Дзяржаўны сакратар таксама заявіў, што кампанія «Роснефть» працягвае закупляць нафту ў вэнэсуэльскай дзяржаўнай кампаніі PDVSA, нягледзячы на санкцыі ЗША.
Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо абвінаваціў Расею і Кубу ў тым, што яны садзейнічалі ўзьнікненьню палітычнага крызісу ў Вэнэсуэле, падтрымліваючы прэзыдэнта Нікаляса Мадура.
Заява Пампэо прагучала пасьля таго, як міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць расейскага банку «Еврофинанс Моснарбанк» за дапамогу вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі PDVSA ва ўхіленьні ад фінансавых абмежаваньняў ЗША.
«Гэтая гісторыя будзе няпоўнай без прызнаньня цэнтральнай ролі, якую адыгрывалі і адыгрываюць Куба і Расея ў падрыве мары вэнэсуэльскага народу аб дэмакратыі і дабрабыце, — заявіў Пампэо журналістам. — Масква, як і Гавана, працягвае забяспечваць палітычнае прыкрыцьцё рэжыму Мадура, патрабуючы ад іншых краін ігнараваць дэмакратычную легітымнасьць часовага прэзыдэнта Гуайдо».
«Расейская дзяржаўная кампанія "Роснефть" надалей закупляе сырую нафту ў PDVSA, дзяржаўнай нафтавай кампаніі Вэнэсуэлы, нягледзячы на санкцыі ЗША. А кіраўнік "Роснефти" Ігар Сечын працягвае ратаваць рэжым».
Пампэо абвінаваціў Маскву ў тым, што яна наклала вэта на праект рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН з заклікам забясьпечыць бесьперашкодную дастаўку дапамогі тым, хто жыве ў нястачы, і падтрымаць аднаўленьне дэмакратыі і вяршэнства закону ў Вэнэсуэле.
«Расея таксама выкарыстоўвала свае фундаваныя дзяржавай органы дэзынфармацыі, такія, як „Россия сегодня“ і „Спутник“, для адцягненьня ўвагі ад гуманітарнай катастрофы рэжыму Мадура», — дадаў ён.
Паводле Пампэо, Расія выдаткавала вялізныя сродкі ў Вэнэсуэле на падтрымку шчыльных сувязяў з рэжымам.
«Агульная сума расейскіх крэдытаў і інвэстыцыяў у Вэнэсуэле перавышае 17 мільярдаў даляраў, — сказаў ён. — Расейскія кампаніі па сёньня спрабуюць дапамагчы рэжыму Мадура ператварыць залатыя рэзэрвы краіны ў наяўныя сродкі і такім чынам працягнуць марнаваньне актываў вэнэсуэльскага народу — актываў, якія спатрэбяцца яму для аднаўленьня сваёй будучыні».
Пампэо назваў PDVSA «асабістым банкаматам рэжыму Мадура і расейскіх алігархаў і клептакратаў».
«Расея таксама пастаўляла рэжымам Уга Чавэса і Мадура вялікую колькасьць зброі, уключаючы 5 тысяч пераносных зэнітных ракетных комплексаў ды іншых відаў летальнай зброі. Крэмль падтрымлівае сваіх вэнэсуэльскіх сябрукоў насуперак волі народу сувэрэннай краіны, каб абараніць прыхільны Маскве рэжым», — падкрэсьліў ён.
Раней міністэрства фінансаў ЗША паведаміла, што ўсе амэрыканскія актывы «Еврофинанс Моснарбанк», апісаныя як сумесная ўласнасьць расейскай і вэнэсуэльскай дзяржаўных кампаніяў, будуць замарожаныя, а амэрыканскім грамадзянам забаронена весьці справы з гэтым банкам.
У міністэрстве фінансаў паведамілі, што банк створаны ў 2011 годзе пры ўдзеле вэнэсуэльскага Фонду нацыянальнага разьвіцьця, вядомага як FONDEN, які атрымаў 49 працэнтаў акцыяў банку.
Расейскі «Газпромбанк» і расейскі дзяржаўны банк ВТБ атрымалі па 25 працэнтаў акцыяў «Еврофинанс Моснарбанк», заснаванага як двунацыянальны банк для фінансаваньня сумесных расейска-вэнэсуэльскіх нафтавых і інфраструктурных праектаў, паведамілі ў міністэрстве.