3 мільярды даляраў — інфармацыя пра такі магчымы чарговы крэдыт для Беларусі ад Расеі зьявілася напярэдадні Ўсебеларускага сходу. Нібыта гэта грошы, якія Беларусь «зэканоміла» падчас будаўніцтва АЭС. Яшчэ раней, у верасьні, Расея выдзеліла Беларусі 1,5 мільярда даляраў. Калі чарговы крэдыт ухваляць, гэта будзе ўжо 4,5 мільярда даляраў менш як за год.
Больш, чым бюджэт Краснаярскага краю
Бюджэт Краснаярскага краю (адзін з самых вялікіх рэгіёнаў Расеі) на 2020 год — 3,5 мільярда даляраў. Тэрыторыя краю ў 11 разоў большая за тэрыторыю Беларусі.
Калі чарговы крэдыт Беларусі ўхваляць, то агульная сума 4,5 мільярда акажацца на 1 мільярд большаю, чым гадавы бюджэт расейскага рэгіёну, які па плошчы большы за Мэксыку.
Амаль траціна гадавых расходаў Расеі на адукацыю
12,3 мільярда даляраў Расея закладала ў бюджэт на адукацыю на 2020 год. Беларускія крэдыты — амаль траціна ад гэтай сумы.
У 115 разоў больш, чым на чыгунку ў Крыме
З 2014 году, пасьля акупацыі Крыму, Расея фінансуе чыгунку на гэтым паўвостраве. У 2020 годзе на чыгунку ў Крыме Расея выдаткавала 38,8 мільёна даляраў, або ў 115 разоў меней, чым крэдыт для Беларусі, калі Расея ўхваліць выдзяленьне яшчэ 3 мільярдаў даляраў.
Агулам, бюджэт Крыму на 2020 год — 3,1 мільярда даляраў. Што менш, чым крэдыты на 4,5 мільярда даляраў для Беларусі.
Палова Сочынскай алімпіяды
Перад алімпіядай у Сочы ў 2014 годзе Расея патраціла на будоўлю спартовых аб’ектаў, арганізацыю інфраструктуры і добраўпарадкаваньне Сочы 8,4 мільярда даляраў па сярэднегадавым курсе.
Крэдыты для Беларусі на 4,5 мільярда — больш як палова ад гэтай сумы.
У 1,7 раза больш, чым на барацьбу з анкалягічнымі хваробамі
На дзяржпраграму «Барацьба супраць анкалягічных хваробаў» зь бюджэту Расея выдзеліла ў 2020 годзе 2,6 мільярда даляраў.
Крэдытаў для Беларусі (калі Расея выдзеліць яшчэ 3 мільярды) будзе ў 1,7 раза больш.
На што хопіць новых 3 мільярдаў даляраў
Калі Расея ўсе ж выдзеліць Беларусі чарговыя 3 мільярды, то гэта толькі 13% ад агульнага дзяржаўнага доўгу Беларусі. Толькі даўгі Беларускага мэталюргічнага заводу складаюць 1,9 мільярда даляраў. 3 мільярдаў хопіць, каб пакрыць даўгі трох беларускіх заводаў, БМЗ, Гомсельмаша і МТЗ.
На тое, што ўмовы расейскага крэдыту, калі ён усё ж будзе, няясныя, зьвяртае ўвагу кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.
«Гэта могуць быць грошы расейскіх банкаў, каб пашырыць сувязі расейскіх банкаў зь дзяржаўным сэктарам Беларусі і пасьля памяняць даўгі на актывы прадпрыемстваў. Залатаць дзіркі ў бюджэце ўсё адно не атрымаецца нават пры крэдыце ў 3 мільярды, бо няма канкурэнтаздольнасьці. Крыніцы фінансаваньня такой мадэлі эканомікі вычарпаныя», — лічыць Яраслаў Раманчук.