Праверка праводзіцца па паскоранай працэдуры. Калі будзе пасьпяховая, то вакцыну могуць дапусьціць на рынак краінаў ЭЗ.
У паведамленьні гаворыцца, што агенцтва ацэніць адпаведнасьць расейскай вакцыны стандартам Эўразьвязу па эфэктыўнасьці, бясьпецы і якасьці. Меркаваныя тэрміны завяршэньня выпрабаваньняў не называюцца, але ўдакладняецца, што дзякуючы паскоранай працэдуры яны зоймуць менш часу, чым звычайна.
На адрас уладаў ЭЗ гучыць крытыка за тое, што вакцынацыя ад каранавірусу ідзе марудна. У тым ліку крытыкуецца і павольны працэс сэртыфікацыі вакцынаў. З прычыны пандэміі большасьць краін ЭЗ фактычна закрытыя, у іх спынілася або значна парушылася эканамічнае жыцьцё.
На гэтым фоне асобныя краіны ЭЗ сталі дамаўляцца пра пастаўкі прэпаратаў, ня ўхваленых эўрапейскім рэгулятарам. Вугоршчына і Славаччына ўхвалілі расейскую вакцыну, Вугоршчына таксама стала першай краінай, якая ўхваліла кітайскую вакцыну. Рашэньні ўладаў гэтых краінаў крытыкуюцца палітыкамі, якія лічаць, што Масква і Пэкін могуць выкарыстоўваць пастаўкі як інструмэнт уплыву.
Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Земан таксама накіраваў запыт на вакцыны ў Расею і Кітай. «Калі контравыведка будзе перасьцерагаць ад выкарыстаньня гэтых вакцын, мы скажам, што ў вакцыны няма ідэалёгіі», — заявіў ён.