2004 год. Адмена абмежаваньняў на прэзыдэнцкія тэрміны
17 кастрычніка 2004 году ў Беларусі прайшоў рэфэрэндум, трэці за гісторыю незалежнай Беларусі. Ён быў ініцыяваны ўказам Лукашэнкі ад 7 верасьня 2004 году. Пытаньне на ім было адно: «Ці дазваляеце Вы першаму Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: „Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаваньні“?».
Паводле папярэдняй рэдакцыі гэтага артыкула Канстытуцыі прэзыдэнт ня мог займаць сваю пасаду больш за 2 тэрміны.
Рэфэрэндум 2004-га дазволіў Лукашэнку ўдзельнічаць у выбарах бясконца.
Напрыканцы верасьня 2004 году арганізацыя The Gallup Organization/Baltic Surveys правяла дасьледаваньне грамадзкай думкі адносна рэфэрэндуму. Па гэтых дадзеных, дазволіць Лукашэнку ўдзельнічаць у выбарах неабмежаваную колькасьць разоў гатовыя былі 39%, супраць — 32,5%, іншыя тады яшчэ ня вызначыліся.
Па дадзеных ЦВК Беларусі, «за» выказаліся 79,4% апытаных, «супраць» — 9,9%.
На наступны дзень пасьля выбараў у цэнтры Менску пачаліся акцыі апазыцыі. Арганізатары і ўдзельнікі не пагаджаліся з правядзеньнем рэфэрэндуму і аспрэчвалі яго вынікі. У акцыях узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.
2007 год. Будуем АЭС
12 лістапада 2007 году выйшаў указ Лукашэнкі «Аб некаторых мерах па будаўніцтве атамнай электрастанцыі». Дакумэнт выдаваўся, каб арганізаваць працы па падрыхтоўцы да будаўніцтва АЭС.
У 2008 годзе стала зразумела, што АЭС у Беларусі будзе будаваць расейскі «Росатом». Яшчэ праз год Расея паабяцала фінансава падтрымаць будаўніцтва АЭС. У лістападзе 2011 году падпісалі міжурадавае пагадненьне паміж Беларусьсю і Расеяй аб крэдыце на будаўніцтва АЭС у 10 мільярдаў даляраў.
Першы энэргаблёк беларускай АЭС пачаў працаваць у 2020 годзе, з таго часу плянава і пазаплянава яго адключалі 6 разоў. Яшчэ да запуску АЭС Лукашэнка задаваўся пытаньнем: «Як гэтая электрастанцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны?».
Цяпер электраэнэргію зь Беларускай АЭС закупляе толькі Ўкраіна. Але і там ад яе зьбіраюцца адмовіцца.
Зьяўленьне АЭС побач зь Літвой пагоршыла адносіны з гэтай краінай. У Беларусі супраць АЭС выступалі эколягі, палітыкі і эканамісты.
2014 год. Барацьба з наркотыкамі
У сьнежні 2014 году Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні абароту наркотыкаў». Дакумэнт прадугледжваў шэраг захадаў, якія б спрыялі барацьбе з наркотыкамі.
Дэкрэт прапісваў асаблівую ролю МУС у барацьбе з наркотыкамі. Тэрміны зьняволеньня затрыманых за наркотыкі дэкрэт павышаў да 25 гадоў, а ўзрост, калі наступае адказнасьць, зьніжаў да 14-гадовага.
Выхад гэтага дэкрэту прывёў да таго, што затрыманых нават зь невялікім аб’ёмам наркатычных рэчываў маглі адправіць у турму на 9 гадоў.
У Беларусі на глебе вялікіх тэрмінаў пакараньня ўтварыўся рух «Маці 328», які пратэставаў супраць вялікіх прысудаў за наркатычныя артыкулы. Некалькі разоў удзельніцы руху абвяшчалі галадоўку і сустракаліся з прадстаўнікамі ўлады. Яны настойваюць на пераглядзе шэрагу прысудаў па «наркатычным» артыкуле, на пераглядзе дэкрэту і зьніжэньні ніжняй мяжы пакараньня.
У 2019 годзе Лукашэнка сваім указам зьнізіў на 2 гады ніжнюю мяжу зьняволеньня па 2-й і 3-й частках «наркатычнага» артыкула.
2015 год. Барацьба з «дармаедамі»
2 красавіка 2015 году Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб прадухіленьні сацыяльнага ўтрыманства». Паводле гэтага дакумэнту грамадзяне, якія не працуюць афіцыйна, мусяць заплаціць дзяржаве 20 базавых велічыняў (каля 200 даляраў на той момант).
У 2017 годзе «лісты шчасьця» на сплату дармаедзкага падатку тады атрымалі каля 400 тысяч чалавек, многім такія лісты прыходзілі выпадкова. Гэта прывяло да акцый пратэсту па ўсёй Беларусі. У розных гарадах праходзілі «маршы недармаедаў», 17 лютага марш прайшоў у Менску, 19 лютага да пратэстаў далучыліся Берасьце, Гомель, Горадня, Віцебск і Магілёў.
Маршы трывалі да канца сакавіка і ахапілі ня толькі вялікія, але сярэднія і малыя гарады: яны прайшлі ў Рэчыцы, Рагачове, Лунінцы, Пінску, Воршы. Удзельнікаў арыштоўвалі і адпраўлялі на суткі.
Хваля пратэстаў скончылася 25 сакавіка брутальным разгонам маршу на Дзень Волі ў Менску. Тады затрымалі каля тысячы чалавек.
У студзені 2018 году «падатак на дармаедзтва» адмянілі, але тыя, хто афіцыйна не працуе больш за паўгода, цяпер мусяць аплачваць поўны кошт тых паслуг ЖКГ, якія субсыдуе дзяржава. Фактычна гэта толькі ацяпленьне. Дэкрэт сьпярша прыпынілі, а пасьля ўнесьлі ў яго зьмены.