Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ў перапынку перад другім таймам». Саша Філіпенка — пра дзейнасьць Чырвонага Крыжа і маральна-этычную рэвалюцыю


Саша Філіпенка ў Менску. Архіўнае фота.
Саша Філіпенка ў Менску. Архіўнае фота.

Пісьменьнік Саша Філіпенка — аб прапанове кіраўніку Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа Пэтэру Маўрэру наведаць беларускія турмы, пра аргумэнты, якія чуюць высокія міжнародныя чыноўнікі, пра літаратурныя творы аб мірным пратэсьце беларусаў і пра цяперашні этап «маральна-этычнай рэвалюцыі».

Сьцісла

  • Калі выкарыстоўваць футбольную мэтафару, мы згулялі першы тайм, цяпер перапынак, наперадзе другі тайм, у якім абедзьве каманды пачнуць вельмі асьцярожна, каб не прапусьціць вырашальную контратаку. Мы пераможам у дадатковы час ці ў сэрыі пэнальці.
  • Вельмі важна, каб цяпер беларусы вялі дзёньнікі. Будзе здорава празь некаторы час іх чытаць, бо гэта дакумэнты эпохі.
  • З аднаго боку, яны не да канца разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, а з другога боку, Чырвоны Крыж складана нечым уразіць, бо яны штодня сутыкаюцца з горам.
  • Мне пашанцавала, што ў мяне ёсьць голас у эўрапейскіх СМІ, што я, напэўна, знаходжу інтанацыі, якія не застаюцца незаўважнымі.
  • Мой ліст мог бы і не зьявіцца, калі б на сустрэчы прэзыдэнт Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа сказаў, што мы зробім усё, што можам і што ад нас залежыць, каб праінспэктаваць беларускія турмы.


«Увесь канфлікт у краіне толькі таму, што адзін чалавек не захацеў разьвітацца з уладай»


— Вы называлі беларускую мірную рэвалюцыю маральна-этычнай рэвалюцыяй. Як бы вы цяперашні этап гэтага працэсу вызначылі?

— Па-ранейшаму лічу рэвалюцыю маральна-этычнай. Патрабаваньні не зьмяніліся — людзі па-ранейшаму хочуць новых выбараў, каб іх перасталі выкрадаць на вуліцах, каб былі вызваленыя палітзьняволеныя. Цяпер мы на піку рэпрэсій у Беларусі. Махавік запушчаны, штодня прысуды, крымінальныя справы. Дзяржава спрабуе запалохаць, пасадзіць усіх, каго зможа, заводзіць новыя і новыя справы, каб не дапусьціць новай вясны.

Калі выкарыстоўваць мэтафару футбольнага матчу, то мы згулялі першы тайм, цяпер перапынак, наперадзе другі тайм, у якім абедзьве каманды пачнуць вельмі асьцярожна, прыглядаючыся адна да аднае, каб не прапусьціць вырашальную контратаку. Я цьвёрда перакананы, што беларускае грамадзтва ўсё роўна пераможа, у дадатковы час ці ў сэрыі пэнальці. Ня можа група людзей, якая захапіла ўладу, тэрарызаваць цэлую краіну. Некаторы час можа, але я спадзяюся, што гэта будзе нядоўга, і гэта зразумеюць нават людзі, якія знаходзяцца ўнутры гэтай групоўкі.

У беларусаў вельмі простыя і элемэнтарныя патрабаваньні, і ўвесь канфлікт у нас у краіне толькі таму, што адзін чалавек не захацеў разьвітацца з уладай, а таксама набліжаныя да яго людзі. Мне ўсё роўна, хто будзе наступным прэзыдэнтам Беларусі, важней запусьціць мэханізм, каб гэта працавала. Ціханоўская набрала так шмат не таму, што ўсе беларусы галасавалі за яе. Відавочна, што беларусы галасавалі супраць аднаго чалавека. Я б хацеў, каб у нас адбыліся выбары, на якіх кожны зможа прагаласаваць як захоча...

— Вы былі ў Менску падчас вулічных мірных акцый. З чым можна параўнаць гэтае адчуваньне побач з сотнямі тысяч людзей?

— Я быў на Плошчы ў 2010 годзе. У некаторай ступені гэта можна параўнаць, хоць тады не было так маштабна. Тыя падзеі зрабілі на мяне моцнае ўражаньне і падштурхнулі напісаць раман «Былы сын». У 2020 годзе было адчуваньне адзінства і салідарнасьці, вялікай радасьці. Напэўна, мы ўсе крыху памыляліся тады, што гэта атрымаецца хутка і мы зможам фарсіраваць падзеі. Цяпер нам усім трэба перавесьці дух. Вельмі важна заставацца тымі, кім мы былі тым летам.

«У Беларусі яны навучылася добра зарабляць, а ўнёскі на Чырвоны Крыж у выніку ідуць на фальсыфікацыю выбараў»


— Вы прапанавалі кіраўніку Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа Пэтэру Маўрэру наведаць беларускія турмы, на што вам адказалі, што ў арганізацыі на гэта няма адпаведнага мандату. Ці ёсьць у вас спадзеў, што адрасныя публічныя звароты да кіраўніцтва гэтай міжнароднай арганізацыі дадуць вынік, як гэта было ў выпадку зь Міжнароднай фэдэрацыяй хакею?

— Я цьвёрда перакананы, што вынік будзе. Можа, ён будзе не такі дакладны, як гэты было з чэмпіянатам сьвету, калі яго адмовіліся праводзіць у Менску. Нягледзячы на заяву прэзыдэнта Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа пра адсутнасьць магчымасьці і нейкія іншыя пратакольныя рэчы, усё ж яны ня могуць не рэагаваць. Гэта вялікі скандал, што беларускі Чырвоны Крыж займаецца фальсыфікацыяй выбараў і ўвогуле займаецца зусім ня тым, чым павінен быў бы. У сувязі з гэтым Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, які думае пра сваю рэпутацыю, павінен зрабіць захады, размаўляць зь беларускім бокам.

Безумоўна, яны будуць праводзіць унутранае расьсьледаваньне. Іншая справа, што гэта можа адбывацца колькі заўгодна доўга, а людзі, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, ня могуць чакаць гадамі завяршэньня расьсьледаваньня ў Чырвоным Крыжы.

— Чырвоны Крыж — перадусім гуманітарная арганізацыя. Як можна не зважаць на гуманітарны крызіс у Беларусі...

— З аднаго боку, яны не да канца разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, з другога боку, Чырвоны Крыж складана нечым уразіць. На жаль, яны штодня сутыкаюцца з горам. У Жэнэве на плошчы перад Палацам нацый разгорнутыя намёты актывістаў, якія заклікаюць зьвярнуць увагу на тое, што адбываецца ў іх краінах. І гэта страшнае месца, бо разумееш, якія страшныя рэчы адбываюцца ў Бахрэйне, Індыі, Кітаі ды іншых краінах менавіта цяпер. І тут яшчэ і беларусы заклікаюць зьвярнуць на сябе ўвагу.

Тым ня менш ёсьць мала краінаў у сьвеце, дзе адбываліся б такія страшэнныя рэчы, як у Беларусі. І калі Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа будзе бязьдзейнічаць ці ніяк ня зьверне ўвагу на падзеі ў Беларусі, мы можам задаць пытаньні донарам, спонсарам — ці варта ўліваць такую колькасьць грошай у гэтую арганізацыю? У Беларусі яны навучылася добра зарабляць — ад людзей на прадпрыемствах патрабуюць аддаваць пэўны працэнт ад свайго заробку ў Чырвоны Крыж, школьнікаў прымушаюць плаціць унёскі ў Чырвоны Крыж. А на выхадзе — плацім унёскі для таго, каб гэтая арганізацыя фальсыфікавала выбары.

Калі раней яны маглі сказаць, што ня ведалі, то цяпер у Жэнэве абсалютна дакладна ведаюць пра ўсё, што адбываецца ў Беларусі. Яны кажуць, што арганізацыі гарызантальныя, што яны ня могуць паўплываць на беларускі Чырвоны Крыж, што гэта незалежная арганізацыя. Яны, канечне, могуць. Яны кансультуюцца, кантактуюць. Думаю, што найбліжэйшым часам мы пабачым першыя вынікі.

— Падобная камунікацыя была ў вас з Рэнэ Фазэлем, старшынём Міжнароднай фэдэрацыі хакею. У выніку агульных намаганьняў з самых розных бакоў правядзеньне чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску было скасаванае. Якую мову, якія аргумэнты чуюць чыноўнікі такога ўзроўню? Як да іх дагрукацца?

— Добра працуе ўсё разам эўрапейскае грамадзтва. Калі я задаваў свае пытаньні Рэнэ Фазэлю, якія былі апублікаваныя ў нямецкім выданьні Frankfurter Allgemeine Zeitung, гэта быў ня толькі адкрыты ліст. Нямецкія журналісты, якія працуюць у гэтым выданьні, дублявалі гэтыя пытаньні на той выпадак, калі раптам Рэнэ Фазэль зь нейкай прычыны не адрэагуе належным чынам. Фазэль сказаў прыкладна тое, што сказаў Пэтэр Маўрэр. Ён сказаў, што такую лухту не чытае, у адказ на пытаньне швайцарскай журналісткі, ці чытаў ён мой ліст. І калі будзе такая ж рэакцыя, рэдакцыі паўтараюць пытаньні, дасылаючы іх ужо ад сябе. І ён ня можа не рэагаваць.

Мы пабачылі, што беларускі Чырвоны Крыж таксама адрэагаваў — 5 сакавіка на сайце арганізацыі зьявіўся ліст, у якім яны вельмі хваляць сябе першыя чатыры абзацы, а потым пішуць, што ўсім супрацоўнікам Чырвонага Крыжа заўсёды паведамляюць, што палітыкай займацца недапушчальна. І нібыта выйшаў новы дэкрэт, нейкія правілы гульні, паводле якіх дакладна нельга будзе займацца палітыкай. Прынялі гэта ў лістападзе 2020 году, што кажа пра тое, што раней можна было займацца палітыкай на парлямэнцкіх выбарах 2019 і прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.

Дагрукацца можна. Мне пашанцавала, што ў мяне ёсьць голас у эўрапейскіх СМІ, што мяне чуюць, што я, напэўна, знаходжу інтанацыі, якія не застаюцца незаўважнымі. Значна важней, што іх падхопліваюць, што мне дапамагаюць як эўрапейскія журналісты, так і нашы «народныя амбасады» па ўсім сьвеце. Ліст прэзыдэнту Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа быў адразу перакладзены на мноства моваў. З гэтым лістом беларусы ў Швэцыі пайшлі ў швэдзкі Чырвоны Крыж... Калі ва ўсім сьвеце ўздымаецца адно і тое ж пытаньне, яго складана не заўважаць.


«Мяне абурыла, калі Фазэль сказаў, што чэмпіянат трэба праводзіць таму, што ўсё роўна ў Беларусі нічога ня зьменіцца»


— У вас сапраўды ёсьць голас, вашы раманы перакладзеныя на многія мовы сьвету. А што стала трыгерам, калі вы вырашылі пачаць вось такую сваю вайну ці сваё змаганьне за Беларусь?

— Мяне абурылі паводзіны эўрапейскіх чыноўнікаў і функцыянэраў, калі Фазэль сказаў, што чэмпіянат сьвету па хакеі ў Беларусі трэба праводзіць, таму што ўсё роўна нічога ня зьменіцца. Тады я зразумеў, што магу напісаць ліст, які апублікуюць у эўрапейскай прэсе. Прэзыдэнт Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа запрасіў мяне на сустрэчу ў Маскве, ён сказаў, што яму вельмі падабаецца мая кніга, што прэзыдэнт Швайцарыі яму яе парэкамэндаваў. Ён хацеў пагаварыць пра літаратуру, на што я сказаў, што мне ня вельмі цікава гаварыць зь ім пра літаратуру, мне цікава абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі. Мне падалося, што ў гэты момант ён страціў усялякі інтарэс да нашай размовы.

Для яго я быў чалавекам, які напісаў кнігу, у якой Чырвоны Крыж паказаны ў станоўчым сьвятле. У тыя моманты, якія я апісваў, Чырвоны Крыж дзейнічаў сапраўды добра. Хоць ня трэба забываць, што аўстрыйскія лягеры Маўтхаўзэн пабудавала прыватная кампанія, адным з саўладальнікаў якой быў эсэсавец, які да таго ж працаваў у Чырвоным Крыжы і выкарыстоўваў членскія ўнёскі на будаўніцтва канцэнтрацыйнага лягера. І пра гэта таксама трэба гаварыць.

Функцыянэр не зацікавіўся тым, што я яму казаў пра Беларусь. Мой ліст мог бы і не зьявіцца, калі б на сустрэчы прэзыдэнт Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа сказаў, што мы зробім усё, што можам і што ад нас залежыць, каб праінспэктаваць беларускія турмы. Рэакцыі ніякай не было. Мне падалося гэта недапушчальным у адносінах да сытуацыі ў Беларусі. І гэта не пытаньне, што я асабіста хачу зьвесьці рахункі з прэзыдэнтам Чырвонага Крыжа. Мне абсалютна ўсё роўна, хто гэта, як і яму абсалютна ўсё роўна, хто я. Мне хочацца, каб працавалі мэханізмы, і калі адбываецца нешта недапушчальнае і мы ня можам справіцца з сытуацыяй у Беларусі, каб нам дапамаглі арганізацыі, якія павіны гэтым займацца. Я не прашу кампаніі ŠKODA ці NIVEA ўвайсьці ў беларускія турмы, я прашу зрабіць гэта арганізацыю, якая павінна і можа гэта зрабіць.


«Няма жаданьня пісаць гэтыя лісты, а ёсьць жаданьне дапамагчы беларусам выбрацца з гэтай катастрафічнай сытуацыі»


— Ці сутыкаліся вы ў сваім жыцьці з прадстаўнікамі і дзейнасьцю Чырвонага Крыжа, акрамя працы ў архівах пры напісаньні аднайменнага раману?

— Не сутыкаўся. Патрэбныя мне архівы знаходзіліся ў Жэнэве, і я працаваў са швайцарскім архіварыюсам. У Менску я толькі праходзіў ля дзьвярэй Чырвонага Крыжа. Быў знаёмы з супрацоўнікамі маскоўскага Чырвонага Крыжа, якія, калі выйшла мая кніга, правяралі, ці не напісаў я штосьці ня тое пра Чырвоны Крыж. Тады яны засталіся задаволеныя. Прэзыдэнт Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа ў кастрычніку некалькі разоў пераносіў сустрэчу ў Маскве, тлумачыў, што ў яго важныя сустрэчы зь Мішусьціным і Лаўровым. На мяне гэта, напэўна, павінна было зрабіць вялікае ўражаньне, што гэта такія вялікія людзі і я павінен пачакаць убаку.

Падчас сустрэчы ён думаў пагаварыць пра літаратуру і хацеў, каб я выступіў у Жэнэве на нейкім форуме ўвесну са сваёй кнігай, у якой расказваецца, які цудоўны быў Чырвоны Крыж у перапісцы з Савецкім Саюзам. Але як толькі выйшлі ўсе мае артыкулы з пытаньнямі, ніякіх сустрэчаў са мной пад эгідай Чырвонага Крыжа не адбываецца. Гэтая вялікая арганізацыя, якая павінна быць зацікаўленая ў здаровай крытыцы, каб станавіцца лепшай, аказалася зусім не гатовая да гэтай крытыкі — пра Чырвоны Крыж можна гаварыць ці добра, ці нічога.

— Ваша змаганьне за перамены ў Беларусі шляхам публічных зваротаў праз сусьветныя СМІ да лідэраў арганізацый, якія ўскосна падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, выглядае крэатыўным і эфэктыўным, гэта такая сумесь літаратуры, публіцыстыкі і палітыкі. Хто ў вашым сьпісе высокапастаўленых адрасатаў, якім трэба пачуць галасы зь Беларусі?

— Няма такога сьпісу. Я не хачу нікога атакаваць. У мяне няма жаданьня пісаць гэтыя лісты, а ёсьць жаданьне дапамагчы ўсім беларусам выбрацца з гэтай катастрафічнай сытуацыі. Мне хочацца, каб людзей вызвалілі з турмаў, каб Саша Васілевіч, Марыя Калесьнікава і іншыя не былі за кратамі. А калі яны ў турмах, то мы павінны зрабіць усё, наколькі гэта магчыма, каб аблегчыць іх знаходжаньне там. У гэтым і ёсьць місія Чырвонага Крыжа. Ён існуе не для таго, каб фальсыфікаваць выбары ў Беларусі. Чырвоны Крыж быў заснаваны ў Жэнэве ў 1863 годзе не для гэтага. Можа, для беларусаў гэта нейкі новы мэтад такіх адкрытых лістоў, а я ня бачу тут нічога новага і сучаснага. Мы павінны прагаварыць і выправіць гэтую сытуацыю, і датычныя да фальсыфікацый выбараў павінны адказаць і наступным разам разумець, што гэта недапушчальна.


«Мне падаецца вельмі важным, каб цяпер усе беларусы вялі дзёньнікі»


— Калі б вы вырашылі пісаць раман на падставе таго, што адбываецца на працягу апошніх 7–8 месяцаў у Беларусі, якія жыцьцёвыя канфлікты, гісторыі вы б узялі за аснову для раману?

— Я шмат гадоў пішу іншы раман. Ён гістарычны, як і раман «Красный Крест». Вядома, час ад часу мяне цягне сарвацца і напісаць пра Беларусь. З другога боку, я разумею, што цяпер пра Беларусь будзе напісана вельмі шмат раманаў, і тут ува мне пачынае граць пісьменьніцкае эга, калі ня хочацца быць у ансамблі. Калі без какецтва, то вельмі важна, каб было напісана шмат кніг пра сучасную Беларусь. Мне падаецца вельмі важным, каб цяпер усе беларусы вялі дзёньнікі. Не абавязкова публікаваць, але будзе здорава празь некаторы час чытаць гэтыя дзёньнікі, бо гэта дакумэнты эпохі, якія, як правіла, вельмі шмат гавораць пра час.

Я ўжо напісаў п’есу. Паводле ўмоваў кантракту з тэатрам не магу пакуль пра яе расказваць. Яна павінна выйсьці неўзабаве ў Пецярбургу. Гэта будзе судовы працэс, цалкам прысьвечаны падзеям 2020 году. Першы свой унутраны водгук я зрабіў у гэтай пʼесе, і мне захацелася абмеркаваць пытаньні, якія паўстануць перад намі праз 5–6 гадоў. Мне хацелася пагаварыць пра тое, як мы будзем склейваць грамадзтва. Пʼеса — гэта і спроба расказаць расейскаму гледачу пра тое, што ў нас адбывалася, а таксама і спроба ўжо цяпер думаць над пытаньнямі, якія вельмі хутка для нас усіх стануць актуальнымі.

=====

  • Саша Філіпенка — пісьменьнік і журналіст, ляўрэат «Русской премии» і прэміі часопіса «Знамя» 2014 году, аўтар раманаў «Бывший сын», «Замыслы», «Травля», «Красный Крест». Увосень 2016 году атрымаў прэмію «Сделано в России» і прысьвяціў яе забітаму ў Кіеве журналісту Паўлу Шарамету.
  • Саша Філіпенка нарадзіўся ў Менску, скончыў ліцэй мастацтваў імя Ахрэмчыка па клясе кантрабаса. Вучыўся ў ЭГУ ў Менску, пакуль унівэрсытэт не закрылі. Потым пераехаў у Расею. У Санкт-Пецярбургу скончыў філялягічны факультэт Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і магістратуру. Некаторы час працаваў на «Першым канале», дзе пісаў сцэнары да праграм «Прожекторпэрисхилтон», «Мульт личности» і «Yesterday Live». Працаваў на тэлеканале «Дождь», дзе вёў тэлепраекты «Вечерний Герасимец» і «Едим дома!».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG