Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 100 «пацярпелых» міліцыянтаў. У Берасьці пачаўся суд над 14 фігурантамі «пінскай справы»

абноўлена

Берасьцейскі абласны суд. Пачатак працэсу ў «пінскай справе» супраць 13 затрыманых на пратэстах 9 жніўня.
Берасьцейскі абласны суд. Пачатак працэсу ў «пінскай справе» супраць 13 затрыманых на пратэстах 9 жніўня.

У судзе Маскоўскага раёну Берасьця судзяць 14 абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках 9-10 жніўня ў Пінску. Ім пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

На працягу некалькіх месяцаў 13 фігурантаў так званай «пінскай справы» (Раман Багнавец, Рыгор Гунько, Сяргей Ляжэнка, Алена Маўшук, Вячаслаў Рагашчук, Алег Рубец, Аляксандар Цярэшка, Артур Халімончык, Вячаслаў Шалямет, Дэвід Масьціцкі, Данііл Богнат, Станіслаў Мiхайлаў, Ігар Салавей) знаходзіліся ў Баранавіцкім СІЗА № 6, яшчэ адзін (Сяргей Маўшук) пад хатнім арыштам.

Усім ім пасьля падзей у Пінску 9–10 жніўня выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Пачатак працэсу ў «пінскай справе» супраць 13 затрыманых на пратэстах 9 жніўня/
Пачатак працэсу ў «пінскай справе» супраць 13 затрыманых на пратэстах 9 жніўня/

«Разьлічваем, што ўсе нашы хлопцы вернуцца дадому», — з хваляваньнем прызнаюцца сваякі некаторых палітзьняволеных перад дзьвярыма залі суду.

«Трохі палохае, што судзяць усіх адразу. Бо першапачаткова хлопцаў падзялілі на групы. А ў выніку нечакана ўсіх этапавалі ў Берасьце, — кажа мачаха Алега Рубца Тацяна.

Па словах Тацяны Рубец, падчас паседжаньня Станiслаў Міхайлаў, Ігар Салавей і Богнат Данііл не прызналі віну. Астатнія прызналі, альбо прызналі частаткова.

Пачатак працэсу ў «пінскай справе» супраць 13 затрыманых на пратэстах 9 жніўня.
Пачатак працэсу ў «пінскай справе» супраць 13 затрыманых на пратэстах 9 жніўня.

У пачатку лютага пракуратура Берасьцейскай вобласьці накіравала ў суд крымінальную справу 10 абвінавачаных. Пра дату і месца судовага пасяджэньне доўгі час нічога не было вядома. Аднак ужо ў пачатку сакавіка сваякі палітзьняволеных пінчукоў даведаліся, што іх родных этапавалі ў Берасьце.

У залю суду не пусьцілі пінскіх праваабаронцаў і прадстаўнікоў незалежных СМІ.

«Мяркую, што тэрміны будуць жорсткімі», — кажа праваабаронца Алесь Рамановіч.

Ня трапілі на судовае паседжаньне таксама аднагрупнікі і сябры 19-гадовых Алега Рубца і Данііла Богната. Хлопцы кажуць, што прыехалі зь Пінску, каб падтрымаць абвінавачаных і пабачыць іх упершыню за доўгі час.

Паводле сьледзтва, пацярпелымі ў справе праходзяць сама меней 109 пінскіх міліцыянтаў. Дзяржабвінаваўца сьцьвярджае, што 9 жніўня 2020 году абвінавачваныя бралі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынку Пінскага райвыканкаму, груба парушылі грамадзкі парадак. Учынілі пагромы, нанесьлі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі — дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагмэнтамі тратуарнай пліткі і бэтонных парапэтных плітаў, бутэлькамі, камянямі, мэталічнымі вырабамі і арматурай. Пасьля чаго наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасьць, якія належалі міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.

Пачатак працэсу ў «пінскай справе» супраць 13 затрыманых на пратэстах 9 жніўня
Пачатак працэсу ў «пінскай справе» супраць 13 затрыманых на пратэстах 9 жніўня

Суды над фігурантамі «пінскай справы» пройдуць з 23 па 25 сакавіка, з 29 сакавіка па 2 красавіка і з 5 красавіка па 9 красавіка.

Што расказваюць пінчукі пра падзеі 9-10 жніўня


Паводле жыхароў Пінску, зь якімі раней пагаварыла Свабода, 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшлі начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі і старшыня гарвыканкаму Іван Рабкавец. Яны прапанавалі вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.

Цягам 2,5 гадзіны пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. У выніку на паркоўку гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца. Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі празь некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.

Каго судзяць у «пінскай справе»

23 сакавіка ў Берасьці пачаўся суд за пратэсты ў Пінску 9 жніўня. Людзі тады выйшлі на вуліцы пасьля абвяшчэньня лічбаў афіцыйных экзіт-полаў, паводле якіх на прэзыдэнцкіх выбарах зь вялікім адрывам перамог Аляксандар Лукашэнка.

На лаве падсудных

  1. Раман Багнавец
  2. Данііл Богнат
  3. Рыгор Гунько
  4. Сяргей Ляжэнка
  5. Дэвід Масьціцкі
  6. Алена Маўшук
  7. Сяргей Маўшук
  8. Станіслаў Міхайлаў
  9. Вячаслаў Рагашчук
  10. Алег Рубец
  11. Ігар Салавей
  12. Артур Халімончык
  13. Аляксандар Цярэшка
  14. Вячаслаў Шалямет

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG