і Польшчы і рыхтавалі пераварот 9 траўня гэтага году.
Затрыманьне Кастусёва, Фядуты і Зянковіча
- У Беларусі ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць па крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка вядомага беларускага паліттэноляга Аляксандра Фядуты паведамляла пра яго зьнікненьне. Паводле яе інфармацыі, муж знаходзіўся ў Маскве і перастаў выходзіць на сувязь. 13 красавіка КДБ паведаміў, што Фядута затрыманы.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер знаходзяцца ў менскім СІЗА КДБ.