Навальны тады лячыўся ў бэрлінскай клініцы пасьля атручэньня.
8 сакавіка выйшла ў сьвет кніга Ланге, у якой апісваецца «закулісьсе» дзейнасьці RT у Нямеччыне (RT DE). Розныя нямецкія палітыкі і журналісты апісваюць гэтую дзейнасьць як прапаганду на замову расейскіх уладаў. Ланге ідзе яшчэ далей і ў інтэрвію Bild фактычна сьцвярджае, што начальства RT DE даручала яму сачыць за Навальным на замову расейскіх спэцслужбаў.
Па словах журналіста, ён быў запрошаны ў сакрэтны чат, дзе перад ім паставілі задачу сачыць за клінікай «Шарытэ», дзе знаходзіўся Навальны, але пры гэтым не здымаць рэпартажу, а проста пастаўляць інфармацыю «ў аналітычных мэтах». Пасьля журналіста папрасілі зрабіць фатаздымкі шпіталя Бундэсвэру, дзе, як сьцвярджала кіраўніцтва RT DE, мог насамрэч знаходзіцца Навальны.
Потым Ланге папрасілі пранікнуць у клініку «Шарытэ» на падставе візыту да лекара і высьветліць, як блізка можна падабрацца да палаты, дзе ляжыць Навальны. У рэанімацыю яму раілі пракрасьціся, назваўшыся сябрам Юліі Навальнай або супрацоўнікам фонду Cinema for Peace. Ланге адмовіўся, зазначыўшы, што ён не «сакрэтны агент». У клініку паспрабаваў трапіць іншы супрацоўнік RT, аднак шэсьць спробаў сталі няўдалымі.
Неўзабаве пасьля гэтага яму даручылі знайсьці ў Бэрліне паплечнікаў Навальнага Леаніда Волкава і Марыю Пеўчых і наладзіць за імі назіраньне, аднак і гэтага зрабіць не ўдалося.
«Карацей кажучы, такое паўнавартаснае выкрыцьцё нямецкай рэдакцыі RT як пазаштатнага шпіёнскага падразьдзяленьня», — пракамэнтаваў публікацыю Bild Леанід Волкаў.
- Кіраўніца RT DE Дынара Тактасунава, якая згадваецца ў публікацыі як адна з тых, хто ставіў Ланге задачы, пракамэнтавала артыкул так: «Пасрэдны журналіст Даніэль Ланге ня змог здабыць хоць крыху эксклюзіўны матэрыял па сьлядах ФБК у Нямеччыне і вырашыў зьліць перапіску з чату, дзе яго просяць рабіць сваю працу». Канал заявіў, што рыхтуе пазоў супраць Bild за абвінавачаньне яго ў шпіянажы.
- 5 сакавіка 2021 году палітык Леанід Гозман напісаў у Сьледчы камітэт заяву, у якой запатрабаваў распачаць крымінальную справу аб парушэньні тайны тэлефонных перамоваў. Ён лічыць, што ягоныя размовы праслухоўвалі перад тым, як ён прыйшоў у эфір RT. Зьместам размовы падзяліліся зь вядоўцам каналу Антонам Красоўскім, настойвае Гозман, патрабуючы дапытаць таго. Сам Красоўскі заявіў агенцтву РБК, што нікога не праслухоўваў і мае намер судзіцца з палітыкам за паклёп.