Праваабаронцы Марыі Рабковай прадʼявілі два новыя абвінавачваньні, паведаміла «Вясна».
- Распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады нявысьветленых асобаў (ч. 3 арт. 130 КК).
- Удзел у злачыннай арганізацыі (ч. 2 арт. 285 КК).
Цяпер Марыі пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Новыя абвінавачваньні ёй прад’явілі неўзабаве пасьля дэманстрацыі па БТ фільма пад назвай «Траціл пратэсту», у якім даводзіцца пра, нібыта, датычнасьць Праваабарончага цэнтру «Вясна» ў цэлым і Марыі Рабковай у прыватнасьці да нейкай тэрарыстычнай дзейнасьці.
Як адзначыла сама Марыя Рабкова, «прадэманстраваны сюжэт зьяўляецца хлусьнёй і лухтой, паколькі мяне ніколі не арыштоўвалі на мяжы за нібыта падпал будынка ва Ўкраіне 5 гадоў таму, а падчас падпалу невядомымі будынка падатковай інспэкцыі ў Гомлі 4 гады таму я была незаконна і прэвэнтыўна затрыманая напярэдадні „антыдармаедзкіх маршаў“ і адбывала адміністрацыйны арышт».
Паводле праваабаронцаў, Марыя лічыць гэта жаданьнем ачарніць яе і Праваабарончы цэнтар «Вясна». На гэта паказвае і крымінальная справа супраць гомельскіх праваабаронцаў.
Таксама яна лічыць, што праз сканчэньне тэрміну следзтва паводле мінулага абвінавачаньня патрэбна была нагода пакінуць яе за кратамі на няпэўны тэрмін, як тое ўжо было зроблена з палітыкам Міколам Статкевічам і блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Сябра Рады ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначыў, што «спробы прыцягнуць Марыю Рабкову да адказнасьці па арт. 130 КК за нібыта распальваньне варажнечы да такой няіснай асобнай сацыяльнай групы, як супрацоўнікі міліцыі, дзяржаўныя чыноўнікі ці іншыя прадстаўнікі дзяржаўнай улады, зьяўляецца яскравым прыкладам прававой непісьменнасьці сьледчых СК, паколькі гэта супярэчыць міжнародным стандартам свабоды выказваньня меркаваньня».
Валянтэрку Праваабарончага цэнтру «Вясна» затрымалі 17 верасьня ў Менску разам з мужам, калі яны вярталіся з урачыстага ўзнагароджаньня «Вясны» польскай прэміяй «Арол» імя Яна Карскага. Рабкову пакінулі пад вартай і неўзабаве прад’явілі ёй абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Па такім артыкуле чалавеку пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.
У абарону Рабковай і з заклікам да беларускіх уладаў аб неадкладным вызваленьні праваабаронцы выступілі беларуская праваабарончая супольнасьць, спэцдакладчыкі ААН і шэраг міжнародных арганізацый. Amnesty International абвясьціла тэрміновую акцыю, патрабуючы ад беларускіх уладаў яе неадкладнага вызваленьня.
Ад траўні 2020 году 18 сябраў «Вясны» зьведалі ціск і перасьлед, уключаючы адміністрацыйныя арышты, за сваю актыўную праваабарончую дзейнасьць, 4 сябры «Вясны» і валянтэры цяпер знаходзяцца ў СІЗА.