Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Судаленка з турмы: «Праходжу курсы падвышэньня кваліфікацыі праваабаронцы»


Леанід Судаленка, лістапад 2019 году
Леанід Судаленка, лістапад 2019 году

Вядомага праваабаронца Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня. Ляўрэата прэміі Францускай Рэспублікі «Свабода, роўнасьць, братэрства» трымаюць у гомельскім СІЗА за «арганізацыю і фінансаваньне масавых беспарадкаў». Так органы расцанілі ягоную дапамогу рэпрэсаваным беларусам.

Леанід Судаленка ў турме ўжо 37 дзён.

У некаторыя дні ён атрымлівае па 15–20 лістоў і стараецца ўсім адказаць.

Фрагмэнт ліста ад Леаніда Судаленкі
Фрагмэнт ліста ад Леаніда Судаленкі

Што з крымінальнай справай?

Крымінальную справу сьледчыя пачалі па частцы 1 і частцы 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяньнях, фінансаваньне масавых беспарадкаў.

Па частцы 1 артыкула 342 максымальнае пакараньне — 3 гады пазбаўленьня волі. Па частцы 2 — да двух гадоў.

«Са сьледзтвам я адмовіўся супрацоўнічаць, бо абвінавачаньне абсурднае. Больш яны мяне не чапалі. Маю справу з Гомля забраў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту — у сталіцу. Наўрад ці я паеду ўсьлед за справай, але нічога нельга выключаць. Пакуль я тут, дый ставяць мне ў віну арганізацыю «рознага» ў Гомлі і вобласьці, а не ва ўсёй Беларусі. Але раптам «гарачыя галовы», якія мяне «замовілі», хочуць зрабіць на мне кар’еру? Хто ведае? «Ну, я першы раз, „дзіцё малалетняе“, год скіне мне гуманны суд, служыў у войску ў 18 гадоў, адслужу і ў 55?!», — піша праваабаронца.

Як там у турме?

«Што тут? Нічога. А 6-й ранкам пад’ём, 22.00 — адбой. Трохразовае харчаваньне, паўтары гадзіны — шпацыр ва ўнутраным дворыку пад дахам на трэцім паверсе. У камэры чатыры чалавекі. Ляжаць днём забаронена, толькі сядзець. Па серадах — душ, зьмена бялізны. Можна перадачы, мець грошы на рахунку і нешта замовіць з унутранай крамы. Грошы дасылаюцца пераводам праз пошту па адрасе і дадзеных чалавека. Можна мець кіпяцільнік і рабіць гарбату ці каву», — піша Леанід Судаленка.

У камэры ўвесь час гарыць сьвятло. Ноччу нельга хадзіць, апроч як у прыбіральню. «А яшчэ дзяжурства ў камэры. Гэта значыць, што пры праверцы ранкам і вечарам дзяжурны даносіць інфармацыю да начальства і ўсе шыхтуюцца, рукі за сьпінамі», — зазначыў праваабаронца.

Фрагмэнт ліста ад Леаніда Судаленкі
Фрагмэнт ліста ад Леаніда Судаленкі

Што з інфармацыяй звонку?

Праваабаронца чытае кнігі, якія перадалі яму з волі. Сябра дасылаў яму раздрукоўкі беларускіх навін, але іх не прапусьцілі. «Так што пішыце пра надвор’е, як зімуюць у Антарктыдзе белыя мядзьведзі і ці не хварэюць на грып кенгуру ў Аўстраліі», — жартуе палітзьняволены.

У камэры круглыя суткі грае дзяржаўнае радыё. На момант 11–12 лютага там была галоўная навіна — Усебеларускі сход. «Казалі, што дэлегаты атрымаюць у падарунак партфэлі з выявай дзяржаўнага гербу (не Пагоня), праграму разьвіцьця краіны на пяцігодку і маскі ад каранавірусу. Я неяк у 2006 годзе ледзь ня трапіў на хурал, ды мяне своечасова раскусілі ды звольнілі з працы», — з гумарам згадвае Леанід Судаленка.

«Пішу і слухаю навіны з радыё, што работнікам культуры, мэдыцыны і адукацыі ў найбліжэйшыя пяць гадоў заробак падвысяць у два разы! З жахам гэта слухаю... Бо сёньня сур’ёзны чалавек ня возьмецца рабіць прагнозы да канца году. Узгадваю сваю маладосьць і абяцаньні лідэраў КПСС выдаць у 2000 годзе кожнай сям’і асобную кватэру. Дзе той КПСС і дзе мая кватэра?» — піша палітвязень.

Чаму ён у турме?

«Я тут праходжу курсы падвышэньня кваліфікацыі праваабаронцы. Вобшук у мяне дома прайшоў 5 студзеня, а затрымалі мяне 18 студзеня. Гэта значыць, што ў мяне было 13 дзён, і іх мне далі, відавочна, для таго, каб я зьехаў з краіны. Скажу шчыра — такую прапанову я меў, і надзейную на 100%. Я сказаў, што ад сябе не пабягу. Пайду ў суд і буду даказваць сваю невінаватасьць. Калі 15 студзеня намесьнік міністра ўнутраных спраў Казакевіч пракамэнтаваў публічна мае вобшукі — я ўпэўніўся, што будуць арыштоўваць. І зноў не пабег... Хоць у мяне было тры дні. Як вы ведаеце, у тыя дні я напісаў падрабязны ліст на выпадак майго арышту. Ня мелі яны права на мой арышт да суду, па частцы 2 артыкула 342. Але зьявілася і першая частка... Права і закон у маім выпадку сышлі ў незаплянаваны адпачынак... П’еса падышла да антракту, у буфэце ўсё зьелі і выпілі, а гледачы не разыходзяцца. Калі я тут па частцы 1 артыкула 342, то закон пакуль адпачывае, для мяне яго няма. Значыць, я буду сядзець, пакуль ён ня зьявіцца», — піша Леанід Судаленка.

«З намі праўда. А яна, як вядома, заўсёды адна. І калі з намі Бог — то хто супраць нас?» — падсумаваў праваабаронца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG