У дакумэнце адзначаецца, што Ўкраіна мае права на самаабарону і абарону ад агрэсіі, але ня ставіць сваёй мэтай дасягнуць вайсковага парытэту з Расеяй. У адваротным выпадку гэта прывяло б «да празьмернай мілітарызацыі дзяржавы».
Удакладняецца, што стратэгія будзе спрыяць інтэграцыі Ўкраіны ў эўраатлянтычную прастору. Дакумэнт таксама прадугледжвае ўдзел краіны ў міжнародных апэрацыях па падтрыманьні міру і бясьпекі.
Раней ва Ўкраіне была прынятая стратэгія рэінтэграцыі Крыму — праз 7 гадоў пасьля яго анэксіі Расеяй.
Расейскі МЗС раней заявіў, што любыя дзеяньні Ўкраіны для вяртаньня Крыму ў свой склад нелегітымныя і будуць успрымацца як агрэсія ў дачыненьні да РФ.
Расея абвясьціла аб уключэньні Крыму ў свой склад па выніках рэфэрэндуму ў 2014 годзе. Ён быў праведзены на паўвостраве насуперак заканадаўству Ўкраіны і пасьля таго, як паўвостраў узялі пад кантроль расейскія вайскоўцы.
З прычыны анэксіі паўвострава і падтрымкі сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны ЗША і Эўразьвяз увялі супраць Расеі санкцыі. Масква называе далучэньне паўвострава «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці», а свой удзел у ваенным канфлікце ў Данбасе адмаўляе.