Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правілы жыцьця Васіля Быкава


Васіль Быкаў. 1974 год
Васіль Быкаў. 1974 год

19 чэрвеня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэньня Васіля Быкава, беларускага пісьменьніка, публіцыста і грамадзкага дзеяча. Быкаў быў адным зь ініцыятараў стварэньня Беларускага народнага фронту, узначальваў Беларускі ПЭН-цэнтар і Згуртаваньне беларусаў сьвету.

Большасьць твораў Быкава — ваенныя аповесьці, у якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцьця.​

Свабода сабрала некаторыя выказваньні Васіля Быкава, якія адлюстроўваюць яго бачаньне сьвету і канцэпцыю дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі.​

Пра задачу літаратуры

Літаратура павінна не перастаючы біць у свае званы, настойліва абуджаючы ў людзях патрэбу ў высокай духоўнасьці, безь якой любы самы высокі прагрэс матэрыяльнай культуры не прынясе радасьці.

Пра якасьці чалавека

Сьмеласьць, адвага, пагарда да сьмерці — вось тыя асноўныя якасьці, якімі вызначаецца годнасьць воіна.

Пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут — трава.

Я ж засвоiў ад мацi занадта шмат мяккага, што мне неяк шкодзiла — на вайне i пасьля вайны.

Не перамогшы ў сабе карысталюбца, баязьліўца, не пераможаш ворага. Гэта пытаньне жыцьця і пытаньне гісторыі.

Порахам чалавека ня выхаваеш.

Каб зразумець сутнасьць сябра, трэ дачакацца, калі стане ён тваім начальнікам.

Магіла Васіля Быкава
Магіла Васіля Быкава

Пра мову

Я — беларус, мая родная мова — беларуская.

Пра нацыяналізм беларусаў

Нацыяналізм вялікай нацыі непазьбежна перараджаецца ў шавінізм і імпэрыялізм, а нацыяналізм малой нацыі, якім бы ён ні быў, накіраваны перш за ўсё на выжываньне сваёй нацыі сярод іншых. Горш за ўсё ў жыцьці — нявызначанасьць: яна адбірае волю да дзеяньня.

Пра пакаленьні

Чалавек сталага ўзросту вельмі рызыкуе, калі выносіць нейкія ацэнкі моладзі: яны заўсёды будуць несправядлівыя. Той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай ня стане.

Хацелася яшчэ дажыць да свабоды, ды тое, вiдаць, марнае памкненьне. Майму пакаленьню, як i шмат якiм папярэднiкам, свабоды ня бачыць. Хiба наступным...

Пра гісторыю

Нацызм і камунізм ёсьць два канцы адной палкі.

Праўда ў гісторыі — функцыя адназначная, зь яе робяць урокі. З хлусьні ніякіх урокаў ня зробіш, апроч новай хлусьні.

Пра Бога

Верыць у Бога — зусім ня значыць старанна маліцца ці рэгулярна выконваць абрады. Гэта хутчэй — мець Бога ў душы. І паступаць адпаведна. Адпаведна сумленьню, гэта значыць па-Боску.

Пра дэмакратыю і свабоду

Свабода — найбольшая маральна-фізычная каштоўнасьць, дадзеная кожнай жывой істоце фактам яе нараджэньня.

Дэмакратыя ў барацьбе з таталітарызмам ня мае адэкватных сродкаў.

Кожнаму наканавана прайсьці свой шлях да свабоды асобна.

Нельга спадзявацца на тое, што не заслужанае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG