Беларусь цалкам разьлічылася з «Газпромам» за пастаўкі газу ў студзені–верасьні 2020 году, паведамілі Tut.by у Міністэрстве энэргетыкі Беларусі. Але ў «Газпром трансгаз Беларусь» ня лічаць сытуацыю з разьлікамі за пастаўлены газ цалкам урэгуляванай.
«За пастаўлены ў студзені–верасьні прыродны газ разьлікі праведзеныя ў поўным аб’ёме», — сказала прэс-сакратарка міністэрства Вольга Казловіч. Але не назвала суму запазычанасьці, якую пагасіў беларускі бок.
У «Газпром трансгаз Беларусь» (беларуская «дачка» «Газпрому») заявілі, што 16 кастрычніка атрымалі ад газазабесьпячальных арганізацый дзяржаўных вытворчых абʼяднаньняў «Белпалівагаз» і «Нафтан» суму, роўную запазычанасьці за пастаўкі прыроднага газу ў красавіку–верасьні 2020 году ( «Белпалівагаз») і ў траўні-верасьні 2020 году («Нафтан»).
Разам з тым, парушаючы дамовы на пастаўку прыроднага газу, арганізацыі забесьпячэньня «Белпалівагазу» не падпісалі акты пастаўкі-прыёмкі прыроднага газу і акты зьверкі разьлікаў за люты–верасень 2020 году, а «Нафтан» не падпісаў акты здачы-прыёмкі прыроднага газу за сакавік–верасень і акты зьверкі разьлікаў за люты–верасень 2020 году. У аплатных дакумэнтах пэрыяд аплаты не пазначаны, пеня за нясвоечасовую аплату газу не аплочаная, паведамілі ў «Газпром трансгаз Беларусь».
У кампаніі ня лічаць сытуацыю з разьлікамі за пастаўлены прыродны газ цалкам урэгуляванай да моманту падпісаньня вышэйзгаданых дакумэнтаў, пiсьмовага паведамленьня кампаніі аб зробленых выплатах і іх прызначэньні адпаведна заключаным дамовам, а таксама поўнага пагашэньня пені.
Раней міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў казаў, што Беларусь зможа пагасіць доўг за пастаўлены газ перад «Газпромам» пасьля атрыманьня крэдыту ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця (ЕФСР) на 500 мільёнаў даляраў. Крэдыт паступіў у бюджэт Беларусі сёньня, 16 кастрычніка, паведаміла беларускае Міністэрства фінансаў. Пасьля гэтага грошы разьмеркавалі на беларускія газазабесьпячальныя арганізацыі прапарцыйна абʼёмам паставак газу.
У красавіку, калі цэны на газ на эўрапейскім рынку істотна зьнізіліся на фоне пандэміі і падзеньня нафтавых цэн, Менск стаў патрабаваць ад «Газпрому» перагляду кантракту, падпісанага 14 лютага 2020 году, калі цана на газ была на ўзроўні 2019 году — 127 даляраў за тысячу кубамэтраў.
29 траўня кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер заявіў, што кампанія гатовая пачаць перамовы з Беларусьсю аб умовах паставак расейскага газу ў 2021 годзе пасьля поўнага пагашэньня Менскам доўгу за пастаўлены газ, які ў верасьні дасягнуў 328 млн даляраў. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі пры гэтым сьцьвярджалі, што Менск ня мае запазычанасьці за імпартаваны газ.