Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былі і праведнікі, і здраднікі. Ці вінаватыя беларусы ў Галакосьце?


Міжнародны дзень ахвяраў Галакосту. Менск, 2016
Міжнародны дзень ахвяраў Галакосту. Менск, 2016

На трэцім паседжаньні інтэлектуальнага клюбу нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, якое адбудзецца 2 сакавіка, выступіць літоўская пісьменьніца Рута Ванагайце, аўтарка кнігі «Нашы» — пра тое, як літоўцы зьнішчалі габрэяў.

«У клюбе Алексіевіч — гісторык, кніга якой абурыла Літву»

Рута Ванагайце (Rūta Vanagaitė)
Рута Ванагайце (Rūta Vanagaitė)

Апанэнтам літоўскай пісьменьніцы будзе беларускі дасьледчык Аляксей Літвін, загадчык аддзелу ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Спадар Літвін у 2000 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Антысавецкія вайскова-паліцэйскія фармаваньні на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вытокі. Структура. Дзейнасьць».

Кніга Руты Ванагайце выклікала вялікія спрэчкі ў літоўскім грамадзтве: ад пісьменьніцы адвярнуліся сябры, а некаторыя наагул абвінавацілі яе ў здрадзе Радзіме.

Ці зьнішчалі беларусы габрэяў?

Дырэктар Гістарычнай майстэрні Кузьма Козак шмат гадоў вывучае гісторыю Галакосту. Кажа, што такія рэзанансныя прыклады ў Літве, у Польшчы, ва Ўкраіне па зьнішчэньні габрэяў мясцовым насельніцтвам былі зафіксаваныя, запратакаляваныя, ёсьць фатаздымкі. І ёсьць дакумэнт, што такое ж самае чаканьне было і ў Менску:

Кузьма Козак
Кузьма Козак

«Улады пісалі ў Бэрлін, што жыхары гораду Менску вось-вось пачнуць акцыі супраць габрэйскага насельніцтва. І яны ўсё чакалі-чакалі, але не дачакаліся. 7–8 лістапада 1941 году немцы і літоўскія паліцаі самі ўчынілі пагром, было зьнішчана каля 10 тысяч габрэяў. Ну, а потым далей яны пішуць у Бэрлін, што мясцовае насельніцтва практычна разам з габрэйскім, яно спачувае габрэям.

Тут трэба адзначыць яшчэ адну акалічнасьць: пры зьнішчэньні габрэйскага насельніцтва вельмі жудасныя паводзіны былі менавіта Літоўскага паліцэйскага батальёна — у менскім гета, у Трасьцянцы, у Слуцку. Літоўскія, латыскія батальёны прыбылі сюды. І народная памяць захавала якраз гэта. Казалі «нашы забівалі», маючы на ўвазе не беларусаў, а літоўскія, латыскія батальёны, таксама вельмі шмат было ўкраінскіх паліцэйскіх батальёнаў. Але ёсьць, канечне, выпадкі, калі дзейнічалі і мясцовыя паліцэйскія сілы.

прэзэнтацыя зборнікаў дакумэнтаў і навуковых публікацыяў пра акупацыйны рэжым, гісторыю Галакосту і антыфашысцкі супраціў у Беларусі ў гады Вялікай Айчынай вайны ў менскімГабрэйскім доме. Кузьма Козак і Вячаслаў Селяменеў
прэзэнтацыя зборнікаў дакумэнтаў і навуковых публікацыяў пра акупацыйны рэжым, гісторыю Галакосту і антыфашысцкі супраціў у Беларусі ў гады Вялікай Айчынай вайны ў менскімГабрэйскім доме. Кузьма Козак і Вячаслаў Селяменеў

Такіх масавых прыкладаў, як у нашых суседзяў, у Беларусі не было. Былі, канечне, асобныя выпадкі, калі беларус выдаў суседа-габрэя. Але мая выснова — мэнтальнасьць, талерантнасьць у беларусаў была самая, так бы мовіць, высокая. Я нават сам дзівіўся, адкуль гэта? Няўжо за савецкім часам так перавыхавалі людзей, што яны не пайшлі на такія ўчынкі? Таму што ў кожнай краіне, дзе зьяўляліся нацыянал-сацыялісты, адразу дзейнічала гэтая схема. А вось у Беларусі чамусьці такога не атрымалася. І я раблю такую выснову, што гэтая талерантнасьць ідзе з часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Паглядзіце на нашу архітэктуру. Толькі ў Беларусі ў любым мястэчку стаяць чатыры сымбалічныя духоўныя пабудовы: касьцёл, царква, сынагога, і калі ёсьць татарскае насельніцтва — мячэт. Нават у Менску так: на пляцы Волі былі і касьцёл, і царква, і так званая «халодная сынагога», якая была разбурана, а крыху далей, дзе цяпер гатэль «Юбілейны», стаяў мячэт. Тое самае і ў Міры, Нясьвіжы, іншых гарадах і мястэчках.

Мерапрыемства памяці ахвяраў Галакосту у Менску. Менск, 26 студзеня 2017 году
Мерапрыемства памяці ахвяраў Галакосту у Менску. Менск, 26 студзеня 2017 году

Можна прывесьці прыклад цяперашняй вёскі Гарадок пад Маладэчнам. Да вайны гэта было цалкам габрэйскае мястэчка, дзе былі дзьве сынагогі, каталіцкі касьцёл і праваслаўная царква. Дагэтуль там усё захавалася ў такім адметным стане: сынагога, дзейнічаюць касьцёл і царква, хоць у гэтай вёсцы пражывае каля 400 чалавек. Падчас вайны там зьнішчылі ўсіх габрэяў, ніводнага габрэя не засталося. І толькі цяпер пачынаецца пошук ідэнтычнасьці, пошук суседзяў. А мясцовыя жыхары два гады таму самі ўсталявалі камень памяці — надпісы на беларускай мове і на ідыш.

Я лічу, што ў Беларусі сытуацыя вельмі адрозьніваецца ад той, што была ў нашых суседзяў. Да таго ж габрэі знаходзілі дзіўны паратунак у Беларусі. Ну колькі маглі суседзі, якіх потым прызналі праведнікамі, хаваць у сябе габрэяў? Ну, пару тыдняў, месяц. А потым яны ішлі хавацца ў партызанскія зоны. Самыя калектыўныя змаганьні габрэйскія — не якія-небудзь, а нацыянальныя — былі ў нас, у Беларусі: і падпольле, і габрэйскія партызанскія атрады. Так што ў Беларусі сытуацыя вельмі адрозьнівалася ад літоўскай».

Хто зьнішчаў менскае гета?

Доктар гістарычных навук, прафэсар, дасьледчык Галакосту Эмануіл Ёфэ сьцьвярджае, што ў Літве ў вайну была самая высокая ступень антысэмітызму:

Эмануіл Ёфэ
Эмануіл Ёфэ

«Як толькі пачаліся ваенныя дзеяньні, калі немцы яшчэ нават не ўступілі ў Літву, мясцовыя жыхары склалі сьпісы ўсіх габрэяў і пачалі іх зьнішчаць — без загаду немцаў. А потым ужо немцы далучыліся. Тое, што адбылося ў мястэчку Едвабнэ Беластоцкага ваяводзтва, дзе менавіта мясцовыя жыхары ўчынілі пагром габрэяў — такое ў Літве было ў маштабах краіны. 97% габрэйскага насельніцтва Літвы было зьнішчана.

Калі шчыра казаць, то на першым месцы па зьнішчэньні габрэяў — літоўцы, за імі латышы, потым украінцы (асабліва Заходняя Ўкраіна), палякі. Дарэчы, Едвабнэ знаходзілася тады на тэрыторыі Беларусі — у Беластоцкай вобласьці, якае ўваходзіла ў склад БССР. І пазьней бальшыня насельніцтва не хацела прызнаць, асабліва духавенства, што менавіта палякі ўчынілі габрэйскі пагром.

У зьнішчэньні менскага гета актыўны ўдзел бралі літоўцы і ўкраінцы. Паліцэйскі батальён Антанаса Імпулявічуса вывезьлі ў Беларусь. Гэта, канечне, балюча чуць цяперашнім літоўцам, але гэта горкая праўда.

Што да Беларусі, і тут былі такія асобныя прыклады. Зразумела, што маштаб зусім іншы. Да прыкладу, у Калінкавіцкім раёне ў Юравічах мясцовая паліцыя зьнішчала габрэяў. У Старадароскім раёне мне жудасную гісторыю расказалі мясцовыя жыхары, якім нападпітку прызнаўся адзін чалавек, што ён спачатку згвалціў вельмі прыгожую габрэйскую дзяўчыну, а потым яе забіў. Гэта цяжка ўсьведамляць і цяжка прызнаваць».

У Беларусі тэму Галакосту заглушаюць

У Беларусі на гэтую тэму Галакосту накладзена табу, — такую думку выказаў дасьледчык, доктар гістарычных навук, прафэсар Эмануіл Ёфэ:

«Неяк я выступаў на канфэрэнцыі і сказаў, што частка народу выдавала, дапамагала зьнішчаць габрэяў. І акадэмік-сакратар аддзяленьня грамадзкіх навук і мастацтваў НАН Аляксандар Каваленя запярэчыў: маўляў, мой бацька дапамагаў, ратаваў габрэяў. Я ж не казаў канкрэтна — хто, а казаў, што частка насельніцтва...

Аднойчы я вітаў новых праведнікаў сьвету, якія ратавалі габрэяў, і сказаў, што ў некалькі разоў больш было тых, хто выдаваў. Але ў залі ўзьнікла такая напружанасьць! У нас гэтую тэму заглушаюць. Зьнішчылі амаль усю габрэйскую нацыю — больш за 800 тысяч габрэяў. І мы маўчым, у нас гэтая тэма замоўчваецца. На першым месцы ў нас гераізм. А горкая праўда мала каму патрэбная.

Ілюстрацыйнае фота. Магілёўскія габрэі згадваюць ахвяраў катастрофы, 23 кастрычніка 2011 году
Ілюстрацыйнае фота. Магілёўскія габрэі згадваюць ахвяраў катастрофы, 23 кастрычніка 2011 году

Літоўская дасьледчыца Рута Ванагайце набралася мужнасьці і напісала праўдзівую кнігу. Зразумела, гэта ня ўсім падабаецца. Тое, што зрабіла літоўская дасьледчыца Рута Ванагайце, заслугоўвае павагі. Гэта вельмі сьмелы, сумленны, мужны ўчынак. Таму што многія ведаюць гэта, але маўчаць. Некаторыя баяцца. Першы прэзыдэнт Літвы Альгірдас Бразаўскас у 1995 годзе падчас візыту ў Ізраіль папрасіў прабачэньня за ўдзел літоўцаў у Галакосьце.

А вось што ў Беларусі знойдзецца такі мужны, сьмелы, сумленны дасьледчык — я ня ўпэўнены».

***

Падчас Другой усясьветнай вайны ў Літве забілі 200 тысяч габрэяў. Да моманту нападу Нямеччыны на СССР у Літве пражывала ад 225 до 265 тысяч габрэяў (каля 7 тысяч габрэяў у чэрвені 1941 году былі высланыя ў Сыбір падчас масавай дэпартацыі насельніцтва).

У Беларусі падчас вайны было забіта 805 тысяч габрэяў (715 тысяч беларускіх і 90 тысяч з замежжа — зь сямі краінаў Эўропы). Напярэдадні вайны ў Беларусі пражывала 990–995 тысяч габрэяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG