ЗША
18 лютага свае санкцыйныя сьпісы пашырылі ЗША, у сьпісы трапілі яшчэ 43 афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі, адказныя за парушэньне дэмакратыі і рэпрэсіі. Гэтае рашэньне прынялі ў адказ на прысуд журналісткам Кацярыне Бахвалавай і Дар’і Чульцовай. Журналістак асудзілі на 2 гады зьняволеньня.
У Дзярждэпартамэнце ЗША не ўдакладнілі сьпіс асобаў, у дачыненьні якіх увялі санкцыі, адзначылі толькі, што «гэта высокапастаўленыя чыноўнікі сэктару юстыцыі, кіраўнікі сілавых органаў». Гэта ня першыя санкцыі, якія ЗША ўводзіць супраць прадстаўнікоў беларускай улады. Агулам у сьпісе ўжо 109 чалавек. Перадусім, гэтым асобам забаронены ўезд у ЗША. Вядома, што ў сьпісы трапіў намесьнік кіраўніка МУС Генадзь Казакевіч, а таксама такія структуры, як спэцназ КДБ «Альфа», ЦВК і АМАП.
Вялікая Брытанія
18 лютага дадатковыя санкцыі супраць уладаў Беларусі ўвяла Вялікая Брытанія. У санкцыйны сьпіс дадалі кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, генпракурора Андрэя Швэда, старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву, міністра інфармацыі Ігара Луцкага, судзьдзю Алену Жывіцу ды іншых чыноўнікаў і прадстаўнікоў сілавой ды судовай сыстэмы.
Раней у санкцыйным сьпісе Вялікай Брытаніі былі 61 прадстаўнік уладаў Беларусі, значыць, цяпер у ім 88 чалавек.
Эўразьвяз
Эўразьвяз увёў ужо тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе ЭЗ цяпер 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генпракурор Андрэй Швэд і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісій.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў:
- ЗАТ «Белтэхэкспарт»
- «Дана Холдынгз/Дана Астра»
- Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
- ТАА «Сінэзіс»
- ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод»
- ААТ «140-ы рамонтны завод»
- ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».
Таксама ЭЗ цалкам спыніў фінансаваньне любых дзяржаўных структур і праграм у Беларусі. Да санкцый Эўразьвязу далучыліся яшчэ 5 краін:
- Альбанія,
- Ісьляндыя,
- Нарвэгія,
- Паўночная Македонія,
- Чарнагорыя.
Канада і Швайцарыя
Гэтыя краіны ўводзілі свае санкцыйныя сьпісы супраць уладаў Беларусі, а пасьля далучыліся да санкцый ЭЗ. Санкцыйныя сьпісы амаль такія ж, як прыняў ЭЗ.
Латвія
Некаторыя краіны ЭЗ у дадатак да агульных санкцый Эўразьвязу маюць свае санкцыйныя сьпісы. Самы вялікі сьпіс у Латвіі. У яго ўваходзяць 159 асобаў, сярод іх міністар спорту Сяргей Кавальчук і ягоны намесьнік Міхаіл Партны, кіраўнік фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітры Баскаў, а таксама спартовец Дзьмітры Шакута. Людзей, падобных да іх, бачылі ў двары, дзе быў пабіты і схоплены Раман Бандарэнка, які пасьля памёр.
Эстонія
У эстонскім санкцыйным сьпісе 156 чалавек, сярод іх Аляксандар і Віктар Лукашэнкі, кіраўнікі сілавых ведамстваў, а таксама судзьдзі.
Літва
У санкцыйным сьпісе Літвы цяпер 148 асобаў, сьпіс у многім падобны да латвійскага і эстонскага. Апроч іншага, Літва актыўна выказваецца супраць куплі энэргіі зь БелАЭС і лабіюе гэтае рашэньне ў ЭЗ.
Таксама, як і іншыя краіны ЭЗ, Літва далучылася да аульных санкцый ЭЗ.