Пра адну з самых трагічных старонак гісторыі Менску ў XX ст. і пра тое, што габрэям давялося перажыць пасьля, Свабодзе расказаў гісторык зь Ерусаліму, дасьледчык Галакосту ў Беларусі Леанід Сьмілавіцкі.
Як гэта было
Усяго былі тры буйныя пагромы ў Менскім гета. Першы ў лістападзе 1941 году. Немцы заўсёды іх прымяркоўвалі да нейкай даты. А пагром 2 сакавіка яны прымеркавалі да габрэскага сьвята Пурым. Гэта дзень, які паказвае моц і адраджэньне габрэйскага народу, расказвае Леанід Сьмілавіцкі.
«Гэта была паказальная, найбольш масавая акцыя, калі ў адзін дзень загінула столькі людзей. Іх вывезьлі ў душагубках, расстралялі ў розных месцах, галоўным чынам у Малым Трасьцянцы.
З гэтым днём зьвязанае і зьнішчэньне габрэйскага дзіцячага дому. Загінулі ня ўсе дзеці. Некалькі дзяўчынак схаваліся ў печцы, яны адтуль за ўсім назіралі. І гэты жах, пабачаны на ўласныя вочы, яны пранесьлі праз усё жыцьцё. Я быў знаёмы з такімі людзьмі. Яны расказвалі, як нацысты прыйшлі, душылі, стралялі, як тапталі ботамі». — гаворыць гісторык.
Лічыцца, што зь менскага гета ацалела каля 10 тысяч чалавек. Яно існавала зь ліпеня 1941 да кастрычніка 1943 году.
«Спачатку за вязьнямі ня вельмі пільнавалі, бо ведалі, што габрэям ня надта было куды ўцякаць. Магчыма, калі б гета праіснавала даўжэй, то і больш людзей бы ўратавалася. Але Сталін загадаў забіць Вільгельма Кубэ. Празь дзень, у якасьці помсты, нацысты забілі апошнія 10 тысяч са 100 000 людзей з гета. Лёс гэтых людзей не прымаўся пад увагу, калі плянавалася акцыя супраць Кубэ». — лічыць Сьмілавіцкі.
«Яма» — месца непажаданай памяці
«2 сакавіка 1942 году загінулі 5 тысяч чалавек. Але гэта ня значыць, што на гэтым месцы, там, дзе „Яма“, ляжыць 5000. Яны загінулі ў Трасьцянцы. „Яма“ — сымбалічнае пахаваньне, там пахавана некалькі сотняў целаў, а можа і менш. Але гэтае месца ў 1946 годзе было абранае сымбалічна, як знак памяці, да якога можна прыйсьці і схіліць галаву.
Гэтае месца было тады на ўскраіне Менску, недалёка ад габрэйскіх могілак. Гэта тэрыторыя гета, габрэйскі раён, і так вырашыла грамада, якая зьбірала ўсё, што засталося пасьля Галакосту ад габрэйскага Менску. Тады ішла барацьба за грамаду, за адкрыцьцё сынагогі, за рэгістрацыю. Усю гэтую працу ўзначальваў рабін Якаў Бэргер. Нейкім цудам быў атрыманы афіцыйны дазвол.
Цікава, дзе ўзялі камень для помніка. Гэта дарагі чорны мармур. Яго бралі, з адмысловага дазволу таго ж рабіна, на зьнішчаных могілках на вуліцы Сухой. Надпіс на гэтым помніку зрабілі на ідышы і тут жа прадублявалі на расейскай. І там наўпрост напісана, што ня „мірныя грамадзяне“, не „савецкія людзі“, а што загінулі габрэі, і паведамлялася, ад каго яны загінулі» — расказвае гісторык.
Тэкст, які прапанаваў тады Хаім Мальцінскі, ні ў кога пярэчаньняў ня выклікаў. У Менску ініцыятыву ўшанаваньня ўзяла на сябе група вернікаў на пачатку 1946 году. Аднак гарвыканкам адхіліў гэтую ініцыятыву на падставе таго, што ў згаданым месцы былі расстраляныя як вернікі, так і няверуючыя габрэі, расейцы, беларусы, украінцы і цыганы. Нягледзячы на гэта, у жніўні 1946 г. на брацкай магіле «Яма» ў Менску помнік быў усталяваны. Актыўны ўдзел у гэтым узялі начальнік Упраўленьня камунальнай гаспадаркі Менску Навум Гунін, начальнік Трэста добраўпарадкаваньня і азеляненьня Менску Іосіф Нісэнбаўм, загадчык майстэрняў пры трэсьце добраўпарадкаваньня і азеляненьня Мацьвей Фальковіч і дырэктар пахавальнага бюро Менску Аляксей Гальштэйн. Тэкст на ідышы напісаў Хаім Мальцінскі, а ўсімі працамі кіраваў старшы майстар пахавальнага бюро Мордух Спрышэн.
«Падчас адкрыцьця помніка адбыўся мітынг, чыталі Кадыш і была праведзена памінальная служба. У 1950 годзе Гунін, Нісэнбаўм, Фальковіч, Гальштэйн, Мальцінскі і Спрышэн былі арыштаваныя па абвінавачаньні ў касмапалітызьме і правялі пад сьледзтвам 11 месяцаў. Усе яны атрымалі па 10 гадоў папраўча-працоўных лягераў і былі адпраўленыя для адбыцьця пакараньня ў Пячорскі вугальны басэйн у Варкуту. Натуральна, свой тэрмін яны не даседзелі, іх вызвалілі ў 1956 годзе. Дарэчы, у тым жа годзе памёр і рабін Бэргер, першы і апошні рабін Менску пасьля вайны. Да 1987 году ў Менску была грамада, але не было рабіна». — кажа Сьмілавіцкі.
Нягледзячы на тое, што расстрэл быў 2 сакавіка, доўгія гаты пасьля вайны мітынгі там адбываліся 9 траўня. Калі народ сьвяткаваў, габрэі прыходзілі да гэтага месца.
«Дарэчы, у Менску была традыцыя, калі маладыя падчас вясельля ўскладалі кветкіда манумэнта перамогі на Круглай плошчы (плошча Перамогі. — РС). Габрэі ж прыносілі кветкі на «Яму». Я таксама, калі жаніўся, перад тым як пайсьці ў ЗАГС, паехаў з жонкай на «Яму». — кажа Сьмілавіцкі.
З 1971 году там пачаліся масавыя рэгулярныя мітынгі габрэяў. Гісторык узгадвае, што прыходзілі тысячы людзей. Некаторыя маладыя людзі прыходзілі, каб знайсьці сабе пару, бо там было шмат габрэйскай моладзі.
«Улады рэагавалі на гэта па-свойму. Мікрафоны выступоўцам забаранялі. Яны падганялі машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай і трансьлявалі песьні — «Хотят ли русские войны» і падобнае іншае. Пры гэтым нічога крамольнага тады не гаварылася, людзі проста расказвалі свае гісторыі, як яны перажылі Галакост». — расказвае гісторык. — Тое самае было летась у Менску, калі сотні тысяч людзей выходзілі ў горад пратэставаць, а праз гукаўзмацняльнікі ўключалі савецкія песьні».
Чаму памяць габрэяў не паважалі і пасьля вайны
Гэтая тэма, нягледзячы на тое, што павінна быць гучнай, дагэтуль не атрымала той увагі, якую павінна мець, лічыць Леанід Сьмілавіцкі. Паводле яго, савецкая ўлада вельмі доўга адмоўчвалася ад памяці пра Галакост.
«У савецкі час габрэі былі нязручнымі ў палітыцы інтэрнацыяналізму. Калі б давялося прызнаць Галакост, то трэба расказаць, як ён стаў магчымым. А ён стаў магчымым, паколькі сталінская нацыянальная палітыка сябе не апраўдала. 1,5 млн чалавек, былых савецкіх ваеннапалонных, удзельнічалі ў вайсковых фармаваньнях на баку немцаў. Габрэяў выдавалі, забівалі. І трэба было адказаць на пытаньне: як такое стала магчымым?
За паўстагодзьдзя пасьля вайны ў габрэяў забралі ўсё: культуру, гісторыю, рэлігію, традыцыю. Засталіся генатып і мэнталітэт. І гэтыя два моманты дазволілі адрадзіць габрэйства пасьля перабудовы. Як толькі межы адчыніліся, то 110 тысяч са 150 тысяч габрэяў выехалі». — кажа Сьмілавіцкі.
У Менску няма дагэтуль музэю ані габрэяў, ані Галакосту, ані Менскага гета. На думку гісторыка, усё таму, што трагедыя габрэяў Беларусі не зьяўляецца неад’емнай часткай трагедыі беларускага народу.
«Першая асоба дзяржавы, як, напрыклад, у краінах Балтыі, Украіне ці нават Расеі, заўсёды прыходзіць у дзень памяці Галакосту і аддае пашану загінулым. Гэта агульнае гора, ня толькі габрэяў, але і беларусаў. А Лукашэнка зьяўляўся там раз на 10 год. А апошні раз, два гады таму, ён прыслаў замест сябе міністра Макея, які прачытаў па паперцы тое, што яму падсунулі. Там гаварылася, што ў Беларусі сёньня існуе 500 помнікаў ахвярам Галакосту. Але ён забыўся дадаць, што дзяржава не паставіла аніводнага помніка за свой кошт. Гэта ўсё помнікі за сродкі спонсараў або выхадцаў зь Беларусі». — гаворыць гісторык.
Тое самае, на ягоную думку, з помнікамі праведнікам народаў сьвету, людзям, якія ратавалі габрэяў. У Беларусі ім няма аніводнага помніка, хоць тут больш за 900 афіцыйна прызнаных праведнікаў.
«У 2017 годзе на тэрыторыі канцлягера „Малы Трасьцянец“, там, дзе, па падліках, было забіта 250 тысяч чалавек, знайшлі некалькі дзясяткаў рэек, на якіх рабілі вогнішчы. Каб была цяга, каб паддувала. Дровы — целы, дровы —целы. Гэта была апэрацыя па зьнішчэньні сьлядоў масавых забойстваў. І што з гэтымі рэйкамі зрабілі? У 2017 годзе іх здалі на мэталалом людзі, якія рабілі мэмарыял.
На тэрыторыі былога гета ёсьць „Гістарычная майстэрня“. На нямецкія грошы там існуе навукова-асьветны цэнтар, які праводзіць вялікую працу. Кнігі, сустрэчы, распрацоўкі матэрыялаў для настаўнікаў. Немцы плацяць за яго арэнду. Замест таго каб аддаць габрэям габрэйскі дом, улады прапануюць нямецкаму фонду купіць яго па камэрцыйнай цане. Гэта адбываецца ў нашы дні.
Міністар Макей у сваім выступе казаў, што трагедыя габрэяў на тэрыторыі Беларусі — гэта неад’емная частка беларускай трагедыі і мы робім усё, каб захаваць гэтую памяць. Ці ж гэта ня прыклад крывадушнасьці? Калі гісторыю выкарыстоўваюць у палітычных мэтах, то зь яе атрымліваецца прапаганда», — гаворыць Леанід Сьмілавіцкі.
Паводле гісторыка, на ўсёй тэрыторыі мэмарыялу ў Трасьцянцы няма зоркі Давіда, на табліцах гаворыцца пра «жыхароў гета», нідзе не напісана пра беларускіх габрэяў. За ўвесь комплекс адказвае праваслаўная царква. Ён кажа, што менавіта таму на адкрыцьцё мэмарыялу адмовіўся прыяжджаць прэзыдэнт Ізраілю Рыўлін.
«І калі немцы і аўстрыйцы зьвярнулі на гэта ўвагу, то ім тады сказалі: або будзе так, або ніяк. Калі ў Беларусі адбудуцца перамены, то няма сумневаў, што гэтая тэма будзе адкрыта абмяркоўвацца і напоўніцца зьместам. Пакуль, на жаль, яна носіць парадны характар. Прадстаўнікі ўлады, рэлігійных супольнасьцяў, партызаны прыходзяць на ўшанаваньне. Гэта зацірае значнасьць трагедыі.
Хацелася б, каб гэтая дата ўсіх нас абразуміла, каб паказала, што мы стаім на мяжы прорвы, што калі людзі ня будуць размаўляць паміж сабой, калі ўлады ня будуць слухаць народ, то наступствы могуць быць вельмі кепскія. Гісторыя павінна ня толькі палохаць, яна павінна вучыць». — гаворыць гісторык Леанід Сьмілавіцкі.