22 сакавіка ўласны карэспандэнт «Газеты Слонімскай» у Мастах Язэп Палубятка пайшоў па позьве на допыт у міліцыю на 11 гадзін. Дамоў у гэты дзень ён не вярнуўся, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
А 12-й да Палубяткі дадому прыехалі зь ператрусам, расказала БАЖ ягоная жонка Ларыса. Забралі сыстэмны блёк кампутара, мабільны тэлефон, які муж пакінуў дома, сканэр, фотаапарат. «Калі я запытала, ці вернецца муж дамоў, то сказалі, што вернецца. А калі вечарам я пазваніла дзяжурнаму і спытала, дзе муж, дзяжурны адказаў, што ён будзе сёньня начаваць у іх у міліцыі. Больш нічога не сказаў. Відаць, заўтра будзе суд, калі ня выпусьцілі. Але які, за што?.. Яны нічога ня кажуць».
У позьве зь міліцыі, якую на кватэру Палубяткі прынёс 19 сакавіка капітан міліцыі Мастоўскага РАУС Павел Сівец, не было сказана, у якасьці каго Палубятку выклікаюць на допыт. З гэтай прычыны Язэп Палубятка напісаў заяву начальніку мастоўскай міліцыі і раённаму пракурору.
Вусна капітан Сівец патлумачыў, што гэта зьвязана з публікацыямі Палубяткі ў тэлеграм-каналах. Сам Палубятка заявіў, што ніколі нічога не пісаў ні ў якія тэлеграм-каналы, а на яго кампутары і тэлефоне нават не ўсталяваны мэсэнджар Telegram.