Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычны аналітык Тацяна Чуліцкая і бізнэсовец і грамадзкі дзеяч Іван Шыла.
Чуліцкая
- Для людзей, якія сочаць за біяграфіяй Аляксандра Лукашэнкі, у гэтай стужцы было няшмат новага
- Галоўнае ў гэтым фільме — ня тое, што ў ім сказана, а як ён будзе ўспрыняты беларускім грамадзтвам і як на яго будзе рэагаваць улада
- Мяне зьдзівіла, што ў стужцы была частка пра інфраструктурныя праекты ЭЗ як крыніцу ўзбагачэньня ўлады, але не было пра такую ж функцыю крэдытаў Расеі
- Зьвесткі пра лазьні, гадзіньнікі, дзяўчат — гэта можна сказаць пра многіх аўтакратаў у сьвеце. Лукашэнка ў гэтым не арыгінальны
- Людзі будуць успрымаць, што ўсё гэта належыць Лукашэнку, нягледзячы на тое, што частка гэтых дабротаў, гэтай маёмасьці — гэта дзяржаўная, а не Лукашэнкава ўласнасьць
- Вельмі слушныя былі параўнаньні з кіраўнікамі эўрапейскіх краінаў, якія жывуць даволі аскетычна
- У беларускім грамадзтве сацыяльная няроўнасьць адносна невысокая. І пры гэтым у беларусаў вельмі абвостранае пачуцьцё сацыяльнай справядлівасьці
- Думаю, што рэакцыяй уладаў на стужку будзе моцная злосьць, і са злосьці яны могуць яшчэ ўзмацніць рэпрэсіі
- Калі прыхільнікі Лукашэнкі не адрэагавалі на той гвалт, які быў і працягвае адбывацца ў Беларусі, калі яны не паверылі ў яго, то на іх наўрад ці зробіць уражаньне фільм Пуцілы
Шыла
- У Расеі стужка Навальнага зьявілася ў сытуацыі, калі асабліва не было гучных падзеяў. А Беларусь ужо шмат месяцаў перажывае вялікія падзеі
- Стужка Сьцяпана — пра тое, у чым мы жывём даўно, што ўсе так ці інакш усьведамляюць
- Мінулая стужка Пуцілы сабрала 3,5 мільёна праглядаў
- Цяперашняя стужка — гэта моцны ўдар па рэпутацыі ўлады, яе онлайн глядзелі 100 тысячаў чалавек, гэта абсалютны рэкорд для Беларусі
- Нават па гэтым паказьніку рэакцыя большая, чым на стужку Навальнага
- Мяркую, што гэтая стужка набярэ да 10 мільёнаў праглядаў
- Я глядзеў, што падчас прагляду прапагандыст Азаронак напісаў 6 пастоў, што фільм нічога ня значыць і ён увесь — фэйк
- У адрозьненьне ад фільму Навальнага, у Пуцілы ў фільме не прагучала закліку выходзіць на вуліцы. Але ёсьць дата 25 сакавіка
- Эфэкт ад стужкі будзе — Лукашэнка скраў усю краіну
- У беларускай сытуацыі зьнікаюць нюансы
- І ў Расеі фільм Навальнага быў успрыняты неадназначна, некаторыя палічылі, што кіраўнік дзяржавы павінен мець такія статусныя рэчы
- Мяркую, што і ў часткі беларусаў будзе падобная рэакцыя на стужку Сьцяпана
- За апошнія месяцы тэма дзяржаўнага гвалту была раскрытая вельмі падрабязна і вычарпальна, а тэма карупцыі — ня надта. Сьцяпан выпраўляе гэты недахоп
- Лукашэнку цяпер будзе больш складана расказваць, што ў яго нічога няма
- Добра, што стужку рабілі не журналісты. А тут было сказана наўпрост — вусаты таракан скраў. І так гэта і будзе ўспрынята людзьмі
- Сьцяпан зрабіў добры відэапрадукт. Важна ня толькі што, але і як сказаць
- BY_POL агучваў сэнсацыйную інфармацыю. Але Сьцяпан здолеў сабраць і аформіць інфармацыю
- У фільме Навальнага было шмат мэмаў, якія пайшлі ў народ, кшталту «пакоя гразі»
- У фільме Пуцілы такі мэм — словы Лукашэнкі, якія ён паўтарае, што яму гэта «падаравалі»
- Ну, і назва стужкі — таксама мэм
- Афіцыйныя прапагандысты ня будуць надта пераймацца. Яны не працуюць на пашырэньне сваіх прыхільнікаў, яны працуюць са сваімі 25%
- А гэтыя 25% фільм проста ня будуць глядзець. Яны на пачатку ўбачаць Пуцілу і выключаць фільм
- На БТ скажуць проста, што гэта падробка
- Для прыхільнікаў Лукашэнкі голас Сьцяпана Пуцілы — 22-гадовага хлопца з Варшавы, які заклікаў беларусаў на барыкады — гэта дакладна ня той голас, якому яны павераць