Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці вынеслі першыя выракі за карагод падчас акцыі пратэсту


Карагод у Берасьці 13 верасьня 2020 году
Карагод у Берасьці 13 верасьня 2020 году

25 лютага ў Берасьці абвясьцілі прысуд першым дзесяці абвінавачаным у крымінальнай справе аб пратэставым карагодзе на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і бульвару Касманаўтаў. Акцыя адбылася летась 13 верасьня.

Судзьдзя Сьвятаслаў Каліна прызнаў усіх дзесяцёх вінаватымі ў актыўным удзеле ў «групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, што пацягнула парушэньне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый», паведамляе Tut.by.

Трое асуджаных маюць адправіцца на «хатнюю хімію»:

  • 1,5 года прысудзілі 25-гадовай настаўніцы замежных моў Марыне Глазавай і Яраславу Ярашуку, як і прасіў пракурор.
  • 1 год далі 20-гадовай студэнтцы 3 курсу філфаку БДУ Марыне Сірэцан, у яе выпадку судзьдзя зьменшыў тэрмін, які прасіў пракурор, той на 3 месяцы больш.
  • Мікалай Федарэнка, Яўген Калпачык, Аляксей Якубук, Віктар Дзенісенка, Віталь Літвін асуджаны да накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімію») на 1,5 года кожны.
  • Максім Жараў і Вадзім Варановіч атрымалі па 2 гады «хіміі».

Усіх гэтых людзей асудзілі ў поўнай адпаведнасьці з тэрмінамі, якія прасіў пракурор.

Усяго па «карагоднай справе» праходзяць больш за 50 фігурантаў. Судзяць абвінавачаных групамі па 10 чалавек, іх вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за «актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, што пацягнула за сабой парушэньне работы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый».

Наступных 10 чалавек прывязуць у суд на наступным тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG