У паведамленьні пракуратуры не называюцца імёны артыстаў, але сьпіс тых, хто ўдзельнічаў у канцэрце, публікуе ўкраінскае выданьне Strana.ua. Сярод іх — Грыгоры Лепс, Пелагея, Аляксандар Маршал, Дзяніс Майданаў, Вольга Кармухіна, Аляксандар Буйноў, Дзіма Білан, Алег Газманаў, Валерыя, Жасьмін, Дзьмітры Харацьян, Алёна Сьвірыдава, група «Градусы», артысты Кубанскага казацкага хору і ансамбаль песьні і танцу Чарнаморскага флёту.
Аб плянах будаўніцтва Крымскага мосту ў абыход мацерыковай часткі Ўкраіны расейскія ўлады абвясьцілі адразу ж пасьля анэксіі Крыму. Аўтадарожная частка мосту была адкрытая ў траўні 2018 году, чыгуначная — у сьнежні 2019 году.
Эўразьвяз увёў санкцыі супраць дзесяці кампаній і некалькіх прыватных асоб, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве Крымскага мосту, у тым ліку — супраць фірмы «Стройгазмонтаж», заснавальнік якой — набліжаны да Ўладзіміра Пуціна бізнэсовец Аркадзь Ротэнберг. У Расеі за будаўніцтва мосту Ротэнберг атрымаў званьне Героя Працы.
Расія анэксавала Крым па выніках рэфэрэндуму ў 2014 годзе. Ён быў праведзены насуперак заканадаўству Ўкраіны і пасьля таго, як паўвостраў узялі пад кантроль расейскія вайскоўцы. Краіны Захаду лічаць гэта парушэньнем нормаў міжнароднага права. Масква называе далучэньне паўвострава «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».