За люты па крымінальных артыкулах пакаралі як найменей 102 чалавекі, зь іх 88 мужчын і 14 жанчын,піша сайт «Вясны». Да пазбаўленьня волі ў выхаваўчай калёніі асудзілі траіх няпоўнагадовых: Мікіта Залатароў атрымаў 5 год зьняволеньня, Віталь Прохараў і Дзьмітры Стрыжак па 2 гады.
Больш за ўсё палітычна матываваных выракаў вынесьлі ў Менску і Менскай вобласьці. Найчасьцей у лютым людзей каралі пазбаўленьнем волі — 49 прысудаў, амаль пароўну — «хіміяй» і «хатняй хіміяй». Тройчы суды выносілі штрафы і арышты ў крымінальных справах.
У ходзе разгляду крымінальных спраў у лютым, як і ў папярэднія месяцы, абвінавачаныя распавядалі пра недазволеныя мэтады вядзеньня сьледзтва: заявы пра катаваньні прагучалі ў паказаньнях Мікіты Харловіча, Івана Красоўскага, Аляксея Лапы, Андрэя Пазьняка, Вадзіма Гурмана. Але суды пакінулі такія заявы без усякай рэакцыі.
Занепакоенасьць праваабаронцаў выклікалі суворыя прысуды па артыкуле за ўдзел у «масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293 КК): толькі за люты вядома мінімум аб 12 прысудах, дзе фігуранты атрымалі ад 3,5 да 8 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Юрысты «Вясны» прааналізавалі таксама крымінальныя справы аб гвалце або пагрозе ўжываньня гвалту (арт. 364 КК) і супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў (ч. 2 арт. 363 КК). Экспэрты адзначаюць, што крымінальная адказнасьць па артыкуле аб гвалце і супраціве міліцыянту можа наступаць толькі ў выпадку, калі яго дзейнасьць носіць законны і правамерны характар.
Важна адзначыць, што шкода ад дзеяньняў, за якія грамадзяне абвінавачваліся па крымінальных справах аб гвалце (15 выракаў за люты) і супраціве (2 выракі), носіць сымбалічны характар: цялесныя пашкоджаньні супрацоўнікаў у большасьці выпадкаў не адносяцца да катэгорыі тых, што прывялі да страты працаздольнасьці.
Самае суворае пакараньне за люты прызначылі Аляксандру Кардзюкову зь Берасьця — 10 год пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён быў сьведкаў падзей у выніку якіх берасьцеец Генадзь Шутаў загінуў ад агнястрэльнага раненьня, якое атрымаў позна ўвечары 11 жніўня, падчас акцыі пратэсту ў абласным цэнтры. 25 лютага ў Берасьці абласны суд прызнаў Аляксандра Кардзюкова вінаватым у супраціўленьні асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак, а таксама ў спробе забойства.