Пра ўкраінскі погляд на падзеі ў Беларусі піша журналіст рэсурсу «Крим. Реалії» Паўло Казарын. Яго меркаваньне публікуе Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Крыху пазьней за краты кінулі журналіста і лекара. За тое, што лекар перадаў прэсе зьвесткі аб тым, што забіты сілавікамі пратэстуючы быў цьвярозы. Гэта ішло насуперак заяве Лукашэнка, які сьпісваў гібель чалавека на алькаголь.
Вопыт суседняй краіны вельмі недвухсэнсоўна ілюструе, чым магло абярнуцца паражэньне Майдана. У нейкі момант пратэст ператвараецца ў двухколавы ровар: калі ён спыніцца, то ўпадзе. Значэньне мае толькі гатоўнасьць адказваць на выклікі. Рэжым і пратэстоўцы пасьлядоўна павышаюць стаўкі. І той, хто першым кіне карты на стол, — атрымае паразу.
Украінскі пратэст ня быў асуджаны на перамогу. У кожны канкрэтны момант часу яго лёс вырашалі людзі. Тыя, якія выходзілі на вуліцу. Тыя, якія прывозілі лекі і прадукты. Тыя, якія былі гатовыя абараняць пратэст ад сілавікоў і «цітушак». На постсавецкай прасторы маўклівая фронда не працуе. Той, хто перамагае ў супрацьстаяньні, атрымлівае шанец вызначыць этычны контур краіны.
Тыя, хто пацярпеў паразу на Майдане сем гадоў таму, да гэтага часу спрабуюць гуляць ва ўмоўны лад. Кажуць аб узломе працэдур і грэбаваньні дэмакратыяй. Вінавацяць Майдан у страце Крыму і Данбасу. Але ўсе гэтыя размовы закліканыя адцягнуць увагу ад галоўнага. Плошча была адзінай перашкодай для ўзурпацыі ўлады.
Да зімы 2013 узурпацыя ўжо амаль адбылася. Улада спрачалася толькі пра фінальную рэдакцыю сцэнару. Хтосьці прапаноўваў аддаць выбары прэзыдэнта на водкуп парлямэнту. Хтосьці — павысіць узроставы цэнз для кандыдатаў. Калі б вуліца не ўмяшалася, чацьвёрты прэзыдэнт цалкам мог бы стаць для Ўкраіны апошнім.
Калі б пратэст пацярпеў паразу, гэтыя гады мы маглі б пражыць па сцэнары Беларусі. Актывістам пагражала б турма. Апазыцыі — эміграцыя. Незалежнай прэсе — зьнішчэньне. Расеі не было б патрэбы ўмешвацца ў Крым і на Данбас — з той простай прычыны, што ёй дасталася б уся краіна.
Гэта было б непазьбежна. Таму што расправа над апазыцыяй немінуча б адрэзала Віктару Януковічу шлях на Захад. У падобных умовах ён быў бы асуджаны зваліцца ў падстаўленыя далоні Крамля. Падобна таму, як цяпер у іх канчаткова трапіў Аляксандар Лукашэнка. Украінскія апазыцыянэры ў выгнаньні давалі б інтэрвію эўрапейскім тэлеканалам, а Брусэль узгадніў бы санкцыі супраць функцыянэраў Партыі рэгіёнаў. Толькі гэта ўжо ні на што б не ўплывала.
Калі сёньня ўкраінская партыя Крамля спрабуе абвінаваціць Майдан у «страце тэрыторый» — гэта яшчэ адна падмена паняцьцяў. Таму што сем гадоў таму не было ва Ўкраіне цэнтру сілы, які прымаў рашэньне аб пачатку Майдана. Не было чалавека, у якога ў руках быў рубільнік вулічнага пратэсту. У адрозьненьне, дарэчы, ад сытуацыі з Крымам і Данбасам — дзе рашэньне аб вайсковым уварваньні прымаў адзін-адзіны жыхар Крамля. Пытаньне «Чаго вы дамагліся Майданам?» мае канкрэтны адказ: прагналі ўзурпатара. А ўвесь астатні шэраг падзей стаў вынікам спробы Крамля скарыстацца сытуацыяй.
І няма нічога дзіўнага ў тым, што стаўленьне да Майдану стала ва Ўкраіне каштоўнасным лякмусам. Тэстам на сваіх і чужых. Украінскі пратэст і вайна выкрасьлілі партыю «Антымайдан» з уяўленьня аб норме і адмовілі ёй у праве на легітымнасьць. У праве на меркаваньне і ў праве на голас.
Беларусь — гэта найлепшая ілюстрацыя таго, што чакала б нашу краіну, калі б пратэст прайграў. Гэта ня значыць, што Ўкраіна назаўсёды страціла б шанец вырвацца з постсавецкай арбіты — як ня страціла яго і суседняя краіна. Але мы можам толькі гадаць, колькі б нам давялося чакаць новага акна магчымасьцяў. І ў той момант, калі яно зноў бы зьявілася — вайна стала б непазьбежнай.
Таму што імпэрыі ня любяць адпускаць бяз бою тое, што лічаць сваім.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.