Яе можна было пачуць і ўбачыць падчас вулічных выступаў артыстаў філярмоніі і на імправізаваных канцэртах салідарнасьці з трупай Купалаўскага тэатру; на штовечаровых зборах пад Чырвоным касьцёлам і ў плыні традыцыйных нядзельных маршаў; у эпіцэнтры жаночых акцый і на дваровых сустрэчах.
Апошнія месяцы скрыпка зачахлёная, прынамсі для беларускіх слухачоў. Калі рэпрэсіі дасягнулі апагею і творцаў разам зь іншымі пратэстоўцамі пачалі судзіць, саджаць і выпісваць непад’ёмныя штрафы, Тацяна пагадзілася на прапанову свайго турэцкага сябра перачакаць навалу ў Стамбуле.
Ці здолела беларуская сьпявачка адаптавацца ў 17-мільённым мэгаполісе? Рэпартаж Свабоды.
Месца прыцягненьня — музэй Адама Міцкевіча
Тацяна і Мустафа Сабры жывуць у азіяцкай частцы гораду, падзеленага пралівам Басфор. Па-першае, тут, у раёне Аташэгір, мужчына працуе ў камэрцыйнай фірме. Па-другое, арэнда жыльля таньнейшая ў параўнаньні з эўрапейскай часткаю. Па-трэцяе, транспарт разьвіты добра, дабрацца да патрэбнага месца не складае праблемаў.
Дамаўляемся на сустрэчу каля знакавага месца — музэю Адама Міцкевіча. У свой час будынак набыў Адам Чартарыйскі, пазьней у ім знайшлі прытулак многія прадстаўнікі вызвольнага руху.
У тагачасны Канстантынопаль паэт, асьветнік, грамадзкі дзяяч прыехаў з паплечнікамі ўвосень 1855 году. Мэта — арганізаваць легіён з ураджэнцаў Рэчы Паспалітай дзеля дапамогі Англіі і Францыі ў барацьбе з Расеяй падчас Крымскай вайны. Аднак неўзабаве горад накрыла эпідэмія халеры, і ў канцы лістапада Адам Міцкевіч памёр.
Як вынікае з надпісу на мармуровым помніку ў склепе, пакуль вырашаліся бюракратычныя нюансы з адпраўкай парэшткаў, больш як на месяц прытулкам для нябожчыка стаў якраз гэты дом. Урэшце цела перавезьлі ў Парыж на могілкі Манмарансі, а ў 1890-м перазахавалі ў саборы Сьвятых Станіслава і Вацлава ў Кракаве.
Польская дыпляматычная місія і ўрад Турэччыны ўзялі на сябе клопат аб падтрыманьні ў належным стане будынку і папаўненьні экспазыцыі. А вось кансулят Беларусі, паводле супрацоўніка ўстановы, не выяўляе да месца ніякага зацікаўленьня, хоць будучы творца зьявіўся на сьвет пад Наваградкам.
Такое стаўленьне ставіць у тупік нават турка Сабры, які пад уплывам сваёй сяброўкі Тацяны стаў някепскім знаўцам беларускай гісторыі.
«Раней Сабры наведваў вёску Палянэзкёй, заснаваную польскімі паўстанцамі-эмігрантамі, — расказвае Тацяна. — Там і вуліца, і помнік, хоць прозьвішча ў памяці адклалася не адразу. А як пазалетась прыехаў у Беларусь, мы разам вандравалі на Сьвіцязь, у Наваградак, Вільню, дзе Міцкевіч сядзеў. Тады, дарэчы, Сабры даведаўся і пра Каліноўскага, і пра Касьцюшку, і пра Агінскага, бо зазірнулі таксама ў Залесьсе. Вярнуўшыся дадому, першым чынам знайшоў музэй, даслаў мне здымкі. Цяпер вось шукаем сьляды Агінскага: ёсьць зьвесткі, што прыкладна год ён жыў у Канстантынопалі. Магчыма, адказ будзе ў архівах».
Мустафа Сабры — адстаўны вайсковец. Мае чорны пояс па таэквандо, 2500 скачкоў з парашутам і сотні гадзін пагружэньня з падводным абсталяваньнем.
Пуцяводная зорка — вандроўнік Язэп Драздовіч
Тацяна Грыневіч-Матафонава нарадзілася ў Ашмяне ў 1977 годзе. Скончыла маладачанскую музычную вучэльню імя Агінскага і менскі Ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў. 12 гадоў адпрацавала ў камэрным філярманічным хоры, скрыпачка капэлі «На таку», супрацоўнічала з хорам праваслаўнага сабору польскай Гайнаўкі. Ад 2008-га як сольная сьпявачка выступае ў школах, бібліятэках, музэях. Асноўныя захапленьні — беларускі раманс, дзіцячыя песьні, народныя танцы.
Ад 2005 году запісала 14 кампакт-дыскаў. У іх ліку супольныя працы з паэтам Сержуком Сокалавым-Воюшам «Пасьпеўкі» і «Гукаю цябе», анталёгія беларускага рамансу «Шыпшына», тры «Дзіцячыя альбомы» (два першыя ў альянсе са Зьмітром Сідаровічам). Аўтарка трох аўдыёдапаможнікаў для школы: «Няма прыгажэй ад маёй Беларусі», «Сотня вершаў» (з праграмы для вывучэньня на памяць і выразнага чытаньня, песьні для сьвятаў, лінеек, выпускных), а таксама «Галасы паэтаў» з шасьцю дзясяткамі беларускіх творцаў.
«Мая актыўная грамадзянскасьць пачалася ня ў выбарную кампанію, нашмат раней, — удакладняе Тацяна. — Спачатку езьдзілі па краіне з паэтам Міхасём Скоблам, а дзесьці 2,5 года таму, як той Язэп Драздовіч, распачала працяглыя туры-вандроўкі па Беларусі, зазірала ў буйныя гарады і аддаленыя вёсачкі, сустракалася са школьнікамі, выступала на курсах „Мова нанова“. Важна было натхніць людзей. Бо прыяжджаеш у школу, настаўнікам падаецца, што ўсё бессэнсоўна, ніхто іх ня чуе. А калі ў часе майго выступу і дзеці, і выкладчыкі разам сьпяваюць, танцуюць, усё раптам зьмяняецца! Зноў на пад’ёме, дзякуюць. Найлепшая ўзнагарода».
Ня кідае яна свайго занятку і цяпер. Асвоіўшы праграмы Zoom і Google Meet, ладзіць інтэрактывы са сьпевамі пад акампанэмэнт гітары. Дыстанцыйна ўжо сустрэлася са слухачамі з Глыбокага, Шаркаўшчыны і Рэчыцы, на падыходзе іншыя адрасы.
Праўда, асобным суседзям такая дзейнасьць не зусім даспадобы — давялося выслухаць скаргі на «залішнія дэцыбэлы». І ўсё ж спадзяецца: паколькі культура ня мае межаў, урэшце ўдасца паразумецца.
Пераломны момант — мэмарыял Тарайкоўскага
Тацяна кажа, што заўсёды мела імпэт да новых моваў. Спачатку для сьпеваў вывучыла італьянскую, затым узялася за турэцкую. Неўзабаве праз Facebook пазнаёмілася з Сабры, віртуальнае знаёмства паступова перарасло ва ўзаемны інтарэс. Першым у Беларусь наведаўся ён, было некалькі візытаў у адказ. Перадапошні — на пачатку выбарнай кампаніі.
«У чэрвені адсюль я назірала, як выстройваліся чэргі падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, як зьняволілі Віктара Бабарыку з сынам, як жорстка разганялі першыя акцыі. Натуральна, разам зь іншым замежжам актывізаваліся і нешматлікія беларусы Стамбулу, таксама вырашылі зрабіць свой унёсак у пратэставы рух. У выніку чалавек 20 сабраліся пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, на нашае відэа салідарнасьці тады спасылаліся СМІ і сацсеткі. А ў канцы ліпеня вярнулася назад. Тыдзень пагасьцявала ў мамы, і неўзабаве пачалася выбарная эпапэя», — кажа Тацяна Грыневіч-Матафонава.
З дарослым сынам Адасем яны жывуць недалёка ад Менску. Згадвае, што ў дзень выбараў 9 жніўня сьвяточна апрануліся ў белыя строі і выправіліся галасаваць. Увечары пайшлі спраўдзіць вынікі — на ўчастку перамагла Сьвятлана Ціханоўская, чаму шчыра парадаваліся. Але эўфарыя хутка сышла: спачатку лёг інтэрнэт, а ўвечары пачалі прарывацца навіны пра дзікунства сілавікоў.
«Тры дні сядзелі, страшна было выбрацца ў горад. А пасьля паехалі з Адасем на Пушкінскую, дзе забілі Тарайкоўскага, паклалі кветкі. І так вось пачаўся рух. Выйшла філярмонія, „Сьпеўны сход“ ля Купалаўскага... Дома ўжо было ня ўседзець, кожную раніцу — як на працу. 16 жніўня са скрыпкай і гармонікам дайшлі ад філярмоніі да стэлы, музіцыравалі на фоне небывалага маральнага ўздыму. На наступны дзень пачалі зьбірацца на плошчы Незалежнасьці. Памятаю, дастала скрыпачку, пачала ціхенька граць „Муры“. Абступілі людзі, тры гадзіны сьпявалі, танцавалі. Цягам месяца штодня была там».
Штурхальная сіла — «Муры» і «Купалінка»
Разам з выказваньнем уласнай пазыцыі Тацяна трымала за мэту беларусізацыю грамадзтва — тое, чым займалася ў сваёй звыклай дзейнасьці. Той жа нефармальны гімн «Муры» напачатку гучэў з дынамікаў альтэрнатыўных кандыдатаў збольшага ў расейскамоўным варыянце, але празь месяц усё стала на свае месцы. Хутка знайшлі ўправу і на прапаганду.
«Каб нас заглушыць, над плошчай уключалі гучную музыку савецкіх гадоў, — сьмяецца Тацяна. — Тады танцавалі пад яе — вальс, факстрот. Знаходзілі спосаб. Было добра, душэўна. Хоць і страшна, бо вакол амапаўцы, туды-сюды шныпараць бусікі. Жанчыны потым казалі: бывала, такая навальваецца роспач, што разгоняць або арыштуюць, але ўлучалася скрыпка, усе падхоплівалі „Купалінку“, адчай адступаў. Таму падыходзілі і сталыя, і маладыя, дзякавалі, што не давала „зьдзьмуцца“. Хоць мая энэргія таксама не бясконцая, за месяц страціла 7 кіляграмаў. Але тэлефануюць: „Таня, трэба быць, безь цябе ніяк“. Забываеш на стому, устаеш і ідзеш».
Празь месяц сілавікі ўсё ж «зачысьцілі» плошчу Незалежнасьці. Многіх пратэстоўцаў затрымалі і асудзілі. Разам зь іншымі музыкамі Тацяна Грыневіч-Матафонава пайшла з канцэртамі ў двары. Гэта было яшчэ адно пасьпяховае ноў-хаў той палітычнай кампаніі. Аднак калі арыштавалі першых калегаў — Аляксандра Памідорава і Ўладзіслава Наважылава — паўстала пытаньне выбару: таксама апынуцца за кратамі ці ўзяць паўзу.
«Затэлефанаваў Сабры: у Менску становіцца небясьпечна, прылятай у Стамбул... Мне ўжо давялося пабегаць, бо ў турму ня вельмі хацелася. Памятаю, сьпяваю „Калыханку“ Генадзя Бураўкіна, а „чорныя“ тым часам замкнулі дзьверы ў Чырвоным касьцёле, пачаўся хапун. Людзі пабеглі, я таксама ўскокваю, хапаю футарал, скрыпка падае на зямлю. Усё ў ахапак — і наўцёкі. Гэтаксама ратавалася ад гатэля „Юбілейны“, калі падагналі аўтазакі. Жахлівы стрэс. Родныя, натуральна, хвалююцца, бо агрэсія сілавікоў толькі нарастала... Рашэньне не было простае, але 26 верасьня 2020 году я прызямлілася ў Турэччыне», — расказвае сьпявачка.
Цяпер Тацяна ў бясьпецы, хоць вельмі перажывае за тых, хто штодня рызыкуе свабодай на радзіме.
Надзейны тыл — турак Мустафа Сабры
1 чэрвеня споўніцца два гады, як Тацяна і Сабры пазнаёміліся. Свой турэцкі тыл яна ацэньвае як «надзвычай надзейны».
«Ён „пагрукаўся“ ў сябры, я ўжо магла пісаць па-турэцку, завязалася ліставаньне, — згадвае яна. — Па першых кантактах склалася ўражаньне, што чалавек прыстойны, адказны, уважлівы, культурны. У яго дзьве адукацыі — вайсковая і эканамічная. З ранейшага вопыту зносінаў магу параўнаць, што зусім іншы ўзровень. Плюс надзвычай арганізаваны, дысцыплінаваны. Ёсьць задача — яе трэба выканаць. Для любой жанчыны гэта вельмі важна. Сабры мяне ва ўсім падтрымлівае, падзяляе маю грамадзянскую пазыцыю. Ён чалец апазыцыйнай партыі Атацюрка, выдатна разумее прыроду аўтарытарных кіраўнікоў».
Было б дзіўна, каб Тацяна не паўплывала на Сабры ў моўным пляне. Ягоны слоўнікавым запас імкліва пашыраецца: ад традыцыйных «прывітаньне», «дзякуй», «як справы?» да надзённых лёзунгаў «Жыве Беларусь!» і «Лукашэнку ў аўтазак». Сам ён ніяк ня можа зразумець, чаму карэнныя насельнікі не гавораць на роднай мове, не шануюць выбітных нараджэнцаў сваёй зямлі.
Ня зь першай спробы, але рэвэрансы ў бок беларускай сяброўкі ўдалося выцягнуць і з Сабры, які праз вайсковае выхаваньне аддае перавагу ня словам, а справе. На пытаньне — ці адрозьніваюцца славянскія, беларускія жанчыны ад тутэйшых — адрэагаваў так:
«Ад таго, што ў СССР была цяжкая эканамічная сытуацыя, асабліва пасьля апошняй вайны, жанчыны ў Беларусі больш загартаваныя, здольныя прымаць рашэньні. Тут яны не такія. Таксама і ад таго, што ва ўмовах патрыярхату стагодзьдзямі іх абмяжоўвалі, не давалі самастойнасьці. І нават калі Атацюрк даў свабоду, аказаліся непадрыхтаванымі. Мяркую, 50% нашых жанчын жывуць па старых культурных лякалах: нараджаць дзяцей і „прыслужваць“ мужу. А вось Тацяна — яшчэ і партнэрка, напарніца, можна вырашаць супольныя задачы. Парадаксальна: нягледзячы на розныя мовы, знайсьці агульную лягчэй».
Цяпер Тацяна і Сабры разам асвойваюць новыя тэхналёгіі — здымаюць ролікі на гістарычныя і культурныя тэмы. Тэхнічна да ладу іх даводзіць Адась і выкладвае ў YouTube-канал «Matafan Record». Напрыклад, пра той жа музэй Адама Міцкевіча ці хрысьціянскі Стамбул. Што да пратэставай актыўнасьці, то праз складанасьці камунікацый у неабдымным мэгаполісе (памеры гораду — 100 на 50 кілямэтраў) яна таксама перафарматавалася.
«У асноўным тутэйшыя беларусы — гэта замужнія жанчыны зь дзецьмі, — тлумачыць Тацяна. — Таму мне прасьцей самой пад’ехаць да іх, пасьпяваць, зрабіць фатаздымкі. Асабліва цешыць, калі сустракаеш аднадумцаў зусім выпадкова. Скажам, плывеш на караблі, ціхенька сьпяваеш пад гітару „Магутны Божа“, а ў канцы чуеш: „Жыве Беларусь!“. Аказваецца, вандруюць маладыя гамельчукі. Або граеш ля храму Сафіі на скрыпцы „Купалінку“, спыняюцца людзі і пад той жа вокліч дастаюць з торбы вялізны бел-чырвона-белы сьцяг. Ну, і сэлфі на памяць. Вельмі радасныя нефарматныя эпізоды, якія заўсёды грэюць сэрца».
Супольная мара — новая Беларусь
Пэрспэктывы вяртаньня на радзіму пакуль неакрэсьленыя, з горыччу ў голасе кажа Тацяна Грыневіч-Матафонава. Мяркуючы па навінах, абсалютна рэальна трапіць з аэрапорту проста за краты — як у выпадку са спартоўкай Аленай Леўчанкай ці журналісткай Юліяй Слуцкай. Адпаведна, ня хочацца лішні раз і рызыкаваць.
«Цягне дадому, але хто ведае, як прымуць? Пішуць, тэлефануюць, хочуць убачыць ужывую, а ня толькі праз мэсэнджары. Плянаў шмат, хацелася б з добрымі людзьмі і пасьпяваць, і патанцаваць. Дый Сабры наўрад ці пагодзіцца, каб я рызыкавала. Хоць Турэччына сама ня „белая і пухнатая“, ён ня ўцяміць, як можна кагосьці пасадзіць за песьні? Тады паказваю ў сеціве, што хапаюць цэлымі гуртамі, нават разам з гледачамі — як РСП, Такінданга, Стыльскага. Тут жа лёгікі няма, не зразумела, чаго ад тых „праваахоўнікаў“ чакаць. Або беспрычынная жорсткасьць людзей у форме, садызм. На турэцкі розум гэта выглядае дзікунствам».
Мустафа Сабры марыць зноў наведаць Беларусь. «Новую», — асабліва падкрэсьлівае ён. Бо такая краіна заслужыла нашмат лепшага, чым цяперашні палітычны рэжым, які папросту вынішчае сваіх апанэнтаў.
«Калі прыехаў першы раз, памежнікі ледзь не гадзіну разглядалі пашпарт — маўляў, чаго забыўся? Зрэшты, больш праблемаў не было, а Менск пакінуў наймацнейшае ўражаньне. Я быў у ЗША, Англіі, з экс-савецкіх рэспублік — у Азэрбайджане. Ваша сталіца ўразіла прасторай, сплянаванасьцю, дарогамі. Мару вярнуцца зімой: у сьнег, мароз, далей ад сьпёкі... Таня паказала Белавескую пушчу, якраз быў вясельле-фэст Сержука Доўгушава. У захапленьні ад старадаўніх строяў, сьвяточных абрадаў, сьпеваў і танцаў. Адзінае, расчаравала, што беларусы грэбуюць сваёй мовай, бо расейская, як ні круці, усё ж замежная. Моўная палітыка проста шакуе».
Каб лепш пазнаць музычныя традыцыі Турэччыны, нейкі час таму Тацяна Грыневіч-Матафонава вырашыла пазмагацца за вакансію ў мясцовым хоры. Падала заяўку, праслухалася, пасьпяхова прайшла ўсе этапы адбору. Але выявілася, што камэрцыйны праект мае вельмі ўскоснае дачыненьне да творчасьці.
«Падавала заяўку збольшага дзеля жарту, не разумела, ці патрэбны мне той „хор турэцкага“. Я 12 гадоў адпрацавала ў філярмоніі, ведаю ўсе нюансы. Прывабіла, што выконваюць і сусьветныя творы, і свае. А тутэйшая музыка вельмі своеасаблівая — і мэлядычна, і рытмічна. У маім рэпэртуары шэсьць турэцкіх песень, але працэс развучваньня надзвычай складаны. Калі спрабавала асвоіць самастойна, мозг проста стогне, цяжкі памер. Таму хацелася апынуцца ўнутры працэсу. Але аказалася, што гэта такі бізнэс дырыжора, які арганізаваў паўтысячы чалавек і зьбірае па 100 даляраў „унёскаў“. А як толькі камэрцыйны інтарэс, то дзякуй, ня трэба».
Але мара-мінімум на аглядную будучыню ўсё ж ёсьць, дадае Тацяна. Пакуль яны з Сабры здымалі ролік «Каляды на Басфоры», у адным з касьцёлаў пазнаёміліся з арганістам. Схадзілі на рэпэтыцыю, пасьпявалі і папярэдне дамовіліся: як каранавірус пойдзе на спад, падрыхтуюць праграму для зборнага канцэрту.