Ён быў затрыманы па прылёце ў Маскву ў студзені, а пасьля адпраўлены ў калёнію. У той жа дзень пра свае санкцыі абвясьцілі ЗША.
Паведамленьне пра санкцыі ЭЗ апублікавана ў афіцыйным часопісе супольнасьці. У тэксьце не пазначаныя асобы, супраць якіх уведзеныя абмежаваньні. Па дадзеных нямецкіх выданьняў Bild і Focus, пад санкцыі падпалі кіраўнік Сьледчага камітэту Аляксандар Бастрыкін, кіраўнік Расгвардыі Віктар Золатаў, дырэктар Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Аляксандар Калашнікаў і генэральны пракурор Расеі Ігар Красноў.
Ім будзе забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, а іх актывы на тэрыторыі ЭЗ, калі яны існуюць, будуць замарожаныя.
Санкцыі ЗША ўведзеныя супраць расейскіх чыноўнікаў і кампаній, — паведамілі прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта Джо Байдэна журналістам падчас тэлефоннай прэс-канфэрэнцыі. Вашынгтон лічыць, што расейскія ўлады маюць дачыненьне да замаху на апазыцыянэра.
Навальны быў затрыманы пасьля вяртаньня зь Нямеччыны, дзе ён праходзіў лячэньне пасьля атручваньня рэчывам з групы «Навічок». Пасьля гэтага Сіманаўскі суд Масквы замяніў яго ўмоўны тэрмін па крымінальнай справе 2013 году на рэальны.
Паводле Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў, апазыцыянэр парушаў умовы адбыцьця ўмоўнага пакараньня. Сам ён гэта адмаўляе.