Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін беларускі праваабаронца стаў падазраваным у крымінальнай справе


Зьміцер Салаўёў, архіўнае фота
Зьміцер Салаўёў, архіўнае фота

Увечары 1 сакавіка ў Менску затрымалі праваабаронцу і сябра Рады Праваабарончага цэнтру «Вясна» Зьмітра Салаўёва, які напярэдадні выйшаў на волю пасьля адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронцу даставілі ў Сьледчы камітэт, дзе дапыталі ў якасьці падазраванага ў крымінальнай справе паводле арт. 342 «Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Пасьля допыту Зьмітра Салаўёва адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру.

16 лютага ў дом Салаўёва пад Менскам уварваліся АМАП і ГУБАЗіК. У яго правялі ператрус у межах той самай справы, у якой ён цяпер праходзіць падазраваным, і канфіскавалі тэхніку.

Пасьля ператрусу праваабаронцу затрымалі і білі. 18 лютага яго асудзілі на 12 дзён арышту за ўбудаваны бэтонны барэльеф з Пагоняй, што судзьдзя суду Менскага раёну Анжаліка Казлова палічыла «пікетаваньнем».

28 лютага праваабаронцу вызвалілі з ізалятара часовага ўтрыманьня, а ўжо празь дзень зноў затрымалі для допыту.

Гэта чарговы прадстаўнік праваабарончай супольнасьці, які зазнаў рэпрэсій у апошнія тыдні. 16 лютага па ўсёй Беларусі пракацілася хваля ператрусаў у кватэрах і офісах праваабаронцаў, журналістаў і прафсаюзных актывістаў.

У СІЗА-1 у Менску знаходзіцца каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова. Яе вінавацяць паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці».

12 лютага Рабковай прад’явілі новыя абвінавачаньні ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці да ўлады нявысьветленых асобаў» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК).

Таксама пад вартай знаходзяцца гомельскія праваабаронцы Марыя Тарасенка і Леанід Судаленка. Ім інкрымінуюць той самы артыкул, паводле якога завялі справу супраць Зьмітра Салаўёва.

Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін пасьля ператрусаў і пагроз быў вымушаны часова пакінуць краіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG