Дзе яны ўжо ўводзяцца, як будуць працаваць, якія ёсьць аргумэнты на іх карысьць і супраць, высьвятлялі карэспандэнты тэлеканалу «Настоящее время».
Экспэрымэнт у нямецкім Альтэтынгу
У баварскім горадзе Альтэтынг ужо месяц выдаюць так званыя прышчэпкавыя сэртыфікаты. На плястыкавай картцы — інфармацыя пра ўладальніка дакумэнта: імя, прозьвішча, адрас пражываньня, дата нараджэньня, але галоўнае — калі была зробленая першая і другая прышчэпкі ад каранавірусу і якой менавіта вакцынай.
Самі карткі — гэта ініцыятыва канкрэтнага нямецкага гораду, і для Нямеччыны гэта выключэньне, а ня правіла. Але мэр Альтэтынгу Эрвін Шнайдэр упэўнены, што хутка такі дакумэнт спатрэбіцца ўсім:
«Мы хочам раздаць такія карткі жыхарам нашага гораду, таму што я цьвёрда ўпэўнены, што на працягу году яны адыграюць сваю ролю. Магчыма, ня столькі на нацыянальным узроўні, колькі на міжнародным — калі справа тычыцца падарожжаў або дзелавых паездак за мяжу».
У Альтэтынгу жыве 12 тысяч чалавек, і карткі выдалі толькі двум адсоткам зь іх — менавіта столькі тут цяпер прышчэпленых. Вакцына ёсьць, але гараджане глядзяць на яе з асьцярогай. Яшчэ больш насьцярожвае ініцыятыва мэрыі раздаваць сэртыфікаты вакцынаваньня: жыхары асьцерагаюцца магчымай няроўнасьці паміж прышчэпленымі і непрышчэпленымі.
Сустрэча ў Брусэлі: тэмпы вакцынацыі і спрэчкі аб прышчэпкавых пашпартах
Пра гэта ж гаварылі ў Брусэлі на сустрэчы лідэраў эўрапейскіх краінаў. Кіраўнікі 27 дзяржаў ЭЗ абмяркоўвалі тэмпы вакцынацыі.
«Мы ўпэўненыя, што зможам дасягнуць нашай мэты: у канцы лета мы прапануем вакцынацыю 70 працэнтаў дарослага насельніцтва Эўропы, — заявіла кіраўніца Эўракамісіі Ўршуля фон дэр Ляен. — Гэта 255 мільёнаў чалавек у Эўрапейскім Зьвязе. Калі мы паглядзім на заплянаваныя лічбы, мы ўпэўненыя, што дасягнем гэтай мэты».
У Брусэлі сутыкнуліся з кардынальным разыходжаньнем пазыцый наконт пэрспэктыў прышчэпкавага пашпарта. Адны называюць такі дакумэнт наступам на свабоду. Іншыя, як Грэцыя, маюць намер укараняць такія сэртыфікаты. Аднак канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель адназначна заяўляе пра поўную згоду:
«Важным момантам нашай сустрэчы зь лідэрамі Эўразьвязу быў лічбавы сэртыфікат пра вакцынацыю. Тут усе згодныя, што ён нам патрэбны. У Нямеччыне мы вырашылі распрацаваць такі нацыянальны дакумэнт. Асноўныя дадзеныя, якія павінен утрымліваць такі сэртыфікат, будуць вызначацца Эўрапейскай камісіяй і дзяржавамі ЭЗ. Міністэрства аховы здароўя Нямеччыны ўжо пачынае працэдуру закупу абсталяваньня. Эўрапейскай камісіі трэба каля трох месяцаў на стварэньне неабходных тэхнічных умоваў».
Стомленасьць ад абмежаваньняў і прыклад Ізраілю
Лідэры краінаў ЭЗ прызнаюць, што ў насельніцтва набралася стомы: у эўрапейскіх краінах не сьціхаюць акцыі супраць новых, больш жорсткіх абмежаваньняў.
Напрыклад, мітынг супраць узмацненьня антыкананавірусных захадаў прайшоў у гэтыя выходныя ў вугорскай сталіцы Будапэшце. З 11 лістапада па ўсёй краіне дзейнічае камэнданцкая гадзіна ад восьмай вечара да пятай раніцы. Зачыненыя рэстарацыі, тэатры і іншыя грамадзкія месцы. Удзельнікі мітынгу наракалі, што ўлады «зайшлі занадта далёка», і выказвалі засьцярогі супраць прышчэпак — асабліва вакцынамі з Расеі і Кітаю.
У Чэхіі з 1 сакавіка ўвялі новыя жорсткія правілы: забаронена пакідаць межы свайго муніцыпалітэту, і ўсе жыхары абавязаныя насіць рэсьпіратары ў грамадзкіх месцах. Для патруляваньня гарадоў дадаткова выклікалі 5 тысяч вайскоўцаў.
Францускія сілавікі выяўляюць парушальнікаў камэнданцкай гадзіны: яна дзейнічае ў краіне ад шостай вечара. Асабліва шмат паліцыі ў Парыжы.
У Дусэльдорфе, на захадзе Нямеччыны, атрады паліцыі ўважліва сочаць за выкананьнем правілаў сацыяльнага дыстанцыяваньня на набярэжных ракі Рэйн. Да 14 сакавіка па выходных днях жыхарам там не дазваляецца сядзець на лаўках.
Жыць свабодна могуць ужо некаторыя грамадзяне Ізраілю — рэкардсмэна па вакцынацыі ў сьвеце. Тыя, хто зрабіў прышчэпку, атрымліваюць у гэтай краіне так званы зялёны пашпарт. Ім ужо адкрытыя басэйны, трэнажорныя залі, гатэлі і канцэртныя пляцоўкі. Астатнім доступ закрыты.