У дзень 90-гадовага юбілею Міхаіла Гарбачова я хацеў зьмясьціць інтэрвію зь ім, зробленае ў ліпені 2003-га да 40 дзён сыходу ў вечнасьць Васіля Быкава.
Але, перачытаўшы нашую гутарку амаль 18-гадовай даўніны, зразумеў, што многае будзе незразумелым для тых, хто не нарадзіўся пры СССР і камуністычнай сыстэме. Давядзецца шмат што тлумачыць ці камэнтаваць.
Таму цікаўныя могуць прачытаць поўны тэкст інтэрвію ў архіве Радыё Свабода, а сёньня апублікую, і таксама з камэнтаром, толькі выказваньні Гарбачова, якія тычыцца адной тэмы: беларускай мовы.
Гарбачоў: Што датычыцца Васіля... Мне прыгадваецца гэты чалавек як адкрыты, аголены нэрв. Ён надзвычайна рэагаваў, вельмі чэсна, шчыра рэагаваў. І вельмі мужна казаў пра ўсё. І я вельмі гэта цаніў. Мы зь ім ня так блізка былі знаёмыя асабіста, з Алесем Адамовічам болей... Але Васіль і іншага крыху характару! І тым ня менш — мы сустракаліся. І пачалося, як і ва ўсіх у нас, знаёмства з Васілём Быкавым па ягоных кнігах, раманах, гэтых аповесьцях, якія былі ня вельмі вялікія, але былі такія магутныя!
— Вы іх чыталі яшчэ ў «Новом мире» Твардоўскага?
— Большасьць чытаў. Усе мы тады «Новый мир» чыталі, але і Быкава чыталі. А потым гэтыя фільмы, «Узыходжаньне» па «Сотнікаву» — ён вельмі ўражваў, гэты фільм. «Знак бяды», і іншае... Ужо нават і забываюцца назвы, але кожная ягоная аповесьць была вельмі сур’ёзнай падзеяй. І ведаеце, што я хачу сказаць... Быў момант, калі ў часы перабудовачныя, калі шмат што асэнсоўвалася, калі шмат рабілася, каб з гонарам жыць, і неяк зрабіць краіну адкрытай, вольнай і шчасьлівай... Гэта, канечне, праект на тысячу гадоў, але ж тым ня менш яго трэба было пачынаць, і пачынаць трэба было. Можна ж было знаходзіцца ў тым стане, у якім мы былі, і загніваць паступова. А вось ён — перажываў.
І вось ён аднойчы даслаў мне ліст — па-мойму, і патэлефанаваў, і мы нават сустракаліся? Ня памятаю. Але памятаю дакладна ліст з подпісамі 25 чалавек — Міхаіл Сяргеевіч, дапамажыце, тут у нас такія глупствы робяцца, мы пазбавімся сваёй беларускай мовы. Я гэта зрабіў набыткам Палітбюро, і, канечне, падтрымаў яго ідэі, каб там не бюракратычна да гэтых пытаньняў падыходзілі.
Ня можа ж так быць, каб мы згубілі беларускую мову! Што б там начальства ні вырабляла... Так, ёсьць прыцягненьне да вывучэньня расейскай мовы, ну што ж, цудоўна. Мы любім беларусаў за адкрытасьць, за чэснасьць, за блізкасьць.
Ліст, які прыгадвае Гарбачоў, быў дасланы яму ў 1986 годзе. Насамрэч лістоў было тры, і напісалі іх прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.
«Першы „малы“ ліст (ліст 28-мі ад 15 сьнежня 1986 г.) пачынаўся подпісам Уладзіміра Содаля, — прыгадвае мовазнаўца і дзяржаўны дзеяч Пётра Садоўскі. — Другі „вялікі“ ліст (там было блізу 250 подпісаў) я падпісаў першы. Мне яго прынёс Мікола Купава. Тады гэта быў учынак».
Найбольш вядомы так званы «ліст 28-мі» (прыкметна, што і больш як праз паўтара дзясятка гадоў Гарбачоў зусім нязначна памыліўся, называючы колькасьць падпісантаў.
«Мы перажываем складаны пэрыяд у гісторыі беларускага народа — гаварылася ў ім, — калі патрабуюцца рашучыя дзеяньні па выратаваньні (менавіта выратаваньні, бо асобныя меры павярхоўна-касмэтычнага характару становішча ня выправяць) роднай мовы, роднай культуры, а такім чынам, беларускага народа ад духоўнага выміраньня».
Лісты пра беларускую мову да Гарбачова — гэта «крык душы» беларускай інтэлігенцыі, якая перабудову ўспрыняла як магчымасьць нарэшце сказаць пра сытуацыю, якая фармавалася дзесяцігодзьдзямі. Канешне, у лістах не ўжываўся тэрмін «гвалтоўная русыфікацыя», але факты, якія прыводзіліся аўтарамі, сьведчылі менавіта пра гэта («Удзельная вага мастацкай літаратуры (у друкаваных аркушах-адбітках), якія выпускаюць рэспубліканскія выдавецтвы на рускай мове, узрасла з 89,9% у 1981 г. да 95,8% у 1984 г.»).
Так званы «ліст 28-мі» падпісалі пісьменьнікі Вячаслаў Адамчык, Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Васіль Вітка, Аляксей Дудараў, Пімен Панчанка, Алесь Разанаў, актрыса Стэфанія Станюта, мастакі Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Леанід Шчамялёў, філёзаф Уладзімер Конан, гісторыкі Эдвард Зайкоўскі і Генадзь Каханоўскі.
Вікіпэдыя пазначае, што ліст «быў праігнараваны».
Насамрэч, рэакцыя была, і не абы-якая. Ліст, падпісаны, сярод іншых, героем сацыялістычнай працы і ляўрэатам Ленінскай прэміі Васілём Быкавым, Гарбачоў праігнараваць ня мог. Пакуль што невядома, у якіх фармулёўках наклаў на ім генэральны сакратар сваю рэзалюцыю (у расейскім «прэзыдэнцкім» архіве ён, безумоўна, захаваўся). Аднак з ЦК КПСС у Менск накіравалася камісія.
І тут ёсьць адзін аспэкт, пра які, здаецца, яшчэ ніколі не пісалі, але які адыграе істотную ролю ва ўзаемаадносінах вышэйшага партыйнага кіраўніцтва БССР з нацыянальным дэмакратычным рухам, які неўзабаве будзе створаны намаганьнямі найперш творчай інтэлігенцыі.
Я назваў бы яго «родавай траўмай» Яфрэма Сакалова.
Магчыма, пісьменьнікі, мастакі і акторы і не пісалі б Гарбачову аж тры лісты цягам кароткага часу, калі б мелі шанцы быць пачутымі атачэньнем 1-га сакратара ЦК Мікалая Сьлюнькова.
Кадравая палітыка Сьлюнькова ў гуманітарнай сфэры (адукацыя, навука, культура) была вынаходніцкай і арыгінальнай: на ключавыя пасады ён прызначаў людзей, якія ня мелі гуманітарнай адукацыі і мелі да яе мінімальнае дачыненьне ў сваёй папярэдняй кіраўнічай працы. Гэта былі фізыкі, матэматыкі, інжынэры, хто заўгодна — але не гісторыкі ці, напрыклад, філёлягі. Паказальна тое, што новапрызначаны адказны за ўсю «гуманітарную сфэру» сакратар ЦК Пячэньнікаў больш за год адмаўляўся сустрэцца зь пісьменьнікамі — падобна, проста ня ведаў, як зь імі трэба гаварыць.
Канечне, у гэтым можна было ўбачыць і станоўчы момант (як той казаў — «пазбаў нас Гасподзь і панскага гневу, і панскай любові»), але ў савецкай сыстэме практычна ўсе, у тым ліку і побытавыя праблемы, вырашаліся толькі з дапамогай начальства.
На пачатку лютага 1987 году Гарбачоў забраў Сьлюнькова ў Маскву, а на яго месца прызначыў Сакалова, першага сакратара Берасьцейскага абкаму. Сакалоў меў зорку Героя сацыялістычнай працы за перавыкананьне плянаў у сельскай гаспадарцы, найперш жывёлагадоўлі (пакінем па-за тэмай праблему экалягічнай бясьпекі гіганцкіх сьвінакомплексаў, якія былі «фішкай» Сакалова). Аднак у стаўленьні да пытаньняў культуры ён быў поўным прафанам (у чым мне пазьней давялося пераканацца ў часы працы ў Вярхоўным Савеце).
І тут — камісія з Масквы, з ЦК КПСС, ад самога Гарбачова. Фактычна, першы сурʼёзны іспыт для першага сакратара. І па якой справе прыехалі? Не па сурʼёзнай, кшталту прамысловасьці ці аграсэктару, а — па мове нейкай! Сказалі б у часы Брэжнева — не паверыў бы ніхто.
Таму рашэньне прынялі простае: камісію пераканаць, што ўсё ў парадку, з Быкавым, Панчанкам ды іншымі «народнымі» індывідуальна сустрэцца і ветліва паразмаўляць, ну, а з «простымі» падпісантамі...
«Падпісантаў выклікалі на гутарку ў ЦК КПБ, „абмяркоўвалі“ нашы паводзіны ў працоўных калектывах», — прыгадвае Пётра Садоўскі.
Натуральна, пра лісты тыя нідзе ў прэсе не паведамлялася. Аднак у адным з публічных выступаў Яфрэм Сакалоў заявіў, што беларуская мова мае поўную свабоду для ўжываньня і разьвіцьця. Захаваўшы на гады насьцярожанае стаўленьне да нацыянальнай інтэлігенцыі зь яе незразумелымі «крепким хозяйственникам» капрызамі.
І пры ўжо ўзгаданым Брэжневу ці Андропаву ў тэме можна было б паставіць кропку.
Але Гарбачоў працягваў аслабляць ланцугі партыйнага дыктату, грамадзтва ўсё шпарчэй мянялася.
У 1988 годзе часопіс ЦК камсамолу і Саюзу пісьменьнікаў Эстоніі «Vikerkaar» («Радуга»), які выходзіў адначасна на эстонскай і расейскай мове, публікуе артыкул Зянона Пазьняка «Двуязычие и бюрократизм» (тэкст памнажаўся на рататарах і перадаваўся з рук у рукі), людзі даведваюцца праўду пра Курапаты, увосень быў створаны Аргкамітэт БНФ, які дзяржаўнасьць беларускай мовы назваў адным з праграмных палажэньняў.
«Працэс пайшоў», як любіў казаць Міхаіл Сяргеевіч. У студзені 1990 году Вярхоўны Савет ХI скліканьня прыняў «Закон аб мовах», які вызначыў беларускую мову як адзіную дзяржаўную. Гэты ж статус быў замацаваны і ў Канстытуцыі, прынятай у 1994 годзе, у сакавіку.
А празь некалькі месяцаў прэзыдэнтам быў абраны Лукашэнка.
І на завяршэньне — яшчэ адна канстатацыя зь «ліста 28-мі» да Гарбачова, напісанага ў сьнежні 1986 году:
«Практычна няма ў Беларусі і кінэматографа на роднай мове. З паўтара дзясятка тэатраў у рэспубліцы толькі тры беларускія. Беларуская мова як працоўная мова і мова справаводзтва амаль не ўжываецца ні ў партыйных, ні ў савецкіх, ні ў дзяржаўных органах і ўстановах».
З таго часу прайшло больш як тры дзесяцігодзьдзі...
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.