Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля Лукашэнкі ад дзяржавы застануцца руіны», — Паротнікаў


 Аляксандар Лукашэнка. 6-ы Ўсебеларускі народны сход
Аляксандар Лукашэнка. 6-ы Ўсебеларускі народны сход

Кіраўнік праекту Belarus security blog Андрэй Паротнікаў адказвае на пытаньні, наколькі далёка беларускі рэжым гатовы ісьці ў сваіх рэпрэсіях, разважае пра люмпэнізацыю сілавых структураў і канстатуе, што Лукашэнка лічыць сябе палітыкам эўрапейскага маштабу.

  • Сьцісла:
  • Рэжым імкнецца запэцкаць у неправавой дзейнасьці максымальна шырокае кола сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў
  • Працэс, які пачаўся ў нулявыя — люмпэнізацыя сілавых структураў, асабліва войска
  • Служыць афіцэрамі ў войска ідуць людзі, для якіх гэта адзіны даступны сацыяльны ліфт
  • Менск спрабуе гуляць у геапалітычную гульню ва ўмовах, калі ніхто зь ім гуляць у гэта ня будзе

— Фактычна кожны дзень адбываюцца судовыя працэсы, агучваюцца новыя абуральныя прысуды, беспрэцэдэнтныя нават для аўтарытарнай беларускай улады. Пры гэтым, насуперак некаторым прагнозам, рэпрэсіі не зьніжаюцца. Якія стратэгію мае ўлада, ці ёсьць нейкая мяжа ў рэпрэсіях?

— Тое, што мы назіраем, — гэта загадзя падрыхтаваная кампанія па запалохваньні незадаволеных, каб не дапусьціць масавых пратэстаў увесну. Гэта патрэбна рэжыму, бо адказам на пратэсты будуць новыя хвалі рэпрэсіяў. А гэта — новыя санкцыі, пагаршэньне адносінаў з Захадам і, адпаведна, павелічэньне ўплыву Расеі ў Беларусі.

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

У красавіку сканчаюцца тэрміны прыпыненьня санкцыяў ЗША супраць беларускіх дзяржаўных кампаніяў нафтагазавага сэктару, і ўлады хацелі б выйсьці на пэўную стабілізацыю сытуацыі ўнутры краіны.

— Але калі не шукаць нейкіх схаваных прычын, а аналізаваць тыя факты, якія мы бачым, — то, акрамя прысудаў, мы назіраем і падрыхтоўку да прыняцьця пэўных драконаўскіх законаў. Ці не азначае гэта стратэгічнага курсу на пабудову ўжо не аўтарытарнай, а таталітарнай сыстэмы? Калісьці Лукашэнка сам казаў, што для пабудовы дыктатуры ў Беларусі ў яго проста не хапае рэсурсаў. Цяпер што — знайшліся?

— Трэба памятаць, што ў Беларусі мала значэньня мае, што напісана ў законе, а важна тое, як гэта выкарыстоўваецца. Давайце ўзгадаем хаця б сумнавядомы артыкул у КК аб «дыскрэдытацыі РБ», які існуе шмат гадоў, але ніводнай крымінальнай справы па ім заведзена не было. Таму драконаўскія законы і іх магчымае выкарыстаньне — гэта далёка не адно і тое ж. І ўвогуле бываюць моманты, «калі не да законаў». Беларусь — не прававая дзяржава, таму ня варта рабіць высновы з таго, якія законы прымаюцца. Самае галоўнае — гэта правапрымяняльная практыка.

— У гэтай самай практыцы таксама апошнія тыдні адбываюцца беспрэцэдэнтныя рэчы. Судовы працэс у Берасьці, дзе пацярпелымі выступаюць вайскоўцы сілаў спэцыяльных апэрацый Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын, сьведчыць пра тое, што падчас пратэстаў для іх падаўленьня выкарыстоўваліся ня толькі міліцыя і ўнутраныя войскі, але і армія, баявыя часткі. Ці было гэта законна і пра што сьведчыць гэты факт?

— Па-першае, гэта законна. Няма ніякіх абмежаваньняў у выкарыстаньні арміі ў тым, што афіцыйна называецца «падтрыманьнем правапарадку», але фактычна зьяўляецца рэпрэсіямі супраць мірных грамадзянаў.

Рэжым рыхтаваўся загадзя да таго, што адбывалася пасьля 9 жніўня. Жорсткасьць, катаваньні, зьбіцьцё — гэта ўсё было загадзя сплянавана і падрыхтавана. У дадзеным выпадку відавочна тое, што рэжым імкнецца запэцкаць у неправавой дзейнасьці максымальна шырокае кола сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў. У нашым выпадку — гэта вайсковы генэралітэт.

Гэта сьведчыць пра тое, што пасьля Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі ад дзяржавы застануцца руіны. Я маю на ўвазе дзяржаўныя інстытуты, іхніы аўтарытэт, іхную здольнасьць ажыцьцяўляць кіраваньне дзяржавай. Мы цяпер назіраем фактычна развал той рэспублікі, якую 26 гадоў фармаваў Лукашэнка.

— Вайскоўцы абавязаныя выконваць загады начальства. Але кожны супрацоўнік сілавых структураў заўсёды можа адмовіцца ісьці на пэўнае канкрэтнае мерапрыемства. Мала хто карыстаецца такой магчымасьцю. Чаму?

— Гатоўнасьць выканаць любы загад выхоўваецца гадамі падчас службы. «Ты частка вялікага калектыву, маленькі вінцік вялікай сыстэмы, твая асноўная задача — падпарадкоўвацца і выконваць загады максымальна эфэктыўна».

Але, зь іншага боку, тут ёсьць вельмі важны момант, які пачаўся ў нулявыя гады — гэта люмпэнізацыя сілавых структураў, і асабліва войска. Давайце паглядзім на ўступныя балы ў вайсковую акадэмію: пабачым, што кар’ера афіцэра прыцягальная для «двоечнікаў» і людзей зь ніжэйшых сацыяльных слаёў. Калі не памыляюся, у нас толькі 10–14 працэнтаў курсантаў, якія паступаюць у вайсковую акадэмію, — выхадцы зь сем’яў сілавікоў. Для параўнаньня, у ЗША такіх каля 60 працэнтаў.

То бок служыць афіцэрамі ў войска ідуць людзі, для якіх гэта адзіны даступны сацыяльны ліфт. Яны разумеюць, што калі зьменіцца сытуацыя, то яна закране і сілавы блёк, і запатрабуюцца новыя, больш высокія прафэсійныя якасьці для людзей, якія абіраюць афіцэрскую кар’еру.

Таму, з аднаго боку, ёсьць традыцыя падпарадкоўвацца, нават псыхалягічная неабходнасьць падпарадкоўвацца. Зь іншага боку, многія з тых, хто выконвае відавочна неправавыя загады (закон і права — не адно і тое ж), — яны такім чынам бароняць і свой сацыяльны статус і пэрспэктыву ў межах гэтай сыстэмы.

— На пачатку размовы вы сказалі, што ўлады «хацелі б выйсьці на пэўную стабілізацыю сытуацыі ўнутры краіны», у тым ліку дзеля таго, каб паспрабаваць зноў наладзіць адносіны з Захадам. Але пакуль стратэгія Лукашэнкі выглядае прыблізна так — «возьмем як мага больш закладнікаў, каб потым гандляваць імі з Захадам». Маўляў, «калі вы будзеце павялічваць санкцыі, мы будзем павялічваць рэпрэсіі супраць сваіх жа грамадзянаў, «бамбіць Варонеж», як кажуць у Расеі. І што Захад можа проціпаставіць такой лёгіцы паводзінаў?

— Захад мог бы шмат што зрабіць з таго арсэналу, які ён мае. Але, шчыра кажучы, ні халеры ня робіць.

Адносна паводзінаў беларускай улады трэба разумець, што ў сваёй сыстэме каардынатаў яны дзейнічаюць даволі рацыянальна. Тое, што журналісткі «Белсату» атрымалі 2 гады — гэта ня значыць, што падчас апэляцыі гэты прысуд будзе пацьверджаны.

Іншы момант. Аляксандар Лукашэнка шчыра верыць, што ён палітык эўрапейскага маштабу. Ня парыя, а ўплывовая асоба. Бо Беларусь займае такое важнае геапалітычнае становішча, што безь яе не абыдзесься. Таму Менск спрабуе гуляць у геапалітычную гульню ва ўмовах, калі ніхто зь ім гуляць у гэта ня будзе. І калі Менск зразумее, што гульня не атрымліваецца, — я думаю, мы пабачым шпаркія крокі па дээскаляцыі.

Усе эканамічныя пляны Менску прадугледжваюць нейкія грошы і інвэстыцыі. Адкуль яны зьбіраюцца браць гэтыя грошы? Вядома, толькі на Захадзе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG