У лісьце да маці Вольга Класкоўская прызналася, што ня ведае навінаў, але чакае, што неўзабаве ўбачыцца з землякамі на плошчы Перамогі, вытрымкі зь яе ліста прыводзіць «Новы Час».
Як паведаміла маці зьняволенай Людміла Класкоўская, амаль увесь сакавік яе дачка правяла ў мэдсанчастцы. У Гомель Вольгу этапавалі з СІЗА № 1 проста з-пад кропельніцы, адразу пасьля выраку гарадзкога суду. У другі раз ёй тэрмінова спатрэбілася хірургічнае лячэньне. Сама Вольга ня лічыць праблемы са здароўем выпадковымі, бо ў яе ў выніку затрыманьня ў яе была траўма галавы, а затым «адзіночнае затачэньне з лужынамі па костку ў турме Жодзіна».
Кіраўніцтва калёніі паведаміла маці палітзьняволенай, што Вольга мае праблемы са шчытападобнай залозай, у яе пагоршыўся зрок. На «Валадарцы» ў камэры кругласутачна гарэла сьвятло, але кепскае, а Вольга шмат пісала і чытала.
Адміністрацыя калёніі № 4 адразу ж паставіла Вольгу Класкоўскую на прафіляктычны ўлік бо Класкоўская нібыта «схільная да парушэньня грамадзкага парадку». Вольга Класкоўская піша з калёніі, што ні аб чым не шкадуе.
«Я ніколі не прагнуся пад гэтай сыстэмай, прайду праз усе выпрабаваньні, і ніколі не адмоўлюся ад сваіх перакананьняў, як бы цяжка ні давялося. Усё міне, а праўда застанецца».
За кратамі, як адзначае Класкоўская, «вязьні жывуць гэтай надзеяй». Хоць «адмысловая інфармацыйная блякада вельмі напружвае». Палітзьняволенай выдалі толькі некалькі нумароў «АіФ», «Жаночай газеты», «Нашага слова» і «Здравушкі». Аніводнага нумару «Нашай гісторыі» ці «Новага Часу» не прынесьлі.
Як піша Вольга, яе выклікаюць у адміністрацыю і знаёмяць з актамі аб зьнішчэньні гэтых выданьняў, матэрыялы якіх нібыта «распальваюць нацыянальную і сацыяльную варажнечу». Не дапускаюць і шмат лістоў з «палітычнай інфармацыяй».
Толькі нядаўна Вольгу Класкоўскую перавялі ў атрад.
«Мне тут выдалі целагрэйку, сто гадоў яе не насіла, толькі што ў дзяцінстве, бадай, у вёсцы па прыколе. На вопратцы — нашытая бірка з маім прозьвішчам. Клясыка, дзесьці я ўжо гэта бачыла! Яшчэ я тут часта ўспамінаю свайго прапрадзеда Вацлава Класкоўскага, які адседзеў 20 гадоў у сталінскіх лягерах. Але ўсе зьдзекі з боку таталітарнага рэжыму яго не зламілі, ён ніколі не стаяў на каленях!»
Прыбіральня і ўмывальнікі разьлічаны на 120 чалавек, таму часам жанчыне не ўдаецца ўмыцца і пачысьціць зубы.
«Што тычыцца працы, дык мы з Наташай Хершэ адмовіліся шыць вопратку для сілавікоў. Пакуль што ў мяне статус вучня на швейнай фабрыцы, шыю нейкія дробныя рэчы, якія не зьвязаны з асноўнай вытворчасьцю (вайсковай формай), але што будзе далей, ня ведаю».
Класкоўская прызнаецца, што ёй было прасьцей на Валадарцы. Умовы там таксама кепскія, але хаця б усе газэты аддавалі і там было болей аднадумцаў.
Яшчэ яна просіць не дасылаць у калёнію бандэролі і пасылкі, бо, паводле правілаў, гэта могуць рабіць толькі родныя і сваякі зьняволеных.
Былую журналістку «Народнай Волі» Вольгу Класкоўскую асудзілі за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» за інцыдэнт у менскім раёне Серабранка. Пры затрыманьні яе моцна зьбілі, а затым выкралі зь лякарні, але судзьдзя Марына Запасьнік ніяк не ўлічыла гэта пры вынясеньні прысуду, прысудзіўшы жанчыне 2 гады зьняволеньня.
Адрас для лістоў Вользе Класкоўскай: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.