87 грамадзян асудзілі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, і актыўны ўдзел у іх, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Генпракуратуры.
У гэтым артыкуле максымальная санкцыя складае 3 гады пазбаўленьня волі. Для 87 грамадзян, ужо асуджаных паводле гэтага артыкулу, у якасьці пакараньня «выбралі, як правіла, пазбаўленьне ці абмежаваньне волі, у тым ліку з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу».
«У адным выпадку асобу, якая ўчыніла грамадзка небясьпечнае дзеяньне, прызналі неадэкватнай — суд ужыў прымусовыя захады бясьпекі і лячэньня».
Прэс-служба Генпракуратуры прывяла прыклад «раскрытай маштабнай супрацьпраўнай дзейнасьці групы грамадзян». Грамадзяне В., Г., К. і Ш. з 9 жніўня па 4 лістапада 2020 году нібыта дзейнічалі з разьмеркаваньнем роляў і па папярэдняй змове зь іншымі асобамі, арганізавалі на тэрыторыі Менску і Менскай вобласьці збор актыўных і пасіўных удзельнікаў парушэньняў грамадзкага парадку, «спалучанага зь «відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады».
Іх дзеяньні нібы пацягнулі парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Пасьля чаго арганізатары «схілілі людзей да супрацьпраўных дзеяньняў і кіравалі імі». Выкарыстоўвалі інтэрнэт, адміністравалі тэлеграм-каналы.
У выніку гэтых дзеяньняў навучаныя кіраўнікамі асобы неаднаразова перакрывалі дарогі, рассыпалі на праезнай частцы небясьпечныя элемэнты.
Крымінальная справа знаходзілася ў вядзеньні галоўнай сьледчай управы Сьледчага камітэту і пасьля вывучэньня ў Генэральнай пракуратуры яе накіравалі ў Менскі гарадзкі суд. З аднаго фігуранта крымінальнай справы ўзялі падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Астатнія знаходзяцца пад вартай.