Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыгналі аўтобус, перакрылі вуліцу». Чаму затрымлівалі слухачоў «Мовы нанова»


Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

У Ваўкавыску міліцыя прыйшла на курсы беларускай мовы «Мова нанова». Каля 30 чалавек даставілі ў мясцовы РАУС, пазьней усіх адпусьцілі.

Глеб Лабадзенка, дырэктар курсаў «Мова нанова», расказаў тэлеканалу «Настоящее время», чым беларускай міліцыі не дагадзілі ўрокі беларускай мовы і ці павялічылі леташнія пратэсты цікавасьць да курсаў:

— Што ўчора адбылося? Ці былі раней такія аблавы на наведнікаў курсаў?

— Курсы «Мова нанова» дзейнічаюць ужо сем гадоў у больш як 15 гарадах Беларусі. І ўчора ў Ваўкавыску адбылося надзвычайнае здарэньне для нас, таму што ўпершыню на курсы ня проста прыйшла міліцыя — яны прыгналі аўтобус, перакрылі вуліцу. Асабіста начальнік аддзелу міліцыі кіраваў гэтай спэцыяльнай апэрацыяй, яны пасадзілі ўсіх слухачоў курсу і выкладчыкаў у аўтобус, прывезьлі ў аддзяленьне міліцыі, пасадзілі ў актавай залі, і там яны правялі каля гадзіны. Гэта было ўпершыню на курсах, хоць міліцыя прыходзіць ужо ня ў першы раз. На рэгіянальных курсах ужо было некалькі выпадкаў, калі прыходзіла міліцыя і казала, што паступіў сыгнал, што тут нейкая апазыцыйная сходка і ім трэба разабрацца.

— Тое, што гэтыя курсы наведваюць праваахоўныя органы, выпадковасьць ці ўжо заканамернасьць, што міліцыя цікавіцца такімі мерапрыемствамі менавіта цяпер?

— Я сябе цешу такой думкай, што гэта заканамернасьць, што ім вельмі хочацца вучыць беларускую мову, яны разумеюць, што неўзабаве ў новай Беларусі яна ім вельмі моцна спатрэбіцца. А паколькі ў нас курсы ня толькі мовы, але і гісторыі культуры, то, вядома, асабліва для міліцыянтаў было б вельмі карысна пабыць на курсах.

Але калі гаварыць пра цяперашні час, вядома, у нас празь некалькі дзён галоўнае сьвята — Дзень Волі. Гэта дзень незалежнасьці Беларусі, 103 гады таму была абвешчана незалежнасьць. І, вядома, гэта параноя перад Днём Волі. Яны шукаюць любыя сходы людзей, напэўна, думаюць, што людзі там нешта задумваюць.

— Курсы называюцца «Мова нанова». Растлумачце, калі ласка, ці абмяркоўваюцца нейкія палітычныя аспэкты на гэтых курсах? Хто іх наведвае, акрамя праваахоўных органаў?

— Нашы курсы наведваюць каля 500 чалавек. Вы ведаеце, мы заўсёды казалі, што мы без палітыкі, але апошнія паўгода ў нас у жыцьці не засталося сфэраў без палітыкі. Можна вывесіць майку на балькон і трапіць на 15 сутак. Атрымліваецца, што палітыка трапіла ўжо нават у тваю кватэру, на твой балькон без тваёй згоды.

Я ўчора ехаў і бачыў, як міліцыянты з вудай здымаюць з дрэва чырвона-белыя стужачкі. Я нават дзецям сказаў: «Калі вы будзеце дрэнна вучыцца ў школе, вы пойдзеце працаваць у міліцыю і будзеце здымаць чырвона-белыя стужачкі».

Я ня ведаю, што ў нас наогул без палітыкі, але на курсах мы не гаворым пра палітыку як пра такую.

— На вашым сайце напісана, што праз COVID-19 большасьць заняткаў цяпер прыпынена і што колькасьць наведнікаў значна скарацілася праз падзеі ў краіне. Аказваецца, што нават на моўныя курсы хадзіць небясьпечна?

— Вы ведаеце, усё ж такі каранавірус быў першай прычынай, дзеля якой мы перайшлі ў онлайн. Курсы працягваюць дзейнічаць ва ўсіх гарадах, дзе яны дзейнічалі, толькі ў большасьці гарадоў яны цяпер ідуць у зуме ў інтэрнэце. У нас у чатырох гарадах засталіся жывыя курсы. Заўсёды выкладчыкі самі прымаюць рашэньне — рабіць ім онлайн або рабіць ужывую, таму што шмат хто перахварэў, у многіх ёсьць імунітэт, хтосьці ня верыць у каранавірус і гэтак далей. Таму першай прычынай, вядома, быў каранавірус. Але цяпер разумею, што Ваўкавыскі РАУС зрабіў нам такую добрую бясплатную рэкляму, напэўна, цяпер колькасьць наведнікаў павялічыцца ўсё ж.

— Акрамя гэтай рэклямы, як вы лічыце, у сувязі з падзеямі ў Беларусі павялічылася цікавасьць саміх беларусаў да беларускай мовы?

— Так, у апошнія месяцы мы назіраем вельмі прыемную для нас зьяву — гэта нізавая цікавасьць да беларускай мовы, да культуры. Напрыклад, нам прыходзіць шмат запытаў ад такіх мясцовых суполак, ад мясцовых чатаў пра тое, што яны ўжо паглядзелі наш сайт, яны паглядзелі нашы тэлепраграмы і ім хочацца вучыць беларускую мову. Мы ім дасылаем нейкія матэрыялы, мы праз зум выходзім на відэасувязь. Гэта вельмі прыемна.

Напрыклад, два тыдні таму да нас зьвярнуліся мэдыкі, а вы ведаеце, што на лекараў у нас адбываецца вельмі вялікі ціск цяпер, і вось яны на хвалі ўсяго гэтага, ці проста таму, што час такі, прыйшлі да таго, што яны хочуць вучыць беларускую мову. Мы дапамаглі ім арганізаваць групу спэцыяльна для мэдыкаў, дзе яны вучаць сваю адмысловую лексыку.

— Вы кажаце, што ў тым ліку праз каранавірус больш пераходзіце ў онлайн, але чаму ўчора адбыліся курсы ў Ваўкавыску не онлайн?

— Я сказаў, што ў чатырох гарадах курсы працягваюцца ў рэальным жыцьці, у тым ліку ў Ваўкавыску. Справа ў тым, што Ваўкавыск у нас адкрыўся ня так даўно — каля Новага году толькі адкрыліся курсы. І там вельмі энэргічныя выкладчыкі. Мы таксама казалі: «Разважце ўсё — быць у рэале або быць у онлайн». Але вы ведаеце, туды ходзіць больш за 30 чалавек, мы выконваем масачны рэжым і гэтак далей. І там у людзей вялікі ўздым, ім вельмі хочацца гэта ўсё вучыць. І мы ня можам забараніць ім хадзіць на курсы ўжывую.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG