У Менскім гарадзкім цэнтры вакцынапрафіляктыкі паўтараюць пра абвешчаны яшчэ ў сьнежні тэрмін: масавая вакцынацыя пачнецца не раней за красавік.
20 тысяч дозаў вакцыны на 300 тысяч мэдработнікаў?
Вакцынацыя мэдыкаў афіцыйна стартавала 19 студзеня. 20 тысяч дозаў атрыманай на пачатку году расейскай вакцыны «Спутник V» разьмеркавалі па рэгіёнах: 2285 дозаў — для мэдработнікаў сталіцы, 3460 — Берасьцейскай вобласьці, 3260 — Віцебскай, 4365 — Гомельскай, 1735 — Горадзенскай, 1610 — Магілёўскай, 2485 — Менскай вобласьці. 800 дозаў вакцыны прызначана для работнікаў рэспубліканскіх мэдычных устаноў.
Гомельская вобласьць атрымала ў 2,5 раза больш дозаў, чым Горадзенская ці Магілёўская. Тут вакцынавалі мэдыкаў пяці рэгіёнаў: гораду Гомля, Мазырскага, Калінкавіцкага, Веткаўскага і Чачэрскага раёнаў.
Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у 2019 годзе ў Беларусі было 55,6 тысячы дактароў (гэта без уліку лекараў, занятых у перападрыхтоўцы кадраў і апараце кіраваньня) і 126,4 тысячы чалавек сярэдняга мэдычнага пэрсаналу. Гэта без уліку санітараў. А ўсяго ў сфэрах аховы здароўя і сацыяльных паслуг занятыя 328,1 тысячы чалавек.
Праўда, вакцынацыя — справа добраахвотная. Да таго ж, многія мэдыкі пасьпелі ўжо перанесьці каранавірус, і цяпер прышчапляцца ім не рэкамэндуецца.
«Ва ўсім сьвеце прышчапляць пачалі старых»
Пасьля мэдыкаў абяцалі пачаць прышчапляць пэдагогаў і сацработнікаў. І толькі пасьля іх — звычайных грамадзян. Але пра тэрміны пакуль не паведамляецца.
Праўда, прынамсі ў сталічных паліклініках, дзе прышчапляюць мэдыкаў, пачалі запісваць на вакцынацыю ўсіх астатніх грамадзян. Што да тэрмінаў, то і ў 22-й, і ў 28-й паліклініках сталіцы на пытаньне, калі ж пачнецца вакцынацыя, адказалі: «Чакайце, вам патэлефануюць».
Узрост тых, каго будуць прышчапляць, пакуль абмяжоўваюць 60 гадамі. Валянціну Іванаўну, якая адмыслова прыйшла ў паліклініку запісацца на прышчэпку, а ёй адмовілі, гэта абурае.
«Ва ўсім сьвеце прышчапляць пачалі старых людзей, пацыентаў дамоў састарэлых. Я чытала, што ў Ізраілі пачалі вакцынаваць спачатку людзей ва ўзросьце 80+, потым тых, каму за 70, за 60, і толькі пасьля ўсіх астатніх. А ў нас, мабыць, хочуць, каб старыя хутчэй вымерлі, каб заробленыя намі ж пэнсіі не плаціць», — расчаравана кажа Валянціна Іванаўна.
У краінах Эўразьвязу, Ізраілі сапраўды вакцынацыя пачалася з пажылых людзей, якія ўваходзяць у групу рызыкі. Праўда, там вакцынуюць француска-амэрыканскай вакцынай Pfizer/BioNTech.
Пры запісе на прышчэпку папярэджваюць, што ёсьць супрацьпаказаньні — ня варта яе рабіць тым, хто нядаўна перахварэў на каранавірус, мае гіпэрадчувальнасьць да пэўных кампанэнтаў, цяжкія алергічныя рэакцыі. Перад прышчэпкай яшчэ рэкамэндуюць зрабіць тэст на наяўнасьць антыцелаў.
Чым прышчапляюць беларусаў
Беларусь падпісала з Расеяй кантракт на пастаўку 170 тысяч дозаў вакцыны «Спутник V». Пакуль паставілі 20 тысяч дозаў.
Вакцыну «Спутник V» зарэгістравалі ў Беларусі 21 сьнежня 2020 году.
2 лютага ва ўплывовым мэдычным часопісе The LANCET былі апублікаваныя папярэднія вынікі трэцяй фазы дасьледаваньняў расейскай вакцыны «Спутник V», з удзелам 19 866 чалавек. У публікацыі гаворыцца, што расейскі дасьледчы цэнтар эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя акадэміка Гамалеі на падставе выпрабаваньняў прыйшоў да высновы, што пасьля атрыманьня другой дозы эфэктыўнасьць прэпарату склала 91,6%.
Літаральна 3 лютага ў Менск прыяжджала кіраўніца Расспажыўнагляду, галоўны санітарны доктар РФ Ганна Папова, якая перадала Беларусі вакцыну «ЭпіВакКарона».
«У якасьці жэсту нашага вялікага сяброўства я перадала беларускім калегам новую вакцыну „ЭпіВакКарона“, якая, я перакананая, паслужыць захаваньню здароўя мэдработнікаў, што знаходзяцца ў зоне рызыкі. Акрамя таго, мы перадалі тэст-сыстэму новага пакаленьня для вызначэньня вірусу», — цытуе Ганну Папову прэс-служба Мінздароўя.
ТАСС паведамляе, што кіраўніца Расспажыўнагляду Ганна Папова перадала Беларусі некалькі соцень дозаў «ЭпіВакКароны».
Аднак, як паведамілі ў Менскім гарадзкім цэнтры вакцынапрафіляктыкі, паколькі «ЭпіВакКарона» ў Беларусі не зарэгістраваная, яна пакуль выкарыстоўвацца ня будзе.
«Вось калі „ЭпіВакКарона“ пройдзе рэгістрацыю, усе этапы праверкі і дасьледаваньняў, тады, магчыма, яна будзе выкарыстоўвацца. А пакуль — не. Ёсьць вызначаны парадак», — заявілі ў Менскім гарадзкім цэнтры вакцынапрафіляктыкі.
Што вядома пра «ЭпіВакКарону»
Вакцына «ЭпіВакКарона» створаная новасібірскай кампаніяй «Вэктар» (якая раней займалася распрацоўкай біялягічнай зброі).
— У Беларусі «ЭпіВакКарона» не зарэгістраваная.
— У адрозьненьне ад «Спутника V», «ЭпіВакКарона» ўтрымлівае ў сабе антыгенны матэрыял на штучна сынтэзаванай матрыцы, у той час як у «Спутнику» «базай» для антыгена служаць адэнавірусныя вэктары.
— Згодна з даступнай інфармацыяй, «ЭпіВакКарона» прайшла ўжо дзьве стадыі клінічных выпрабаваньняў. Першая і другая фазы былі праведзеныя на 100 добраахвотніках ва ўзросьце ад 18 да 60 гадоў, якія раней не хварэлі на каранавірус і якія мелі нулявыя паказьнікі антыцелаў SARS-COVID19. Паводле стваральнікаў, эфэктыўнасьць вакцыны — 100%.
Якія яшчэ вакцыны, акрамя расейскіх, могуць трапіць у Беларусь?
Кітай гатовы паставіць у Беларусь вакцыну ад каранавірусу ў поўным аб’ёме, заявіў у размове з Аляксандрам Лукашэнкам лідэр КНР Сі Цзіньпін. Аднак пра якую канкрэтна вакцыну ідзе гаворка, не ўдакладняецца. Вядома, што ў Кітаі распрацаваныя і праходзяць клінічныя выпрабаваньні прынамсі 6 вакцын.
Найбольш папулярнай называюць вакцыну CoronaVac вытворчасьці кітайскай фармацэўтычнай кампаніі Sinovac Biotech, якая праходзіць ужо трэці этап выпрабаваньняў.
Вытворца вакцыны CoronaVac заяўляе, што яе можна захоўваць пры тэмпэратуры 2–8 градусаў Цэльсія, у той час як Pfizer захоўваецца пры тэмпэратуры мінус 70 градусаў. Sinova зможа вырабляць 300 мільёнаў дозаў вакцын у год.
З найбуйнейшымі эўрапейскімі кампаніямі, якія вырабляюць вакцыны Pfizer/BioNTech, Moderna, AstraZeneca, Мінздароўя Беларусі перамоваў пакуль не вядзе.
Аднак, да прыкладу, Pfizer/BioNTech можа трапіць у Беларусь праз праграму COVAX, якую каардынуе Сусьветная арганізацыя здароўя.
Пра гэта расказаў каардынатар праграм па інфэкцыйных хваробах рэгіянальнага бюро САЗ у Беларусі Вячаслаў Грынькоў на вэб-сэмінары тыдзень таму.
92 краіны зь нізкім альбо сярэднім узроўнем прыбыткаў будуць падтрыманыя праз праграму COVAX. Яна ахоплівае 190 краін сьвету. Беларусь яшчэ не далучылася, аднак Мінздароўя ўжо зьвярнулася з просьбай разгледзець пытаньне далучэньня да COVAX. Калі гэта адбудзецца — то шанец ёсьць.