Беларускі сайт kyky.org, дамэны якога ўлады Беларусі блякавалі ўжо ня менш як восем разоў, запусьціў рахунак на Patreon, дзякуючы якому чытачы могуць атрымаць падарункі і выгадныя прапановы ад інтэрнэт-рэсурсу. Варта толькі падтрымаць каманду рэдакцыі.
Як адзначыла рэдакцыя Kyky, раней сайт пісаў пра ўсё, што хвалюе беларусаў — пра прадпрымальнікаў, кандыдатаў у прэзыдэнты, каранакрызіс і культуру. Але пасьля 9 жніўня 2020 году на парадку дня дваровыя маршы, ператрусы, затрыманьні, ізалятары, крымінальныя справы і суды.
З канца жніўня рэдакцыя знаходзіцца не ў Беларусі, сайт на радзіме заблякаваны, а рахункі — арыштаваныя.
Сузаснавальнік сайта Аляксандар Васілевіч сядзіць у турме. 4 верасьня Васілевічу і ягонай жонцы Надзеі Зелянковай выставілі абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве. Ён пад вартай у СІЗА № 1 Менску, яна на волі. У чым іх абвінавачваюць, афіцыйна невядома, адвакатка дала падпіску аб невыдаваньні.
Што дае плятформа Patreon?
Patreon — пляцоўка для збору грошай грамадой дзеля працягу працы рэдакцыі, блогу альбо ініцыятывы. Пляцоўка працуе як онлайн-крама: на рахунку арганізацыі разьмяшчаюцца лоты, на якія можна аформіць падпіску, ахвяраваўшы грошы. За гэта ахвярадаўца атрымлівае прадукты і паслугі, прадугледжаныя замоўленым лотам.
У якасьці лотаў рэдакцыя kyky.org прапанавала рэчы з дызайнам ад таленавітых беларусаў:
- прынт на майках — праца ўжо легендарнага Ўладзімера Цэсьлера
- шопэр, аформлены артам Базыля Стахіевіча, чыя скульптура стала фішкай менскай Кастрычніцкай
- постэр — праца Караліны Паляковай
- стыкер, зроблены на аснове работаў Антона Snt
5 рэжымаў падтрымкі падзеленыя ў залежнасьці ад сумы ахвяраваньня, ад 5 да 100 эўра. У апошнім рэжыме, які называецца «Таемны мэцэнат», чалавек можа падтрымаць таксама й рэдакцыю The Village Беларусь, якая знаходзіцца ў адным мэдыяхолдынгу з kyky.org і таксама зазнала блякаваньне сайта і арышт рахункаў.