Судзьдзя Марына Запасьнік асудзіла Вольгу Класкоўскую да 2 гадоў пазбаўленьня волі, Артура Булаўскага і непаўналетняга Максіма Бабіча — да 2,5 і 3 гадоў «хатняй хіміі» адпаведна.
Такія ж тэрміны для абвінавачаных раней запатрабаваў пракурор Сьвятаслаў Вялікі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Былую журналістку газэты «Народная Воля» Вольгу Класкоўскую зьвінавацілі ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (частка 1 артыкулу 342 КК). Артуру Булаўскаму і Максіму Бабічу акрамя гэтага яшчэ прыпісваюць злоснае хуліганства (частка 2 артыкулу 339).
Класкоўская і Бабіч лічаць абвінавачваньні надуманымі, яны прызнаныя палітвязьнямі. Булаўскі прызнаў віну часткова.
У апошнім слове Вольга Класкоўская сказала, што пры затрыманьні яе моцна зьбiлi, а потым невядомыя выкралі яе зь лякарні. Гэта суд ніяк не прыняў пад увагу.
«Мне стала кепска ў мiлiцыi, адвезьлі ў 5-ы шпiталь, дыягнаставалi ЧМТ і страсеньне мозгу. Гэта ўсё ў справе, але чамусьцi такія дробязi нiкому не цiкавыя. Пасьля таго, як было прызначанае лячэньне, мяне скралi невядомыя ў балаклавах лiтаральна з-пад кропельнiцы, з катэтарам. У міліцыі я адмовiлася даваць паказаньні, тады пагражалi расстрэлам, калі не пачну сьведчыць супраць сябе і iншых. Яны мяне не зламалi і не зламаюць. Маё жыцьцё пражытае недарэмна, я са сваiм народам. Жыве Беларусь!»
Вольга Класкоўская доўгі час жыла ў Швэцыі, была дэпартаваная.
У справе аб перакрыцьці дарогі пяцёра пацярпелых, ніводзін зь іх ня меў прэтэнзій да абвінавачаных.